Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International заклікала да глябальнай акцыі салідарнасьці з палітвязьнем Паліенкам 


Моладзевы актывіст Дзьмітры Паліенка
Моладзевы актывіст Дзьмітры Паліенка

Міжнародная арганізацыя Amnesty International ініцыявала міжнародную акцыю ў падтрымку беларускага палітвязьня Дзьмітрыя Паліенкі.

Летась у красавіку беларуская праваабарончая супольнасьць заявіла аб тым, што пазбаўленьне волі актывіста анархісцкага руху дазваляе кваліфікаваць яго як палітычнага зьняволенага, а ў жніўні таго ж году гэты факт прызнала Amnesty International, нагадвае Праваабарончы цэнтар «Вясна».

«Дзьмітры Паліенка адбывае 2 гады турэмнага зьняволеньня за мірны супраціў абмежаваньням роварнага руху, — гаворыцца ў звароце Amnesty International. — У кастрычніку 2016-га яго прызналі вінаватым у „гвалце ў дачыненьні да супрацоўніка праваахоўных органаў“ і „вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў“. Пасьля яго пераводу ў калёнію Amnesty International атрымала зьвесткі аб тым, што малады чалавек стаў ахвярай жорсткага абыходжаньня з боку адміністрацыі. Штомесяц ён праводзіць 10 дзён у штрафным ізалятары, а сума сродкаў для асабістага карыстаньня скарочаная на траціну. Да палітвязьня не даходзіць пошта, яго лісты не трапляюць да адрасатаў».

На перакананьне Amnesty International, 23-гадовы Дзьмітры Паліенка зьяўляецца вязьнем сумленьня, пазбаўленым свабоды выключна празь мірнае ажыцьцяўленьне сваіх правоў на свабоду слова і сходаў, і павінен быць неадкладна і безумоўна вызвалены.

26 траўня Паліенка адзначыць чарговы дзень народзінаў. У сувязі з гэтым Amnesty International заклікае зрабіць усё, каб «падарыць яму свабоду». Неабыякавых грамадзянаў просяць зьвяртацца непасрэдна да генэральнага пракурора Аляксандра Канюка (220030, Менск, вул. Інтэрнацыянальная, 22, або е-mail: info@prokuratura.gov.by).

Amnesty International таксама заклікае далучыцца да глябальнай акцыі салідарнасьці зь беларускім палітвязьнем.

«Давайце закідаем адміністрацыю калёніі паштоўкамі для Дзьмітрыя (212800, Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, папраўчая калёнія № 2, атрад 9). Адміністрацыя калёніі ня можа ігнараваць сотні віншаваньняў зь днём нараджэньня!»

У кастрычніку 2016 году Дзьмітрыя Паліенку асудзілі на 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай паводле абвінавачаньня ў гвалце супраць міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які прайшоў у Менску ўвесну таго ж году. Празь некалькі месяцаў за ўдзел у акцыях салідарнасьці ўмоўнае пакараньне замянілі на рэальнае і актывіста накіравалі ў калёнію ў Бабруйску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG