Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У вас бредовые идеи!» Як гісторык Сідарэвіч трапіў у псыхушку за крытыку савецкага ўварваньня ў Чэхаславаччыну


Анатоль Сідарэвіч, архіўнае фота
Анатоль Сідарэвіч, архіўнае фота

50 гадоў таму, 21 жніўня 1968 году, Савецкі Саюз з дапамогай ваеннай сілы спыніў спробы чэхаў і славакаў рэфармаваць камуністычны рэжым. Сярод тых, хто пратэставаў супраць умяшаньня ў справы незалежнай дзяржавы, былі і беларусы.

Адзін зь іх — гісторык і палітык Анатоль Сідарэвіч, якому на той момант было 20 гадоў.

Выпускнік гістарычнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту за антысавецкія выказваньні спачатку быў звольнены з рэдакцыі ганцавіцкай раённай газэты «Савецкае Палесьсе».

А калі адкрыта выступіў супраць акупацыі Чэхаславаччыны войскамі дзяржаваў Варшаўскай дамовы, апынуўся ў псыхіятрычным аддзяленьні 2-га клінічнага шпіталя ў Менску, дзе яму паставілі дыягназ «шызафрэнія». Больш за чатыры месяцы яго там «лекавалі», потым доўгі час ён заставаўся пад наглядам псыхіятраў і КДБ.

Савецкія войскі ў Чэхаславаччыне ў 1968 годзе. Ці чулі пра гэта менчукі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:39 0:00

Мазураў мусіў павініцца перад чэхамі і славакамі

— Спадар Анатоль, у тыя часы выказваць нязгоду зь «лініяй партыі» было папросту небясьпечна. Нават на вялікую Маскву знайшліся ўсяго сямёра адважных, якія публічна запатрабавалі ад савецкіх уладаў пакінуць Чэхаславаччыну ў спакоі.

— Сапраўды, толькі сямёра адважных, хоць на той час у Маскве жылі блізу 5 мільёнаў чалавек... Што да Беларусі, то ўвод войскаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславачыну (выключэньнем была Румынія, чым па першым часе прыемна зьдзівіла) таксама выклікаў неадназначную рэакцыю. Але рэч у тым, што ня Менск прымаў пастанову — пра рашэньне Масквы тут даведаліся, як звычайна, з тэлевізара. Кандыдат у члены Палітбюро Пётра Машэраў ніякіх рашэньняў не прымаў.​

Разам з тым у Маскве сядзеў Кірыла Мазураў. Гэты момант ня трэба выкрэсьліваць з палітычнай гісторыі Беларусі. Як бы там ні было, ён беларус, тут зрабіў пачатковую кар’еру, а ў 1968-м ужо быў першым намесьнікам старшыні Савету міністраў СССР, чальцом Палітбюро ЦК КПСС. Таму ў нейкім сэнсе трэба было б павініцца перад чэхамі і славакамі, што выгадавалі на іх галовы такога кадра.

— Мяркуеце, што адзінай пазыцыі што да падзеяў у Празе ў беларускім грамадзтве не было?

— Калі казаць аб пратэставых настроях, яны шырэйшыя, чым мы ведаем. Наагул як было? Спачатку ўводзяць войскі, а потым у арганізацыях зьбіраюць партыйны актыў, каб ён сказаў «адабрамс». Напрыклад, такі партсход склікалі і ў Саюзе пісьменьнікаў. Першым сакратаром тады быў Максім Танк, астатнія сакратары — Іван Шамякін, Янка Брыль, Пімен Панчанка, Іван Мележ — дзяжурылі ў сядзібе СПБ кожны па месяцы.

Дзяжурства на жнівень 1968-га, калі здарылася тая ганебная акцыя, выпала на Янку Брыля. Як дзяжурны сакратар ён мусіў склікаць сход, каб пісьменьнікі сказалі словы падтрымкі рашэньню партыі і ўраду. Як думаеце, што ён зрабіў? Даў лататы на Нарач да Максіма Танка. Пад рукой ЦК аказаўся Іван Мележ, як сябру партыі давялося гаварыць прамову... Але былі Валянцін Тарас, Фёдар Яфімаў, Аляксей Карпюк. За тое, што выказалі нязгоду, надоўга патрапілі пад прэс, Яфімава выключылі з партыі.

Такім чынам, пратэст быў не адзінкавы, вядома пра гарадзенскіх студэнтаў Сяргея Каленчанку і Аляксандра Раманава, якіх згадваў ва ўспамінах Карпюк. Пакуль яшчэ не адкрытыя архівы і паведамленьні спэцслужбаў у партыйныя органы аб настроях насельніцтва; таксама дакладалі «таптуны» — тыя, хто стаялі ў чэргах, на прыпынках і падслухоўвалі, што абмяркоўваюць людзі па дарозе на працу.

Чэрпалі інфармацыю з замежных «галасоў»

— Як адбываўся пратэст у вашым выпадку? Выглядае, што не выходзілі на плошчу, не размахвалі транспартантамі...

— Безумоўна, 1968 год — гэта перш за ўсё Чэхаславаччына. Гэта легендарныя «Дзьве тысячы словаў...» — адзін з двух знакавых дакумэнтаў Праскай вясны, апублікаваных у газэце «Літэрарні новіны» (заклікі да рэформаў, прапанаваных Аляксандрам Дубчэкам дзеля гуманізацыі сацыялізму).

Вядома, мы прыстаўлялі вушы да радыёпрымачоў, слухалі, што перадаюць Радыё Свабода, Бі-Бі-Сі, «Голас Амэрыкі», чэрпалі адтуль інфармацыю. І аднойчы ў адкрытай гутарцы я досыць груба сказаў: гэта паганая акцыя, якая абавязкова адрыгнецца, інакш і быць ня можа.

Якраз прыехаў у Ганцавічы, дзе калісьці працаваў у раёнцы і быў звольнены за нядобранадзейнасьць. Зайшоў у кабінэт да Віктара Гардзея і Івана Кондзера. Сядзім, размаўляем. Заходзіць сакратар-машыністка Караліна Сьвірка: «Толік, цябе заве Васіль Фёдаравіч».

Праскураў — гэта рэдактар газэты. Я і пайшоў. А там ужо два мужычкі чакаюць. Аднаго, Пецю, я ведаў: ад баранавіцкага аддзяленьня КДБ ён курыраваў Ганцавіцкі раён. І мяне павезьлі на гутарку ў тое самае аддзяленьне. Аказалася, што «хвост» за мной быў яшчэ зь Пінску, адкуль я прыехаў, сачылі, перадавалі. А потым здарылася нечаканае...

— «Псыхіятрычная тэрапія», так?

— Неўзабаве я захварэў на запаленьне лёгкіх, і ў ганцавіцкі шпіталь, куды мяне паклалі, прыехаў галоўны псыханэўроляг Берасьцейскай вобласьці. І хоць мне ніякая кансультацыя не была патрэбная, мяне яму «прадставілі». Стаіць інтэлігентны чалавек, пад гальштукам, манэры ня хамскія. Пачынаецца гутарка.

Ну і я, ідыёт нестраляны, на поўным сур’ёзе разважаю: што за грамадзтва, у якім няма спаборнасьці? То бок пра шматпартыйную сыстэму, пра свабодныя выбары і г. д. Ён і паслухаў і вынес вэрдыкт: «У вас бредовые идеи». Ну і хай сабе, «бредовые» дык «бредовые», ці мала ў каго якія думкі. Але тым ня скончылася.

Яшчэ раней мне сказалі, што патрэбная апэрацыя на нагах. І раптам прапануюць ехаць у 1-ы менскі шпіталь. Я, вядома, з радасьцю пагадзіўся, што дапамогуць. Вязуць аднаго хуткай дапамогай, спэцрэйсам, як пана! Прыехалі, машына паркуецца задам, адчыняюцца дзьверы — і мяне ўжо сустракаюць. Нават шугануць улева-управа няма ніякай магчымасьці.

Такім чынам даведваюся, што я ў псыхіятрычным аддзяленьні 2-га шпіталя, у былым кляштары базыльянак. Натуральна, шок! Якая «псыхушка»? «Вы серьезно больны», — адказвае доктар Алейнікаў. Аказваецца, што ў мяне «псыхічная хвароба». І пачалі «ратаваць»...

Алесь Адамовіч, Іван Мележ, Іван Навуменка, Янка Брыль, 1960-я
Алесь Адамовіч, Іван Мележ, Іван Навуменка, Янка Брыль, 1960-я

— Ці праўда, што да вашага «вызваленьня» са шпіталя прыклаў руку Янка Брыль?

— І так, і не. Справа ў тым, што гэта ня сумна вядомыя «Навінкі», у 2-м шпіталі месьцілася клініка катэдры псыхіятрыі Менскага мэдінстытуту. Сюды прыходзілі студэнты, тут выпрабоўвалі новыя мэтодыкі і г.д. Загадваў катэдрай Міхаіл Чалісаў, ён жа галоўны псыхіятар Міністэрства аховы здароўя БССР — во аж на якім узроўні мной займаліся.

Дык вось добрыя людзі зрабілі доступ да тэлефона і я пазваніў Янку Брылю. Ня памятаю, колькі мінула часу, але аднойчы мой лекар Фэрдынанд Гайдук сказаў, што мяне выклікаюць у кабінэт да прафэсара. Гляджу, побач з Чалісавым сядзіць Брыль. Пра што яны гутарылі, я ня чуў, але потым ён мне сам расказваў. Чалісаў сказаў, што ў яго няма выбару, трэба крыху патрымаць. Маўляў, хлопец гарачы, хай лепш будзе пад нашым кантролем, чым недзе яшчэ. Ну і выпусьцілі толькі на пяты месяц, 13 студзеня 1969 году.

Таму Янка Брыль мяне не вызваляў, але тое, што пагаварыў з прафэсарам Міхаілам Чалісавым, замовіў за мяне слоўца — гэта дакладна.

Рэформы, якія напалохалі савецкую бюракратыю

— На ваш погляд, чаму савецкую намэнклятуру так напалохалі спробы чэхаў і славакаў нават не адмовіцца ад сацыялізму, а толькі зрабіць «касмэтычны рамонт» гэтага ладу?

— Яшчэ ў 1966 годзе, калі прайшоў ХХІІІ зьезд КПСС, павеяла палітычным холадам. Вяртаецца палітбюро (ад 1952-га быў прэзыдыюм ЦК), пасада генэральнага сакратара, адбываецца суд над Сіняўскім і Даніелем, у аўтобусах і грузавіках зьяўляецца мода на фота Сталіна. У 1965-м, на 20-годзьдзе Перамогі, калі Брэжнеў робіць даклад, на згадку Сталіна ў залі раздаюцца авацыі. Хто хоць нешта ведаў пра сталінізм, таго гэта не магло не ўстрывожыць.​

1968: як СССР прыдушыў Праскую вясну
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:16 0:00

Насуперак гэтаму тое, што прыйшло з Чэхаславаччыны, было спробай абнаўленьня грамадзтва. Многія дамарошчаныя лібэралы пачынаюць кпіць, калі чуюць пра сацыялізм з чалавечым тварам. Выраз абсалютна нармальны, бо сацыялізм — гэта рэальны гуманізм, калі хто чытаў Маркса. Менавіта гэтым кіраваліся чэскія камуністы, якія хацелі гуманізаваць лад, навязаны Масквой. Зрабіць яго на скандынаўскі ўзор больш чалавечным, прыязным людзям. І гэта не магло ня выклікаць сымпатыі. Алесь Разанаў у сваёй апошняй кнізе прызнае, што ў канцы 1960-х беларускія студэнты заварушыліся пад уплывам менавіта Праскай вясны. Як іх прыціснулі — таксама вядома.

— З гледзішча сёньняшняга дня прапановы чэскіх рэфарматараў не выглядаюць чымсьці звышнатуральным...

— Адзін з тамтэйшых рэфарматараў Ота Шык выступаў за тое, каб памяняць эканамічныя мэханізмы, лібэралізаваць іх. Што кепскага? Аляксей Касыгін ды іншыя савецкія кіраўнікі, якія мысьлілі эканамічныя катэгорыямі, таксама былі за рэформы ў СCCР.

Але быў жалезны сталінскі закон: сродкі вытворчасьці павінны апераджаць сродкі спажываньня. Той жа Малянкоў паляцеў з крэсла, бо хацеў паставіць на першае месца дабрабыт народу. Як тады казалі, прыйшоў Малянкоў, пад’елі блінкоў.

Вось і ў Чэхаславаччыне разам з тым, каб зрабіць прыязным чалавеку палітычны клімат, хацелі павярнуць да чалавека эканоміку, зьмяніць неэфэктыўную сталінскую палітыку. На тое ж, адкрыта гэтага не абвяшчаючы, былі накіраваныя і некаторыя савецкія эканамісты, у тым ліку Касыгін.

Тым ня меней, Праская вясна і жнівеньская падзеі 1968 году настолькі напалохалі савецкую бюракратыю, што ўсе рэформы былі згорнутыя, нават не пачаўшыся. Сур’ёзныя гісторыкі салідарныя: эпоха застою, стагнацыя і развал СССР былі перадвызначаныя падзеямі 50-гадовай даўнасьці. Менавіта тады пачаўся незваротны працэс. Калі Хрушчоў і Касыгін яшчэ спрабавалі нешта рабіць, то пасьля былі толькі дэклярацыі — агульнанародная дзяржава, разьвіты сацыялізм, адзіная супольнасьць савецкі народ ды іншыя ідэалягемы. Грунтоўныя рэформы ў такой сыстэме сталі папросту немагчымыя, Савецкі Саюз каціўся да свайго фіналу...

***

Каля паўмільёна савецкіх вайскоўцаў ды іхных хаўрусьнікаў па Варшаўскай дамове ўварваліся ў Чэхаславаччыну 21 жніўня 1968 году. Апэрацыя атрымала кодавую назву «Дунай».

Фактычная акупацыя спыніла палітычныя і эканамічныя рэформы пад кіраўніцтвам Аляксандра Дубчэка, пэрыяд лібэралізацыі пад назвай Праская вясна дачасна скончыўся.

Вынікам умяшаньня ў справы сувэрэннай дзяржавы — блізу 500 параненых і 108 забітых. Сілавы сцэнар быў зрэалізаваны на падставе дактрыны савецкага генэральнага сакратара Леаніда Брэжнева, якая дазваляла СССР умешвацца ў справы кожнай краіны, дзе камуністычная ўлада знаходзіцца пад пагрозай.

Сярод рэпрэсаваных, пакараных і скрытыкаваных за салідарнасьць з чэхамі і славакамі быў цэлы шэраг беларусаў: «самвыдатавец» Міхал Кукабака, гісторык Анатоль Сідарэвіч, пісьменьнікі Валянцін Тарас, Фёдар Яфімаў, Аляксей Карпюк, студэнты тагачаснага Горадзенскага пэдагагічнага інстытуту Сяргей Каленчанка і Аляксандар Раманаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG