Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Расеі ня здолела адказаць «Новай газеце» на ўсе «нестыкоўкі» ў дакумэнтах пра «Боінг»


Дакумэнты адносна крушэньня малайзійскага «Боінга» над Данбасам, прадстаўленыя Міністэрствам абароны Расеі 17 верасьня 2018

Міністэрства абароны Расеі настойвае на сапраўднасьці прадстаўленых ім раней на гэтым тыдні дакумэнтаў аб ракеце, якой, як сьцьвярджае расейскае вайсковае ведамства, быў зьбіты малайзійскі «Боінг» над Данбасам у ліпені 2014 году.

Шэраг «нестыковак» у дакумэнтах, якія, паводле сьцьвярджэньняў расейскага вайсковага ведамства, павінны сьведчыць аб недатычнасьці Масквы да катастрофы «Боінга», выявіла раней «Новая газета». Выданьне зьвярнула ўвагу, што Мінабароны замест арыгіналу «фармуляру на рухавік» прадставіла «адноўлены арыгінал» гэтага дакумэнту, датаваны 14 студзеня 1986 году. Між тым, у самім гэтым дакумэнце датай вытворчасьці ракеты названа 24 сьнежня 1986 году.

У паведамленьні, апублікаваным на сайце Міністэрства абароны, гаворыцца, што тэрмінам «адноўлены арыгінал» абазначаецца ня пэўны дакумэнт, а «эталённы фармуляр», зь якога тыражаваліся дакумэнты для кожнага асобніка ракет. Гэты фармуляр нібыта быў створаны 14 студзеня 1986 году. Што здарылася з арыгіналам фармуляру і навошта спатрэбілася замяняць яго адноўленым арыгіналам — Мінабароны не ўдакладняе. Гаворыцца толькі, што ён «прыйшоў у непрыдатнасьць».

Мінабароны не адказвае на іншае пытаньне, зададзенае «Новай газетай» — аб неадпаведнасьці почыркаў і колеру чарніла на адным з дакумэнтаў.

17 верасьня Міністэрства абароны Расеі прадставіла журналістам дакумэнты, у якіх сьцьвярджаецца, што ракета, зь якой, паводле дадзеных міжнароднага сьледзтва, быў зьбіты «Боінг», нібыта была пастаўленая ва Ўкраіну ў 1986 годзе, з чаго робіцца выснова, што за гібель пасажырскага ляйнэра нясе адказнасьць Украіна. Расейскае вайсковае ведамства сьцьвярджае, што перадало ўсе дакумэнты міжнароднай сьледчай групе.

Украінскія прадстаўнікі называюць сьцьвярджэньні Мінабароны Расеі «фэйкам» і хлусьнёй. Міжнародная сьледчая група заявіла, што вывучыць дакумэнты, нагадаўшы пры гэтым, што раней Мінабароны Расеі ўжо выступала з хлусьлівымі сьцьвярджэньнямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG