Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб не капаць бульбу». Чаму беларускія дзеці ідуць вучыцца ў польскія школы?


Польскае школьнае таварыства ў Горадні
Польскае школьнае таварыства ў Горадні

Усё больш дзяцей у Беларусі вучаць польскую мову або ідуць у польскамоўныя школы. Каб ведаць родную мову і традыцыі, хутчэй набыць кватэру, быць больш талерантным або зьехаць у Злучаныя Штаты? Іхныя бацькі і самыя школьнікі расказалі, навошта.

Летась па-польску вучыліся 13 тысяч дзяцей

Летась 13 тысяч дзяцей у Беларусі вывучалі польскую мову, паведаміў старшыня Польскага школьнага таварыства Станіслаў Сянкевіч. Найбольш умоваў для гэтага створана ў Горадзенскай вобласьці. Тут і працуюць толькі дзьве ў краіне агульнаадукацыйныя школы з польскай мовай навучаньня ў Горадні (№ 36) і ў Ваўкавыску (№ 8). У іх вучацца менш за 900 дзяцей.

Да таго ж дзейнічаюць Польскае школьнае таварыства («Polska Macierz Szkolna»), польская школа імя Яна Паўла ІІ і школа пры неафіцыйным Саюзе палякаў Беларусі. У гэтыя недзяржаўныя ўстановы ідуць зь пятай клясы. Прадметы на выбар: гісторыя, культура, геаграфія, матэматыка, фізыка, хімія, біялёгія, абавязковая польская мова і літаратура. Усё па-польску.

Сёлета бацькі дамагліся, каб у горадзенскую школу № 36 набралі тры першыя клясы, а ня дзьве, як раней. У школе імя Яна Паўла ІІ апошнія два гады набіраюць па 11 адзінаццатых клясаў, да таго было амаль удвая меней — 6.

Вольга Камягіна, маці: «Мне не падабаецца сыстэма адукацыі ў Беларусі»

Вольга Камягіна
Вольга Камягіна

Ейны сын Арцём ходзіць у шостую клясу расейскамоўнай школы ў Горадні. Пасьля школы наведвае заняткі ў Польскім школьным таварыстве. Цяпер — па дзьве гадзіны двойчы на тыдзень. Далей лекцыяў будзе больш: да 4-5 у дзень.

Вольга сама скончыла «Macierz» і кажа, што польская мова ёй прыдаецца ў працы і проста ў жыцьці.

Маці хацела аддаць сына зь першай клясы ў польскамоўную школу, аднак перадумала, бо далёка ад дому. Жартуе, што рашэньне прыняла, як толькі малы нарадзіўся.

«Мы хочам, каб ён паступаў у Польшчу, — распавядае яна. — Мне не падабаецца, што ў нас ёсьць разьмеркаваньне. Думаю, з польскай адукацыяй будзе больш шанцаў уладкавацца і там, і тут. Мы яшчэ добра вучым ангельскую мову, каб трапіць на праграмы абмену — павучыцца год у іншай краіне.

Для іншаземцаў у Польшчы ёсьць бясплатныя месцы са стыпэндыяй. Мне важна, каб у дзіцяці было нармальнае студэнцкае жыцьцё, калі ты на выходныя зможаш паехаць на мора, паляцець у іншую краіну, паехаць на практыку ў Нарвэгію.

Від з акна Польскага школьнага таварыства
Від з акна Польскага школьнага таварыства

Мне не падабаецца сыстэма адукацыі ў Беларусі: капаць бульбу, гэтая ідэалёгія, не выходзіць на акцыі. Яна падобная да савецкай, а якасьць ніжэйшая. Не схадзіў на імпрэзу БРСМ — табе не паставілі залік, схадзіў на мітынг (а ён мае права хадзіць на мітынгі) — адлічылі з унівэрсытэту.

Калі Арцём быў малы, мы зьезьдзілі ў Польшчу на летнік, на мора. Яму там спадабалася. Ён пачуў, што я размаўляю па-польску. Ён вельмі загарэўся. Захацеў паступаць у Польшчу.

Яму цяпер сапраўды ў «Macierzy» вельмі цікава. Зусім іншае выкладаньне. Нікога не прымушаюць. Сшыткі яны могуць весьці якія-хаця, а ня як у школе. Іх нямнога ў клясе. Езьдзяць на экскурсіі.

У канцы году разам ідуць у касьцёл, хоць мой праваслаўны. Ён схадзіў, сказаў пасьля: «Аказваецца, можна маліцца так, як ты хочаш, а ня так, як табе кажуць». На Раство сьвяткуюць, робяць пастаноўку. Ён там цалкам заняты. Такой традыцыйнасьці няма ў звычайнай школе.

Сёлета Польскае школьнае таварыства адзначыла стагодзьдзе існаваньня
Сёлета Польскае школьнае таварыства адзначыла стагодзьдзе існаваньня

Дыплём Польскага школьнага таварыства цэніцца ў Польшчы, нашыя польскія школы там ведаюць. Вынікі ЦТ залічваюць пры паступленьні. Экзамэны ў Польшчы і ў Беларусі ў розны час. Калі што, будзе шанец аддаць дакумэнты ў беларускую ВНУ.

Калі ён зьедзе жыць у Польшчу — калі ласка. Я буду да яго ў госьці прыяжджаць. Арцём ведае, што ў 18-19 гадоў ягонае фінансаваньне тут заканчваецца. Калі ён будзе студэнтам тут, яму трэба будзе дужа эканоміць, ісьці працаваць.

Вольга і сын Арцём
Вольга і сын Арцём

Я касмапаліт. Я люблю сваю радзіму, але жыць магу, дзе заўгодна. Калі ён убачыць, што ў яго там атрымліваецца, то будзе жыць там. Ня бачу нічога кепскага.

Вядома, ёсьць шкурны інтарэс — знайсьці там працу з большым заробкам. Там ты зможаш узяць крэдыт на кватэру пад 4%, а не пад 19-20% як у нас. Чалавек мусіць жыць там, дзе ў яго больш камфортныя ўмовы.

Калі ў яго ня будзе атрымлівацца, то я ключы ад дому не памяняю. Калі ня здолее адаптавацца, у кожны момант зможа забраць дакумэнты і вярнуцца ў Беларусь».

Арцём Думчаў, школьнік: «Там шмат творчых заданьняў»

Арцём Думчаў з маці Вольгай
Арцём Думчаў з маці Вольгай

Ходзіць у шостую клясу расейскамоўнай школы, наведвае Польскае школьнае таварыства, 11 гадоў.

«Мне падабаецца, што можна ў бібліятэцы ўзяць кнігу на польскай мове, каб падцягнуць навык, як ты гаворыш. Падабаюцца настаўнікі. Яны спачатку кажуць па-польску, а потым тлумачаць сэнс таго, што сказалі, але таксама па-польску. Мне зразумела. Вельмі падобна да беларускай мовы.

Бібліятэка ў Польскім школьным таварыстве
Бібліятэка ў Польскім школьным таварыстве

Там шмат творчых заданьняў: намаляваць, напісаць твор, паспрабаваць нешта новае. У звычайнай школе гэта ня часта заўважыш. Амаль на кожных занятках у нас ёсьць творчае заданьне. Яны лепшыя, бо яны больш разьвіцьцёвыя, больш зразумелыя. Праз малюнак мы вывучаем культуру Польшчы, празь пісьмовы твор — геаграфію, гісторыю або мову.

У нас часта ідзе праца ў групе: намаляваць малюнак на ватмане ўсім разам. Потым мы выходзім і прэзэнтуем іх, атрымліваем адзнакі.

У канцы году ў польскай школе кожнаму даюць падарунак: дыскі, салодкі пачастунак.

Не падабаецца тое, што досыць доўга ідуць заняткі — амаль паўтары гадзіны.

Спачатку мне не падабалася, бо было незразумела, што кажуць. Але калі чытаў, было больш зразумела. Цяпер усё задавальняе.

Я хацеў бы паступіць у Польшчу. Думаю, там лепшая адукацыя, больш разьвіцьцёвая. Ня ведаю, ці хачу застацца жыць у Польшчы. Яшчэ пяць гадоў чакаць да заканчэньня школы».

Натальля, маці: «Вучацца, бо атмасфэра»

Старэйшы сын паступіў ва ўнівэрсытэт у Польшчы, малодшае дзіця вучыцца ў польскамоўнай школе ў Горадні.

Польскамоўная школа ў Горадні
Польскамоўная школа ў Горадні

«Мы палякі па нацыянальнасьці. Але не размаўляем на польскай мове ў сямʼі. Мае дзеці там вучацца не таму, што навучаньне па-польску, а праз атмасфэру, якая пануе ў школе.

Я заўважаю, што дзеці з польскамоўнай школы і зь іншых школаў — абсалютна розныя, па-іншаму сябе паводзяць. Нашыя больш талерантныя да іншых. Сучасны сьвет поўны жорсткасьці і злосьці. У нашай школе вялікі адсотак дзяцей-інвалідаў. Аддалі дзяцей туды, каб нашае вельмі злое грамадзтва менш траўмавала іх.

Старэйшага аддалі ў польскую школу, каб даць яму нагрузку, бо ён умеў перад школай чытаць, пісаць, лічыць.

Школа жыве традыцыямі. Раство адзначаюць у клясе з настаўнікамі, бацькамі, сябрамі, як дома. Можа, іх яшчэ вера стрымлівае рабіцца жорсткімі. Шмат семʼяў каталікоў, ёсьць іншыя веравызнаньні.

Ня ведаю, ці хачу, каб малодшы паступаў у Польшчу. Бо з узростам іншыя каштоўнасьці. Хочацца, каб дзіця было побач.

Старэйшы ў захапленьні ад навучаньня. Калі студэнты пішуць курсавую па хіміі, то пад іхную працу замаўляюць патрэбныя рэчывы, рэактывы. У іх болей практыкі.

Польская школа невялікая. Імавернасьць таго, то дзецям давядзецца ўдзельнічаць у конкурсах, алімпіядах, імпрэзах, высокая. Хочаш ня хочаш, мусіш удзельнічаць у школьным жыцьці, быць актыўным».

Ганна Пажэцка, маці і настаўніца: «Мы — польская сямʼя»

Ганна Пажэцка
Ганна Пажэцка

Старэйшая дачка вучыцца ў Варшаве, малодшая ходзіць у 4 клясу польскамоўнай школы ў Горадні. Сама Ганна выкладае ў польскай школе імя Яна Паўла ІІ.

«Нашыя дзеці вучацца па-польску выключна таму, што ёсьць магчымасьць навучацца на роднай мове. Мы польская сямʼя. Дзяцей з моманту нараджэньня мы вучылі размаўляць выключна па-польску. Гэта нашае моцнае перакананьне. Грахом было б не аддаць дзяцей у польскамоўную школу.

Для нас гісторыя і традыцыі — неадʼемная частка нас. Мы сьвяткуем і каталіцкія, і дзяржаўныя польскія сьвяты: 11 лістапада, 3 мая, адзначаем 17 верасьня. Нашыя дзеці ведаюць, што гэтая дата азначала для іхных дзядоў: ня толькі тое, пра што кажуць у тэлебачаньні і па радыё, але што 17 верасьня ў іх адабралі ўсё.

Кожнае рашэньне свайго дзіцяці я ўшаную: ці захоча паехаць у Польшчу, ці ў Амэрыку. Калі б мы самі хацелі выехаць, мы б выехалі. І я, і мой муж вучыліся ў Польшчы як студэнты. Мелі магчымасьць там застацца, але нашая малая радзіма нас прыцягнула. Мы любім Горадню.

Паступленьне — гэта рашэньне дзяцей. Але калі выхоўваць дзяцей у такіх традыцыях, як мы, то натуральна, што яны захочуць вучыцца па-польску далей, замацаваць свой сьветапогляд.

Нашыя дзеці без праблем камунікуюць зь іншымі людзьмі. Расейскую мову яны ведаюць, зь беларускай ім цяжэй. Гэта для іх адзін з самых цяжкіх прадметаў, як і ангельская мова».

Алена Дубоўская, дырэктарка школы: «У Польшчу паступаюць каля 90% навучэнцаў»

Дырэктарка польскай школы імя Яна Паўла ІІ Алена Дубоўская распавяла, што ў гэтым навучальным годзе да іх прыйшлі 650 чалавек. Па заканчэньні іхнай школы каля 75% дзяцей паступаюць у ВНУ са стыпэндыяй польскага ўраду. Астатнія — дзякуючы сваім польскім караням. Усяго каля 90% навучэнцаў.

​«У пятай клясе прыходзяць для агульнага разьвіцьця. Яшчэ бацькі і дзеці ня ведаюць, ці дзеці будуць паступаць. А ўжо з 8-9 клясы ідуць з мэтай паступленьня», — кажа Аліна Дубоўская.

Станіслаў Сянкевіч, Польскае школьнае таварыства: «Попыт ёсьць»

Старшыня Польскага школьнага таварыства Станіслаў Сянкевіч заўважыў, што ў дзяржаўных школах усё менш польскай мовы, адпаведна ўсё больш дзяцей ідзе ў прыватныя школы.

Аўдыторыя для заняткаў у Польскім школьным таварыстве
Аўдыторыя для заняткаў у Польскім школьным таварыстве

«Попыт ёсьць, і людзі шукаюць, дзе вучыцца. У прыватных школах польскай мове цяпер вучацца больш. Раней яшчэ ў чатырох школах гораду можна было вучыць польскую мову. Цяпер толькі адна дзяржаўная школа. Няма статыстыкі, колькі вучняў паступаюць у Польшчу. Эўразьвяз не дае нам зьвестак. Але прыкладна гэта 50-70% навучэнцаў», — патлумачыў Станіслаў Сянкевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG