На палігоне Берасьцейскі — менш як у 6 км ад Польшчы — 29 верасьня пачаліся тактычныя вучэньні беларускай 38-й дэсантна-штурмавой брыгады і расейскага парашутна-дэсантнага палка, піша Міністэрства абароны Беларусі.
«Задумай вучэньняў прадугледжаная адпрацоўка вучэбна-баявых задачаў пры вядзеньні супольных спэцыяльных дзеяньняў падразьдзяленьняў сілаў спэцыяльных апэрацыяў і паветрана-дэсантных войскаў па пошуку, блякаваньні і зьнішчэньні незаконных узброеных фармаваньняў і дывэрсійна-выведных групаў умоўнага праціўніка ў мэтах стабілізацыі становішча ў прызначанай зоне адказнасьці», — апісвае вучэньні Мінабароны.
Актыўная фаза вучэньняў пройдзе 1–5 кастрычніка ў 6 раёнах Берасьцейскай вобласьці з удзелам да 1500 вайскоўцаў і 200 адзінак узбраеньняў і тэхнікі, да 10 адзінак авіяцыі. Вучыцца будуць дзеяньням у цёмны час ва ўмовах «складанай радыёэлектроннай абстаноўкі», засвойваць новыя станцыі радыёэлектроннай барацьбы, вучыцца дэсантавацца з новай парашутнай сыстэмай, правяраць боегатоўнасьць БТР і мінамётаў.
- 137-ы парашутна-дэсантны полк 106-й паветрана-дэсантнай дывізіі паветрана-дэсантных войскаў Расеі, які прыехаў у Беларусь, вядомы перадусім тым, як у 1990 годзе ўдзельнічаў у «крывавым студзені» ў азэрбайджанскім Баку — здушэньні антысавецкіх і антыармянскіх пратэстаў, у якім былі забітыя 137 чалавек. Тады 106-й дывізіяй камандаваў вядомы ў Расеі генэрал Аляксандар Лебедзь.
- 106-я дывізія таксама ўдзельнічала ў абедзьвюх Чачэнскіх войнах.
- 137-ы полк, сьцьвярджае Informnapalm, удзельнічаў у расейскай агрэсіі на ўкраінскім Данбасе.