Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Парнаграфія» ў справе раварыста Паліенкі зьявілася толькі праз 4 месяцы па затрыманьні


Дзьмітры Паліенка, архіўнае фота
Дзьмітры Паліенка, архіўнае фота

Ад 29 красавіка 2016 году за кратамі знаходзіцца беларускі актывіст Дзьмітры Паліенка, затрыманы падчас прабегу раварыстаў «Крытычная маса».

Суд Цэнтральнага раёну Менску (судзьдзя Валеры Есьман) пачне разгляд крымінальнай справы супраць Паліенкі 11 кастрычніка.

Адзін з удзельнікаў акцыі расказваў, што затрыманьне было дастаткова жорсткім: раварыстаў валілі на зямлю, у міліцэйскім аўтобусе білі нагамі ў жывот і кулаком у твар, зьверху на іх кідалі ровары. Праваахоўнікі ж заяўлялі, што «адзін з удзельнікаў кінуўся ў бойку з супрацоўнікам ДАІ, пашкодзіўшы яму форменнае абмундзіраваньне».

Да ранейшага абвінавачаньня Паліенку ў «гвалце або пагрозе ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» (да 6 гадоў турмы) дадалося абвінавачаньне ў «вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару» (да 4 гадоў турмы).

Праваабаронца «Вясны» Наста Лойка кажа, што пра будучы суд вядома мала, бо ўсе зьвязаныя са справай людзі пад падпіскай аб невыдаваньні, а ў лістах Паліенка піша няшмат:

Наста Лойка
Наста Лойка

«Ведаю, што абвінавачаньне ў парнаграфіі яму прад’явілі перад самым азнаямленьнем з матэрыяламі, у канцы жніўня. Па факце зможам даведацца на судзе — спадзяюся, ён будзе адкрыты».

Па зьвестках Лойкі, на старонцы Паліенкі ў сацыяльнай сетцы знайшлі нейкае відэа трохгадовай даўніны, у якім пабачылі распаўсюд парнаграфіі.

Першае ж абвінавачаньне — пагроза гвалтам міліцыянту: ён трымаў за рукаў супрацоўніка ДАІ. Лойка мяркуе, што Паліенка на судзе ня стане адмаўляць той факт, што рабіў гэта:

«Гэта было дастаткова фармальна, але ім хапіла, каб палічыць пагрозай гвалту», — ацэньвае Лойка інцыдэнт і выказвае думку, што гэта было выклікана незаконнымі дзеяньнямі супрацоўнікаў ДАІ ў час затрыманьня ўдзельнікаў «Крытычнай масы», што Паліенка «хваляваўся за жыцьцё і здароўе аднаго з удзельнікаў».

Раней «Вясна» называла затрыманьне раварыстаў «непрапарцыйна гвалтоўным спыненьнем акцыі».

Магчыма, у матэрыялах справы акажацца адзін зь відэазапісаў інцыдэнту: Лойка кажа, што ёсьць запіс відэарэгістратара выпадковага відавочцы, відэазапіс аднаго з удзельнікаў і з машыны ДАІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG