Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьню Зьмітру Паліенку адмянілі спатканьне з бацькам


 Зьміцер Паліенка
Зьміцер Паліенка

Бацька Зьмітра Паліенкі Аляксандар павінен быў сустрэцца з сынам 6 верасьня, аднак спатканьне перанесьлі на 25 верасьня. Дагэтуль невядома, ці яно адбудзецца.

«Я чакаю адказу, тэлефанаваньня ці ліста ад сына. Але сёньня ўжо 17 верасьня, і ніякіх зьвестак няма», — сказаў карэспандэнту Свабоды Аляксандар Паліенка.

Перад гэтым Зьміцер напісаў, што адміністрацыя калёніі зрабіла ў яго рэчах ператрус. Забралі ўсе асадкі, лісты і паштоўкі, якія ён хацеў адаслаць, а таксама запісы з тэлефонамі сваякоў. На падставе таго, што гэтыя рэчы «не адпавядаюць сьпісу», Зьмітру адмянілі спатканьне з бацькам.

«У выніку Зьміцер ня зможа атрымаць перадачу, якую яму мы зьбіралі разам з бацькам», — напісала ў фэйсбуку актывістка Марына Насенка.

Зьміцер Паліенка павінен выйсьці на волю 24 кастрычніка.

24-гадовы актывіст Зьміцер Паліенка адбывае два гады турэмнага зьняволеньня за мірнае супраціўленьне абмежаваньням роварнага руху. У кастрычніку 2016 году яго прызналі вінаватым у «гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка праваахоўных органаў» і «вырабе і распаўсюджваньні парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару».

Amnesty International прызнала Зьмітра Паліенку вязьнем сумленьня і патрабуе неадкладна і безумоўна вызваліць яго.

​Паліенка быў адзіным удзельнікам роварнага прабегу «Крытычная маса» 29 красавіка 2016 году, у дачыненьні да якога была распачатая крымінальная справа.

У той дзень больш за 30 чалавек сабраліся каля Опэрнага тэатру, каб праехаць па горадзе на роварах і заявіць аб правах раварыстаў на дарозе.

Міліцыя сьцьвярджала, што група раварыстаў груба парушыла правілы дарожнага руху, выехала на праезную частку і не рэагавала на патрабаваньні ДАІ, а адзін з удзельнікаў кінуўся ў бойку з супрацоўнікам ДАІ і пашкодзіў яму форму.

Незадоўга да суду Паліенку выставілі дадатковае абвінавачаньне ў «вырабе і распаўсюджваньні парнаграфічных матэрыялаў», прызналі вінаватым па абодвух артыкулах і засудзілі на да гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на два гады.

Пасьля гэтага ён некалькі разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. А 7 красавіка 2017 году яго адправілі ў калёнію.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG