Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп выказаў гатоўнасьць сустрэцца з прэзыдэнтам Вэнэсуэлы, адмовіўся ад сустрэчы з прэм’ерам Канады


Нікаляс Мадура з жонкай
Нікаляс Мадура з жонкай

Нікаляс Мадура зьбіраецца выступіць з прамовай «у абарону праўды Вэнэсуэлы» з трыбуны ААН. Трамп сказаў, што ён гатовы сустрэцца «з кім заўгодна», каб дапамагчы людзям.

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп выказаў перад журналістамі гатоўнасьць сустрэцца з прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Нікалясам Мадурам, які 26 верасьня прыбыў у Нью-Ёрк дзеля ўдзелу ў Генэральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

«Вядома, я адкрыты, я гатовы сустрэцца з кім заўгодна, — сказаў Трамп наконт сустрэчы з Мадурам. — Мы зьбіраемся дапамагчы Вэнэсуэле; калі ён тут і калі ён хоча сустрэцца... Я гэтага не плянаваў, аднак калі я магу дапамагчы людзям, то менавіта дзеля гэтага я тут і знаходжуся».

Трамп таксама заявіў, што гатовы да «любых варыянтаў» наданьня дапамогі Вэнэсуэле ў выхадзе з эканамічнага і палітычнага крызісу.

Як піша Reuters, прадстаўнікі Белага дому пакуль заявілі, што сустрэча кіраўнікоў ЗША і Вэнэсуэлы не плянуецца, а Міністэрства інфармацыі Вэнэсуэлы не адказала на запыт Reuters. Яшчэ ў 2017 годзе прадстаўнікі Белага дому казалі, што сустрэча Трампа і Мадуры магчымая толькі тады, калі Вэнэсуэла зноў стане дэмакратычнай краінай.

Мадура плянуе выступіць з трыбуны Генэральнай асамблеі ААН з прамовай, каб «абараніць праўду Вэнэсуэлы, данесьці голас нашай радзімы». Так ён сказаў на відэа, зьнятым на борце прэзыдэнцкага самалёту перад вылетам у Злучаныя Штаты і апублікаваным у афіцыйным твітэры. Разам зь ім ляціць ягоная жонка Сылія Флёрэс, супраць якой ЗША толькі што — 25 верасьня — увялі санкцыі.

Сустрэча з Трудо не адбудзецца праз гандлёвую спрэчку

Паводле Reuters, Трамп заявіў, што адмовіў канадзкаму прэм’ер-міністру Джастыну Трудо праз павольныя перамовы пра NAFTA — паўночнаамэрыканскае пагадненьне аб вольным гандлі.

Прадстаўнік Трудо заявіў з гэтай нагоды, што Канада «ні аб якой сустрэчы не прасіла», і адмовіўся ад далейшых камэнтароў.

Трамп, сярод іншага, пагражаў падвысіць мыты на канадзкія аўтамабілі, бо канадзкія тарыфы, казаў ён, занадта высокія і не абмяркоўваюцца. Ён дадаў: «Мы вельмі незадаволеныя перамовамі і стылем перамоваў Канады, нам таксама вельмі не падабаецца іхны прадстаўнік».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG