Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вуліцу Сталіна хочуць мець жыхары дагестанскага Касьпійску


Ёсіф Сталін, архіўнае фота
Ёсіф Сталін, архіўнае фота

У расейскім горадзе Касьпійску, што каля сталіцы Дагестану Махачкалы, на публічных слуханьнях жыхары падтрымалі ідэю перайменаваньня вуліцы Міру ў вуліцу Сталіна, піша «Каўказ.Рэаліі». Супраць было два чалавекі, 28 «за».

Хоць адміністрацыя гораду ўжо пагадзілася назваць імем Ёсіфа Сталіна невялікую вуліцу даўжынёй 180 мэтраў, ініцыятары перайменаваньня палічылі, што трэба «аднавіць гістарычную справядлівасьць» і назваць імем Сталіна вуліцу Міру, якая раней насіла такую назву. Ранейшую вуліцу Сталіна прапануюць зрабіць завулкам.

«Мы не абы-як прыйшлі ў адміністрацыю, а з добрай, магутнай падтрымкай найлепшых людзей, — кажа ініцыятар перайменаваньня Іса Азіеў. — За 62 гады [Кампартыя ў 1956 годзе асудзіла культ асобы Сталіна і ягоную ідэалягічную спадчыну. — РС] на Сталіна нагрувасьцілі такую кучу ўсякіх небыліц. Для даведкі хачу сказаць: што б ні казалі наконт Сталіна, рэпрэсіі там... пятае-дзясятае, менавіта ў сталінскі пэрыяд праўленьня Савецкі Саюз меў найбольшы прырост насельніцтва ва ўсёй Эўропе!»

Адзін з наведнікаў паседжаньня заклікаў пакінуць пытаньне сталінскіх рэпрэсіяў і масавых забойстваў у часы Сталіна: маўляў, Уладзімір Пуцін «сваімі паводзінамі» намякае, што неабходна ўшанаваць памяць Сталіна ў гарадзкой тапаніміцы. Другі заявіў, што ў рэпрэсіях вінаватыя жыхары СССР. Апанэнтам перайменаваньня, якія спасылаліся на нежаданьне мяняць дакумэнты празь зьмену назвы, параілі «пераехаць».

Сталін не зьвязаны непасрэдна з Касьпійскам, але горад адчуў на сабе сталінскія рэпрэсіі. Сярод іншага, у 1944 годзе ўсіх чачэнцаў з Дагестану вырашылі дэпартаваць у Казахстан, з наступствамі высылкі ня справіліся дагэтуль.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG