Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«БульбашЪ»: Каму не падабаецца нашая назва, той распальвае варожасьць


Выява са старай вэрсіі сайту «БульбашЪ»

Цяпер актывісты «Стоп-бульбаш» будуць патрабаваць «нармальную» лінгвістычную экспэртызу слова «бульбаш» і зьбіраюцца прапанаваць заканадаўчую забарону рэгістрацыі абразьлівых таварных знакаў.

Паліттэхноляг Аліна Нагорная і юрыст Ігар Случак, вядомы ў інтэрнэце пад мянушкай «моўны інспэктар», у межах кампаніі «Стоп-бульбаш» выслалі запыты гарэлачнаму заводу «БульбашЪ».

Ігар Случак і Аліна Нагорная
Ігар Случак і Аліна Нагорная

Яны прасілі не ўжываць слова, якое лічаць абразьлівым для беларусаў, і прапаноўвалі перайменаваць прадукцыю. У адказ яны атрымалі лісты ад дырэктара заводу Міхаіла Лявончыка, у якіх бачаць ня толькі адмову, але і пагрозу.

У лістах Нагорнай і Случаку, якімі тыя падзяліліся са Свабодай, дырэктар заводу сьцьвярджае, што таварны знак зарэгістраваны адпаведна беларускім законам, у ім ня выяўлена «супярэчаньняў публічнаму парадку, прынцыпам гуманнасьці і маралі» (п.5.3 арт.4 закону «Аб таварных знаках»).

«Наданьне вамі гэтаму слову адмоўнай нацыянальнай афарбоўкі скіраванае на распальваньне міжнацыянальнай варожасьці, прыніжэньне нацыянальнага гонару і годнасьці, — піша Міхаіл Лявончык. — Таму хацелі б вас перасьцерагчы ад такога памылковага і небясьпечнага шляху».

А Акадэмія навук кажа, слова «бульбаш» можа мець абразьлівы характар

Раней Нагорная і Случак атрымалі вынікі экспэртызы мянушак нацыянальнасьцей ад Інстытуту мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук. У той экспэртызе пастанавілі, што слова «бульбаш», (таксама як «жыд» і «хахол») — слова з дваістай эмацыйна-экспрэсіўнай афарбоўкай, адмоўнай і станоўчай («маскаль» і «нігер» — «з выразна нэгатыўнай канатацыяй», а «лабус», «пшэк» і «хач» — «без нэгатыўнай канатацыі»).

Ды яны засталіся незадаволенымі тым, як праводзілася экспэртыза, называлі яе «ненавуковай», «павярхоўнай» і «дылетанцкай». Так, станоўчае значэньне слова «бульбаш» навукоўцы знайшлі ня ў слоўніках, а толькі ў Вікіпэдыі, якую можа рэдагаваць любы ахвочы – і там не было спасылкі на крыніцу такога сьцьверджаньня.

Цяпер Случак і Нагорная, як яны расказваюць Свабодзе, зьбіраюцца «праверыць» тую экспэртызу, спытаць Інстытут мовазнаўства, «ці падабаецца ім спасылацца на Вікіпэдыю», і патрабаваць «нармальнай экспэртызы.

Яны заўважаюць, што блянк заводу «БульбашЪ», на якім прыйшоў адказ, парушае Інструкцыю па справаводзтве, бо мае толькі расейскамоўную вэрсію «шапкі» з рэквізытамі, таму Случак і Нагорная зьбіраюцца скардзіцца на кампанію ў Менаблвыканкам.

Акрамя таго, яны зьбіраюцца прапанаваць Палаце прадстаўнікоў і Міністэрству гандлю прыняць забарону на рэгістрацыю абразьлівых і не адпаведных моўным нормам назваў, а таксама прыняць патрабаваньне адпаведнасьці таварных знакаў нормам беларускай і расейскай моваў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG