Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суткі праз трое. Пра што мараць беларускія вартаўнікі і вахтары


59-гадовая Любоў, якая працуе вахтарам у інтэрнаце
59-гадовая Любоў, якая працуе вахтарам у інтэрнаце

Чым займаюць галовы і рукі тыя, хто мае працу, але нічога ня робіць? Сьпяць? Нельга. Сядзяць, утаропіўшыся ў столь? Сумна. Кожны з нашых герояў — «пяты беларус», які жыве менш як на 300 рублёў у месяц, паводле афіцыйнай статыстыкі.

З вартаўнікамі і вахтарамі Свабода пагутарыла пра начныя заняткі і мары.

«Начная праца дала магчымасьць прачытаць сур’ёзныя кнігі»

57-гадовы Юры Клімовіч мае вышэйшую адукацыю. Працаваў эканамістам, інжынэрам, дзесяць гадоў кіраваў фірмай. Займаўся грамадзкай дзейнасьцю. Пасьля актыўнага ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі ў 2010 годзе займеў праблемы.

«На паверхню раптам усплылі такія грахі юнацтва, пра якія я даўно забыўся. Усё гэта ў патрэбны час пэўнымі органамі прыгадалася і выцягнулася на паверхню. Страціў шмат грошай. Але катастрофы не адбылося. Калі не лічыць, што я адышоў ад грамадзкай дзейнасьці. Калі б не зрабіў гэтага — была б катастрофа», — разважае Юры.

Цяпер ён начамі вартуе маёмасьць прыватнай кампаніі.

У 52 гады Юры ажаніўся. Сёньня, у 57, гадуе з жонкай чацьвёра дзяцей. Малодшай яшчэ няма трох месяцаў. «Жыцьцё насычана эмоцыямі, пазытыўныя пераважаюць. Нягледзячы на матэрыяльныя праблемы. Мне пашанцавала з жонкай — яна праблему з матэрыяльных нягод не стварае, такі чалавек. Таму зь ёй лёгка ў гэтым сэнсе», — дзеліцца Юры.

Пасьля зьяўленьня малых дзяцей ён ня мог працаваць з 8 ранку да 7 вечара. Тады давялося б кінуць дзяцей і хатнюю гаспадарку на жонку. Таму Юры знайшоў аптымальную на цяперашнім этапе жыцьця працу. Хоць і з малым заробкам.

На працу ён бярэ ноўтбук і атрымлівае асалоду ад сурʼёзных кніг, клясычнай музыкі. «Людвіга Шпора палюбіў апошнім часам. Яго засьціў Бэтховэн», — зазначыў Юры.

Нядаўна ён чытаў расейца Аляксандра Дугіна («Мэтафізыка добрай навіны») і амэрыканскага філёзафа Элвіна Тофлера.

Ён тлумачыць: калі чалавек уцягнуты ў штодзённае жыцьцё, то прачытаць сурʼёзную кнігу немагчыма. Трэба адвесьці пэўны час, «здабыць» цішыню, засяродзіцца. Для чытаньня сурʼёзных кніг праца вартаўніком ідэальная.

Ён марыць, каб ягоныя дзеці ня мелі праблем. Марыць пра «больш шырокую дзейнасьць» — пакуль здароўе дазваляе. «У палітычным сэнсе я ўжо баюся, каб мае мары зьдзейсьніліся. Мне здаецца, што так будзе лепш, а ці будзе яно добра? Гляджу на тое, што робіцца ў сьвеце, і сумняваюся», — сьмяецца Юры.

«Ці ж мы марылі, што будзем так жыць?»

44-гадовая Сьвятлана вымушаная езьдзіць на працу зь вёскі ў горад. Ужо тры гады яна працуе ў прыбіральні на вакзале, па сутках. У горад езьдзіць зарабляць грошы і яе муж.

«У вёсцы працы няма ніякай. Раней у нас былі і садок, і школа, і калгас. Цяпер усё пазачынялі — адна крама засталася. Такія лугі былі ў нас, рыбалка», — бядуе жанчына.

Яна ня памятае, пра што марыла ў дзяцінстве. Але дакладна не пра цяперашняе жыцьцё. «Ці ж мы думалі, ці марылі, што будзем сёньня жыць так?» — кажа Святлана.

Ноччу яна сядзіць, слухае радыё, «абапёршыся то на адну руку, то на другую».

«Рух — гэта жыцьцё. Але тут асабліва не парухаесься. Радыё люблю слухаць — Першы нацыянальны канал. Тут і музыка, і віншаваньні, і перадачы. Я яго і дома пастаянна ўключаю — калі вару, яшчэ што на кухні раблю», — дзеліцца жанчына.

Для яе галоўнае — моцнае здароўе. Пра астатняе Сьвятлана ня марыць. «Усё астатняе ня важна».

«Ноччу на могілкі прыяжджаюць з гораду на таксі»

62-гадовы Аляксей вартуе могілкі за горадам. Мужчына жыве ў вёсцы, працы там няма. «Ці падабаецца мне тут? Што тут можа падабацца?» — сьмяецца вартаўнік. Але пералічвае плюсы працы: ціха, спакойна, начальства добрае. Ноччу з Аляксеем адзінае жывое стварэньне — сабака Барсік.

«Часам у горадзе панапіваюцца, бяруць таксі і едуць сюды сярод ночы — памінаць ці што», — кажа Аляксей. У 90-х ён меў бізнэс, але потым «прыкрылі». Маглі і пасадзіць. «Галоўнае — умець добра хавацца. Пра мяне пыталіся: дзе Лёша? Людзі кажуць: на могілках. Тыя думалі, мо памёр, і адчапіліся», — жартуе вартаўнік.

Да размовы далучаецца Аляксандар — ён таксама працуе на могілках. Калега дзеліцца назіраньнямі за пахаваньнямі. Тут знаходзяць апошні прытулак мусульмане, хрысьціяне, габрэі, атэісты. «І сэктантаў розных хаваюць. Паглядзіш спачатку — падобныя да праваслаўных. Потым прыгледзісься — ажно не», — зьдзіўляецца Аляксандр.

Ён заўважыў, што ў мусульманаў і габрэяў традыцыі пахаваньня захоўваюцца строга, «яны робяць усё канкрэтна».

«А ў праваслаўных то так, то так. То накрываюць твар, то не. У бацюшкі спыталіся — чаму так? А той кажа: мы ў розных школах вучыліся. Мы людзям падказваем, бо ведаем: трэба спачатку вадзічкай пакрапіць. А яны кажуць — не, нам бацюшка па-іншаму сказаў рабіць! А некаторыя дык нават цагліны пад падушку нябожчыку клалі. Некаторыя — каменьчыкі на вочы», — расказваюць Аляксей і Аляксандр.

Яны былі сьведкамі шматлікіх спрэчак на могілках, да боек даходзіла — за спадчыну, кватэры, маёмасьць.

Аляксей заўважыў — вяскоўцы хаваюць сваякоў больш душэўна, шмат плачуць. Гарадзкія менш. Багатыя ці бедныя — «ямы для ўсіх аднолькавыя».

«Я чалавек няверуючы. Лічу, што пасьля сьмерці жыцьця няма, так што мне абыякава. Мне толькі дзяцей шкада, калі хаваюць. Мне няма розьніцы, дзе мяне пахаваюць. Лепш, каб спалілі, ды ў нас няма крэматорыя», — разважае Аляксандр.

Часам наведнікі ня толькі паміж сабой разборкі чыняць на могілках, але і на работнікаў кідаюцца. «Нам замовілі паслугу — упрыгожыць яму тканінай, драпіроўка называецца. Нейкі дзед прыехаў, са сваякоў, схапіў тую тканіну і мне ў твар кінуў. А я пры чым?» — кажа Аляксандр.

Ён кажа, што на нябожчыкаў не глядзіць — няма калі. За дзень праходзіць каля сямі пахаваньняў. Мужчыны кажуць, шмат людзей сёлета паміралі ў сакавіку. І цяпер пачалі больш паміраць. З чым зьвязана, яны ня ведаюць: «Можа, клімат у нас такі».

Паводле супрацоўнікаў могілак, вельмі рэдка тут хаваюць старых. У асноўным — людзей 1960-1970-х гадоў нараджэньня. «Маладыя паміраюць. Старых мала хаваем», — кажуць мужчыны.

Стварыў на працы «начны офіс праваабаронцы»

Алесю — 60. Чацьвёрты год працуе вартаўніком. Кажа, няма выйсьця. Мае дзьве вышэйшыя адукацыі — інжынэрную і юрыдычную. Але палітычная біяграфія — «чорная метка» для працадаўцаў. У 90-я ўзначальваў гомельскі БНФ. У тыя часы Алесь з аднадумцамі стварыў у Гомлі гуманітарны ліцэй і амаль тры гады кіраваў ім.

«Безумоўна, я марыў не пра тое, каб тут быць, вартаваць. Мне падабалася займацца ліцэйскай справай. Мы былі маладыя, гарэлі беларушчынай. У ліцэй выкладчыкі самі прасіліся, навучэнцы былі матываваныя...» — з сумам успамінае цяперашні вартаўнік.

У нулявых ён атрымаў юрыдычную адукацыю, быў рэгіянальным кіраўніком Беларускага Хэльсынскага камітэту. У працоўнай кніжцы пра тыя часы застаўся ўспамін — пячатка БХК з Пагоняй. «Пагоня — таксама чорная метка для працадаўцаў. Як убачаць, ня хочуць зьвязвацца», — кажа Алесь.

Чатыры гады таму працаваў намесьнікам дырэктара па гаспадарчай частцы ва ўстанове сыстэмы сацыяльнай абароны. «У прынцыпе, праца была цікавая, патрэбная. Але мяне выжывалі. Падначаленыя прасілі потым у мяне прабачэньня — іхнае кіраўніцтва вымушала пісаць на мяне дакладныя ці тлумачальныя. Стварылі такія ўмовы, што ня мог працаваць. Зарабіў сабе на нэрвах тады цукровы дыябэт. Мусіў звольніцца», — тлумачыць суразмоўца.

Начамі ён чытае кодэксы грамадзянскага права, знаёміцца з дакумэнтамі і складае для людзей звароты і скаргі. Па юрыдычную дапамогу да яго ходзяць і цяпер. «Гэта мой начны праваабарончы офіс. Ёсьць магчымасьць дапамагаць людзям», — сьмяецца Алесь.

У дзяцінстве ён марыў быць памежнікам ці лётчыкам — за прыгожую вайсковую форму. Але пайшоў вучыцца на чыгуначніка.

«З вайсковай доляй не атрымалася, падумаў тады: буду чыгуначнік, як бацька. Я зь дзяцінства на чыгунцы рос. І форма ў іх прыгожая», — жартуе суразмоўца. У юнацтве скончыў чыгуначны тэхнікум і працаваў памочнікам машыніста.

«Пра што я мару... Каб памянялася ўлада ў Беларусі. Хоць уладу зьмяніць можна, але ж людзі не памяняюцца. Майсей 40 гадоў вадзіў народ па пустыні. Гэта не таму, што ён ня ведаў дарогі, а каб зьмянілася пакаленьне тых, хто жыў у рабстве. Тут трэба не адзін дзясятак гадоў, каб зьмяніўся мэнталітэт», — разважае Алесь.

Часам ён паддаецца «ўсеагульнаму расчараваньню». Алеся падтрымлівае вера. «Касьцёл — падтрымка і лекі, правераныя дзьвюма тысячамі гадоў. У 90-я ў Гомлі будавалі касьцёл. Да сьвятара прыйшлі бандыты — „марозаўцы“ ці „пажарнікі“. Прапанавалі „крышаваць“ — маўляў, а то яшчэ хто скрадзе будаўнічы матэрыял ці падпаліць што. Ксёндз адмовіўся, сказаў ім: „Хлопцы, мая „фірма“ больш надзейная і аўтарытэтная, налічвае дзьве тысячы гадоў“», — сьмяецца Алесь.

«Заскочыў у інтэрнат, крычаў, што маньяк. Я яго супакоіла, ды ён расплакаўся»

59-гадовая Любоў два гады працуе вахтарам у інтэрнаце. Яна нарадзілася ў Буда-Кашалёўскім раёне, скончыла чыгуначны тэхнікум. Працавала пасьля разьмеркаваньня ў Башкірыі. Цягнула на радзіму. Вярнулася. Жыла ў Менску, Рагачове — там працавала эканамістам. У Гомель перабралася, каб быць бліжэй да дзяцей і ўнукаў.

«Хочацца мець такую працу, каб дома бываць часьцей. Дапамагаю дзецям з унукамі — у школу адправіць, сустрэць. Ведаеце, як бацькам добра! Але і мне добра», — сьцьвярджае суразмоўца.

На зьмене яна глядзіць тэлевізар, чытае кнігі. Найбольш любіць пра мэдыцыну. Любоў цешыцца размовамі з насельнікамі інтэрнату. Яны і парады просяць, і вядуць доўгія задушэўныя размовы — «пра ўсё на сьвеце». Вахтарка лічыць, гледзячы на жыхароў інтэрнату, што моладзь цяпер добрая.

Аднойчы, каля 5.30, у інтэрнат заскочыў мужчына нападпітку. Зь дзьвярэй закрычаў: «Я маньяк! Выклікай тэрмінова міліцыю! Зараз шыбы буду біць!». Жанчына спалохалася, але міліцыю выклікаць адмовілася.

«Кажу яму: я ня буду выклікаць міліцыю, таму што не хачу. А ён крычыць, маўляў, выклікай, я сказаў! Кажу: ня буду, бо бачу, што вы неблагі чалавек. І калі я гэта сказала, ён супакоіўся. Стаіць, і сьлёзы цякуць. А потым кажа: «Якая ў вас прыгожая кветка ў вазоне, і сурвэтка пад ёй. Я кажу: ну бачыце, каб вы былі кепскі чалавек, вы гэтага не заўважылі б. Ён проста куляй выскачыў. Так нечакана ўсё здарылася», — прыгадвае вахтарка.

Любоў ня памятае дзіцячых мараў, бо, кажа, у яе была вельмі добрая сям’я, шчасьлівае дзяцінства. «Радзіма — маё жыцьцё. Брат зь сястрой у Расеі так сумуюць, едуць сюды. А я дома. Мне добра. Брат жыве ў вёсцы — ежджу, дапамагаю яму. Людзей у нашай вёсцы мала засталося. Некаторыя прадаюць бацькоўскія дамы. У мяне сэрца крывёй абліваецца — як прадаць бацькоўскі дом? Кашмар. У вёску еду зь вялікім задавальненьнем. Гэта радзіма, душа», — кажа Любоў.

Яна марыць, каб людзі менш хварэлі, каб у дзяцей і ўнукаў усё было добра, каб людзі не крыўдзілі адзін аднаго. «Я жыву для сваіх дзяцей і ўнукаў, для блізкіх і родных. Я іх вельмі люблю. Для сябе я ніколі не жыла. І не магу для сябе жыць», — кажа жанчына.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG