Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Псыхіятрыя: лабатаміі няма, але ёсьць электрашок і галапэрыдол …


У гэтай праграме мы працягваем абмяркоўваць тэму прымусовай псыхіятрыі. Наша размова пойдзе пра мэтодыкі, якія выкарыстоўваюцца дзеля прымусовага лячэньня ў псыхіятрычных клініках. Згодна з апублікаванай інфармацыяй, гэта найчасьцей фармакалягічная тэрапія (нэўралептыкі), электрашокавая тэрапія. Раней ужывалася таксама псыхахірургія — апэрацыі накшталт лабатаміі, якая мае на мэце выключыць уплыў лобных доляў мозгу на астатнія структуры цэнтральнай нэрвовай сыстэмы. Гэтая мэтодыка па-ранейшаму мае прыхільнікаў сярод адмыслоўцаў-хірургаў. Аднак цяпер замест лабатаміі часьцей ужываецца электрашок. Паралельна пацыентам прызначаюць анэстэтыкі, якія блякуюць вострую рэакцыю нэрвовых канчаткаў, а таму хворыя пад іх узьдзеяньнем менш крычаць ад болю ды курчацца ў сутаргах. Хімічныя прэпараты, якія блякуюць працу мозгу і нават разбураюць яго, маюць да таго ж шмат небясьпечных пабочных наступстваў.

Што ведае грамадзтва пра прымусовае лекаваньне ў псыхіятрычных клініках? Ці варта ізаляваць людзей з псыхічнымі праблемамі? Такія пытаньні наш карэспандэнт задаў мінакам на вуліцах Горадні.
Наўпроставы лінк


«Там зь любога здаровага можна вар’ята зрабіць»


Сваё меркаваньне адносна прымусовай псыхіятрыі выказалі на форуме «Свабоды» і чытачы ды слухачы нашай мінулай праграмы. Некаторыя згодныя, што колішнія напрацоўкі спэцслужбаў, як весьці псыхалягічную вайну, прыйшлі і ў будзённае жыцьцё. Вось адзін з водгукаў

«Ня веру, што сёньня магчымая прымусовая шпіталізацыя ў псыхушку псыхічна нармальнага чалавека. Іншая справа, што ў псыхушку могуць зьмясьціць псыхалягічна разгубленага чалавека, які страціў жыцьцёвую апору. Цалкам уяўляю сабе, што да чалавека па нагаворы тых жа суседзяў можа прыехаць з тых жа Навінак „хуткая“, што яго, асабліва калі гэта стары, могуць здаць у вар’ятню родзічы. Стан такога чалавека пры паступленьні ў стацыянар будзе вельмі ўзбуджаны, а значыць, прымусовага лячэньня яму не пазьбегнуць».

Наш сталы чытач і слухач Ігар расказаў гісторыю свайго сябра Ўладзімера, які раптоўна памёр на вуліцы ад сардэчнай недастатковасьці. Гэта здарылася праз пару тыдняў пасьля месячнага лекаваньня ў «Навінках». Ігар не выключае, што тут не апошнюю ролю магла адыграць сама прымусовая шпіталізацыя зь яе «супакойвальнымі» мэтодыкамі. У «Навінкі» Ўладзімер трапіў праз канфлікт з жонкай. Ён зачыніўся ў пакоі і не адгукаўся на яе звароты і стук у дзьверы:
Абколваюць галапэрыдолам, аміназінам і г.д., прымушаюць хворых людзей выконваць працу санітараў

«Жонка выклікала „хуткую“, нібыта муж хоча зрабіць самагубства. Яго забралі прымусова ў „Навінкі“. Я ня ведаю, як яму ўдалося пранесьці туды мабільнік, аднак ён званіў адтуль кожны дзень і расказваў пра ўсе жахі, якія там адбываюцца. Пра тое, што там абколваюць галапэрыдолам, аміназінам і г.д., прымушаюць хворых людзей выконваць працу санітараў. Калі адбываецца абход, то лекары праз кожныя тры словы ўстаўляюць два матныя. Такія размовы з хворымі. Гэта ён мне сам расказваў. Я яму казаў: „Глядзі, каб цябе там не абкалолі, бо ўсё бывае…“ Інакш чаму гэтыя аддзяленьні закрытыя для допуску грамадзкіх арганізацыяў? Там зь любога здаровага можна вар’ята зрабіць».


Прэпараты кшталту галаперыдон выкарыстоўваліся ня толькі ў спэцлякарні


А вось камэнтар, які пакінуў на сайце наш чытач пад нікам Powala

«Шкада, што з-за асаблівасьцяў цяперашняга рэжыму не атрымалі належнай агалоскі і ацэнкі факты выкарыстаньня беларускіх закрытых псыхлякарняў для барацьбы з іншадумцамі і выбіваньня паказаньняў зь невінаватых. Калі не памыляюся, недзе на самым пачатку 90-х у „ЛiМе“ быў вялікі артыкул, прысьвечаны віцебскай справе. У ім згадвалася, што тых людзей, якія потым бралі віну на сябе, накіроўвалі ў „Навінкі“ да адной жанчыны-псыхіятра, якая ў далейшым, у часы перабудовы, арганізавала спачатку ўласны, а потым ужо сямейны бізнэс па кадаваньні ад усяго, чаго душа пажадае. Віна такіх „спэцыялістаў“ у рэпрэсіях ані ня меншая, чым катаў зь сілавых структураў. Але і тыя, і другія па-ранейшаму ў Беларусі адчуваюць сябе прывольна. Прэпараты выкарыстоўваліся ня толькі ў спэцлякарні».

Былы міністар сельскай гаспадаркі, колішні палітвязень Васіль Лявонаў некалі расказаў «Свабодзе», як у СІЗА на «Валадарцы» яго аднойчы напаілі нейкімі псыхатропнымі сродкамі:

Васіль Лявонаў
Васіль Лявонаў
«Да мяне ў камэру прыходзіў нейкі супрацоўнік турмы, размаўляў са мной. Было горача, і мы пілі ваду. Раптам страціў прытомнасьць. Ачуняў, калі побач таксама быў і начальнік турмы, які скандаліў з тым чалавекам. Падсыпалі мне той прэпарат з мэтай, каб я нешта пачаў гаварыць. Вядома ж, я гаварыў нешта. Што менавіта — мне не казалі. Аднак мне і не было чаго казаць такога, каб мяне за гэта можна было судзіць. Увогуле я лічыў, што ўсе выстаўленыя супраць мяне абвінавачаньні быццам бы ў забойстве Мікалуцкага — гэта выдумкі Шэймана. Той даўно „паляваў“ на мяне. І гэта мне стала зразумела неўзабаве пасьля арышту, калі да мяне прыйшла дзяржадвакатка і „параіла“ напісаць пакаяннае прызнаньне. Аднак я адмовіўся. Вось і вырашылі атрымаць прызнаньне з дапамогай псыхатропнага».


«Крысьціна заўжды была такой моцнай, а тут нейкая плаксівасьць»


Не абмінула карная псыхіятрыя і магілёўскую грамадзкую актывістку Крысьціну Шацікаву. Маладая жанчына, маці дваіх дзяцей памерла летась у верасьні ад анкалягічнага захворваньня. У судовым парадку яна так і не дамаглася, каб пакаралі тых, хто аддаў загад трымаць яе ў псыхушцы, а таксама лекараў, якія гэты загад выконвалі. Крысьціну прымусова даставілі ў 8-е аддзяленьне магілёўскай псыхіятрычнай лякарні на вуліцы Ніжняй Карабанаўскай у сакавіку 2007 году. Там яе трымалі тры дні. Невядомыя ў цывільным захапілі яе ў цэнтры гораду, неўзабаве пасьля допыту ў мясцовым КДБ. На допыце Шацікавай «параілі» ня браць удзелу ў акцыях пратэсту, але Крысьціна адмовілася.

У нашым архіве захаваўся расказ самой Крысьціны пра тое, як яе лекавалі на Ніжняй Карабанаўскай. Дарэчы, успаміны пра псыхіятрыю даваліся ёй вельмі цяжка.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:31 0:00
Наўпроставы лінк

Сёньня Крысьцініна маці, Сьвятлана Міхайлаўна, у размове з нашым магілёўскім карэспандэнтам згадвае, што перад тым як пайсьці на допыт у КДБ, дачка доўга разьвітвалася зь сям’ёй, нібыта прадчуваючы нядобрае.

«Да вечара яе не было. Потым мне тэлефануе лекар з псыхіятрычнай лякарні і кажа, што яе да іх паклалі і не аформілі — калі не афармляюць чалавека, гэта вельмі страшна, таму біце ўва ўсе званы. Я прыбыла ў прыёмную лякарні, а мне кажуць, што няма такой. І твары такія злосныя. Мяне — за дзьверы, а дзьверы за мной зачынілі».
Крысьціна Шацікава зь дзецьмі і сваёй маці Сьвятланай (яна зьлева)
Крысьціна Шацікава зь дзецьмі і сваёй маці Сьвятланай (яна зьлева)

Пазьней, кажа Сьвятлана Шацікава, у яе была гутарка з загадчыцай аддзяленьня, якая дакарала яе: маўляў, дачка апынулася ў лякарні таму, што займаецца нечым незаконным. Прымаў Крысьціну, дарэчы, лекар нейкага дзіцячага аддзяленьня. Той спэцыяліст, які павінен быў яе прымаць, адмовіўся.

Сьвятлана: «Калі я прыйшла забіраць дачку, яна раптам кінулася мне на шыю і сказала: „Мамачка, забяры мяне адсюль“. Ведаеце, як малое дзіця. А яна заўжды была такая моцная. Дачка гаварыла мне, што яе гвалтам калолі — рукі замацоўвалі і калолі. Стан яе быў прыгнечаны. У яе яшчэ была плаксівасьць».

Пасьля трох дзён няволі, калі пад вокнамі пакою, дзе трымалі Крысьціну стала дзяжурылі грамадзкія актывісты ды маці, мэдыкі на сваім кансыліюме вымушаныя былі прызнаць, што стан псыхічнага здароўя Крысьціны не вымагае далейшага ўтрыманьня ў лякарні. На волю яна выйшла зьбялелая, са стомленым тварам ды ледзянымі рукамі. І адразу ж папрасіла, каб усе, хто сустракаў, праводзілі яе далей ад бальніцы. За тым, што адбывалася ля мэдычнай установы, сачыў супрацоўнік КДБ.
Магілёўская псіхбальніца
Магілёўская псіхбальніца

Крысьціна тады расказвала, што ёй ад самога пачатку калолі нейкія псыхатропныя. Высьветліць, што гэта за прэпараты, так і не атрымалася. удалося выйсьці адтуль даволі здаровай. Толькі дзякуючы працэдурнай мэдсястры, якая адмовілася рабіць ёй апошнія ўколы, яна змагла выйсьці адтуль адносна здаровым чалавекам. Таксама Крысьціна ўзгадвала, што, запхнуўшы гвалтоўна ў машыну, яе доўга вазілі па горадзе. Паводле яе словаў, ёй увесь час пагражалі і нават спрабавалі імітаваць згвалтаваньне. Давялі да нэрвовага ўзбуджэньня, а потым прывезьлі ў лякарню. Так бяз згоды сваякоў яе туды і паклалі.
Уваход у аддзяленьне, дзе ўтрымлівалі Крысьціну Шацікаву
Уваход у аддзяленьне, дзе ўтрымлівалі Крысьціну Шацікаву

Пазьней у судах было прызнана, што пры шпіталізацыі Шацікавай быў парушаны закон «Аб псыхіятрычнай дапамозе насельніцтву», а таксама службовыя інструкцыі. Тым ня менш заводзіць крымінальную справу на тых, хто незаконна ўтрымліваў актывістку ў лякарні, пракуратура адмовілася.

Барыс Бухель
Барыс Бухель
Праваабаронца Барыс Бухель, які дапамагаў Крысьціне Шацікавай дамагчыся праз суд справядлівасьці, цьвердзіць, што знайсьці тую машыну, на якой вывезьлі Шацікаву, доўгі час не ўдавалася, бо на ёй былі замененыя нумары. Толькі потым высьветлілася, што яна належала палку міліцыі ўнутраных войскаў. Яшчэ з матэрыялаў справы вынікала, што міліцыяй кіраваў нехта з КДБ. Устанавіць асобу, аднак, не ўдалося.

У красавіку 2007 году Крысьціна Шацікава прайшла незалежнае абсьледаваньне ў Незалежнай псыхіятрычнай асацыяцыі Расеі. Мэдычныя экспэрты асацыяцыі прызналі актывістку псыхічна здаровым чалавекам. І сваякі, і блізкія Крысьціны зьвязваюць яе раньні сыход са шматлікімі рэпрэсіямі, якія ёй давялося зазнаць за такое кароткае жыцьцё. У тым ліку — і ад псыхіятраў.


Што такое фіксацыя?


Былы палітвязень, таксама пацыент-прымусовец псыхіятрычнай лякарні ў «Навінках», удзельнік нашай мінулай праграмы Аляксандар Круты мяркуе, што ў дачыненьні да Крысьціны мог ужывацца прэпарат рыспэрыдон, які мае шмат пабочных эфэктаў:

Аляксандар Круты
Аляксандар Круты
«Напрыклад, такое наступства, як інсульт або (у жанчын) рак малочнай залозы. Як і галапэрыдол, ён можа выклікаць цяглічныя сутаргі. Я бачыў, як некаторыя пацыенты пасьля іньекцыі нэўралептыка трэсьліся, як хворыя на Паркінсан. У людзей зводзіла цягліцы твару, шыі, западаў язык. Зразумела, такія пабочныя дзеяньні не заўсёды вылазяць. Аднак калі і вылезуць, то аніводзін лекар ня будзе несьці аніякай адказнасьці. Памёр чалавек ад раку — няважна, ад інсульту або інфаркту — таксама не бяды…»

Аляксандар адзначае, што сам ён ня можа паскардзіцца на лекараў. Яны да яго ставіліся збольшага прыязна. Калолі яму выключна мэдыкамэнт, які паляпшае памяць у дзяцей. Памяць у Крутога, дарэчы, вельмі натрэніраваная. Акрамя прафэсійных ведаў па радыёфізыцы, ён валодае некалькімі старажытнымі мовамі, у тым ліку санскрытам. Вывучаў таксама ўсходнюю мэдыцыну, псыхааналітыку…

У «Навінках» Круты, акрамя падпарадкаванага Генпракуратуры 30-га стацыянарнага аддзяленьня судова-псыхіятрычных экспэртызаў, утрымліваўся ў 17-м агульным тэрапэўтычным аддзяленьні, дзе, дарэчы, і было зроблена летась гэтае відэа.
Аляксандар Круты. Інтэрвію ў Навінках
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:14 0:00
Наўпроставы лінк

Паводле Аляксандра Крутога, куды горш, калі такія як ён прымусоўцы трапляюць у 9-е аддзяленьне Навтнак:

«Неаднойчы даводзілася чуць, што ў 9-м прымусоўца адразу пачынаюць калоць аміназінам, галапэрыдолам і г.д. Гэта вельмі моцныя прэпараты. Быў чалавек, які трапляў туды тройчы. Аднойчы яму пазваніла мама, а ён тады сядзеў у так званай назіральнай палаце на галапэрыдоле, дык ён, дарослы, пад 40 гадоў дзядзька плакаў у слухаўку: „Мама, вазьмі мяне, калі ласка, адсюль. Я буду цябе слухацца, кіну піць, буду ўсё прыбіраць, нават г… Толькі ня тут, бо тут я ня выжыву“. Апошнія словы ён паўтараў некалькі разоў».

Назіральная палата — гэта штосьці кшталту ШЫЗА, тлумачыць Аляксандар. Сюды зьмяшчаюць за кожнае лішняе, паводле звычайных мерак — самае нявіннае слова. Тут хворы пазнае, што такое фіксацыя.
Дозы хай невялікія, але пасьля электрашоку чалавек выходзіць з чырвонымі бялкамі вачэй

Круты: «Пры фіксацыі могуць і не калоць. Але калі б калолі, то, магчыма, было б і лепш. Бо адключаецца сьвядомасьць і чалавек нічога не разумее. У прытомнасьці, калі ты прывязаны да ложка дзесьці цягам сутак, ты ня можаш наведваць прыбіральню, а таму вымушаны рабіць усё пад сябе. На наступны дзень ты выходзіш у калідор увесь з галавы да ног у мачы ды кале. Такім чынам адбываецца сацыяльнае зьнішчэньне чалавека. Псыхіятрыя дакладна дэманструе: калі ў грамадзтве чалавек ня мае права на ўласнасьць, то яму нават не належыць і ўласнае цела. Псыхіятрыя мае нават яшчэ больш жорсткую спэцыфіку, чым ушчамленьне ў нейкіх іншых правах».

«Лабатамію, на шчасьце, адмянілі, — працягвае Аляксандар, — аднак электрашок ужываецца. Сам бачыў. Дозы хай невялікія, але пасьля электрашоку чалавек выходзіць з чырвонымі бялкамі вачэй. Такое ўнутранае кровазьліцьцё. Гэта афіцыйна ўжываецца ў Навінках. І каб урэшце выйсьці з гэтай псыхіятрыі ня зломленым і ня зьнішчаным, усё гэта трэба ўспрымаць як гульню. Калі ты зьвязаны, то прыйдзецца праваляцца ў экскрэмэнтах. Аднак ад гэтага трэба абстрагавацца. Проста сьцерці з памяці гэты пэрыяд».


«Палёт над гняздом зязюлі»


Ня так даўно ў Навінках быў адкрыты новы корпус. Гэтае аддзяленьне перавялі сюды з турэмнай псыхіятрычнай лякарні ў Гайцюнішках. Аднойчы Крутому ды некалькім іншым мужчынам давялося несьці адтуль у сваё аддзяленьне лядоўню. Усіх уразіла вонкавая прыгажосьць, чысьціня. А Аляксандар ішоў і спрабаваў уявіць сабе, што б ён адчуваў, калі б утрымліваўся там. Зачыненыя камэры без акенцаў. Чалавек там сядзіць і ня ведае, чым гэта для яго скончыцца. У кожны момант там можа здарыцца любая правакацыя. Абсалютна рэальна адтуль можна ніколі ня выйсьці. Тая ж безнадзейнасьць, што ў культавым фільме Мілаша Формана «Палёт над гняздом зязюлі» паводле аднайменнага раману Кена Кізі. Яго «залечаныя» героі пастаянна паўтараюць: «Мы тут добраахвотна».

Паводле гарадзенскага тэатральнага мастака Алеся Сурава, мэтафара «гнязда зязюлі» трапна акрэсьлівае мэнтальны стан грамадзтва. Алесь Сураў — мастак-пастаноўшчык спэктакля паводле раману Кена Кізі, які сёньня ідзе ў Гарадзенскім драматычным тэатры. Сёлета спэктакль гарадзенцаў быў вельмі добра прыняты на міжнародным тэатральным фэстывалі «Балтыйскі дом» у Санкт-Пецярбургу. А летась атрымаў першы прыз на пецярбурскім фэстывалі «Балтыйская вясна».

Алесь Сураў
Алесь Сураў
Сураў: «Тэма адэкватнасьці-неадэкватнасьці чалавека, а тым больш тых, хто вызначае гэта, пра што паўстагодзьдзя таму пісаў амэрыканскі пісьменьнік — гэта вельмі актуальна для нас. Маё стаўленьне да праблемы? Лічу, што ёсьць так званы памежны стан, калі чалавек знэрваваны жыцьцём ды сыстэмай. Напэўна, такому чалавеку дапаможа псыхоляг, псыхатэрапэўт. Што да людзей хворых, з парушанай псыхікай, то іх у псыхіятрычных лякарнях ня лечаць. З дапамогай хіміі забіваюцца іх эмоцыі, і больш нічога. Як у кнізе Кена Кізі, раніцай усім выдаюцца псыхатропныя таблеткі, якія ўсіх супакойваюць, і ўсе задаволеныя — санітары, лекары і пацыенты».

Папулярны пецярбурскі адвакат Міхаіл Сьмірноў, сярод кліентаў якога шмат пацярпелых ад турэмнай псыхіятрыі, перакананы, што галоўная мэта інстытуту турэмнай псыхіятрыі ў краінах былога СССР — стварыць магчымасьць несудовага перасьледу. Найчасьцей, калі склад абвінавачваньня не відавочны або калі злачынства не даказанае. У адваротным выпадку пытаньне аб прымусовым псыхіятрычным лекаваньні нават і ня ставіцца. Так, напрыклад, было з Чыкацілам.

«Нездароўе душы — гэта ў значнай ступені выдумка або ўласьцівасьць самой душы. Гэта тое, якім чалавека стварыла прырода. Гэта ня лечыцца. Нягледзячы на нейкія дзівацтвы ў сваім мысьленьні, чалавек павінен успрымацца свабодным і роўным.Калі ён робіць злачынствы, то ён павінен за іх адказваць», — перакананы Міхаіл Сьмірноў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG