Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржкантроль: Міністэрства энэргетыкі магло зэканоміць 120 мільёнаў даляраў


Камітэт дзяржаўнага кантролю распавёў пра вынікі праверкі абгрунтаванасьці выдаткаў. Міністэрства магло заашчадзіць больш за 120 мільёнаў даляраў, гэта магло б зьнізіць сабекошт энэргарэсурсаў і тарыфы для спажыўцоў.

Чаму не заашчадзілі?

  1. «Нізкімі тэмпамі» мадэрнізавалі цепласеткі, тлумачылі гэта недахопам сродкаў.
  2. Да рамонту сыстэмаў цеплазабесьпячэньня прыцягваюцца прыватныя камэрцыйныя структуры, пры гэтым ведамства мае ўласную спэцыялізаваную службу.
  3. Дапусьцілі растрату падчас закупу матэрыялаў і дэталяў.
  4. Не аналізавалі рэзэрваў для зьніжэньня выдаткаў на прадпрыемствах энэргетыкі.
  5. Замінала цяперашняя схема фінансаваньня канцэрну «Белэнэрга».
  6. Не «аптымізавалі колькасьць» пэрсаналу ў арганізацыях энэргасыстэмы.
  7. Выдаткоўвалі грошы на аб’екты, якія не выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці. Напрыклад, кацельні «Кедышкі» і «Арлоўская» ў Менску.
  8. Утрымоўвалі стратныя сацыяльныя абʼекты. Напрыклад, сталоўкі, загарадныя базы адпачынку, аздараўленчыя і спартовыя комплексы ў падпарадкаваньні «Віцебскэнэрга».
  9. Праводзілася закупка дарагіх аўтамабіляў (у тым ліку праз «заліковыя схемы» за даўгі па энэргарэсурсах).
  10. Шмат выдаткавалі на будаўніцтва новага офісу «Белэнэрга» (туды ўжо ўклалі каля 2,9 млн даляраў, агулам праект ацэньваецца ў 9 млн).

Лукашэнка абураўся працай Мінэнэрга

У звароце да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і народу 24 красавіка Аляксандар Лукашэнка абураўся працай Мінэнэрга, пасьля чаго ў міністэрстве паведамілі пра звальненьне генэральнага дырэктара канцэрну «Белэнэрга» Яўгена Воранава.

«Вы чулі, як працуе ў нас міністар энэргетыкі і міністэрства. Нават вялікія начальнікі невядома якіх там канцэрнаў (цяпер разьбіраюся з гэтай структурай) запілі настолькі, што забыліся хадзіць на працу, — сказаў Лукашэнка. — Як толькі выкінулі на вуліцу (даўно гэта трэба было зрабіць), абаронцы ад прэм’ер-міністра да хатніх гаспадыняў пабеглі да прэзыдэнта — абараняць, які ён добры, пакуль ня тыцнулі носам у тыя праблемы, якія там існуюць».

Таксама падчас таго звароту Лукашэнка скрытыкаваў маштабныя інвэстыцыйныя праекты, якія зь невядомых прычын замарозіліся: заводы ў Сьветлагорску і Добрушы. Больш за 10 мільярдаў даляраў укладзена ў АЭС, а дагэтуль, паводле Лукашэнкі, і невядома, як станцыя будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны.​

Патупчык быў прызначаны міністрам энэргетыкі ў красавіку 2013 году, пасьля звальненьня за «правалы ў кіраваньні энэргетычнай галіной» ягонага папярэдніка Аляксандара Азярца. Тады адначасова з Азярцом Лукашэнка звольніў першага намесьніка міністра энэргетыкі Эдуарда Таўпянца і генэральнага дырэктара «Белэнэрга» Аляксея Шырму.

Да прызначэньня міністрам энэргетыкі Ўладзімер Патупчык ня меў дачыненьня да гэтай галіны. З 2006 па 2009 год Патупчык узначальваў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Менавіта пры ім былі скасаваныя льготы для пэнсіянэраў і чарнобыльцаў, студэнтаў. У 2009 годзе Патупчык стаў віцэ-прэм’ерам — адказваў ва ўрадзе за сацыяльную сфэру. У 2011 годзе ён быў прызначаны намесьнікам старшыні Савету рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG