Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даруй, Яне! Успаміны беларуса, які ў складзе савецкай арміі акупаваў Чэхаславаччыну


Савецкія войскі ў Празе, 1968. Фота: Paul Goldsmith
Савецкія войскі ў Празе, 1968. Фота: Paul Goldsmith

Негераічныя ўспаміны. Так назваў блог пра свой удзел у савецкім уварваньні ў ЧССР у 1968 годзе старшыня Севастопальскага таварыства беларусаў Валер Барташ. Паўтор публікацыі ад 2013 году.

24 жніўня 1968 году мотастралковы полк, у якім я служыў, перайшоў дзяржаўную мяжу ЧССР з боку Вугоршчыны. Да найменшых падрабязнасьцяў засталося ў памяці ўсё, што папярэднічала гэтаму. Невялікая паляна, акружаная хмызьняком. Шыхтаваньне асабістага складу паротна. У страі стаялі салдаты розных нацыянальнасьцяў, пераважна каўказцы, сярэднеазіяты. Нездарма нашу мотастралковую дывізію называлі «дзікай».

1968: як СССР прыдушыў Праскую вясну
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:16 0:00


Камандзір зачытаў загад міністра абароны СССР, у якім гаварылася, што ў выпадку нападу дазвалялася адкрываць агонь на паражэньне. Было ціха. Думка ўва ўсіх была адна — гэта сур’ёзна.

Наша рота забясьпечвала рэгуляваньне руху калёны. Рэгулявальнікі са сваімі жэзламі стаялі адкрытыя і неабароненыя, і гэта ўзмацняла пачуцьцё небясьпекі. «Тэрмінова захварэў» салдат-грузін. Моўчкі, без звычайнага галасу, атрымалі патроны і зарадзілі магазыны аўтаматаў. Каманда «Па машынах!». Зараўлі рухавікі бронетранспартэраў.

Старшыня Севастопальскага таварыства беларусаў Валер Барташ у войску, Чэхаславаччына, 1968 год
Старшыня Севастопальскага таварыства беларусаў Валер Барташ у войску, Чэхаславаччына, 1968 год



А 19-й гадзіне полк перайшоў чэхаславацкую мяжу. Бясконцай грукатлівай стальной стужкай, разьбіваючы дарожнае пакрыцьцё, рушылі танкі, самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі — 100-мілімэтровыя САУ з латамі на брані, якія засталіся з вайны, зэнітныя комплексы, палявыя кухні, аўтамашыны, гружаныя боепрыпасамі, аўтацыстэрны ды іншае вайсковае майно. У гэты дзень пайшоў чацьвёрты год маёй службы ў арміі — жорсткая расплата за юнацкую легкадумнасьць. Наперадзе былі маршы, блякаваньне частак чэхаславацкай арміі. Насельніцтва выказвала незадаволенасьць, але збройнага супрацьстаяньня не было, і гэта чамусьці выклікала ў мяне раздражненьне.

Адзін з экспанатаў прыватнай экспазыцыі Валера Барташа, прысьвечанай падзеям у ЧССР 1968 году.
Адзін з экспанатаў прыватнай экспазыцыі Валера Барташа, прысьвечанай падзеям у ЧССР 1968 году.

Дывізія засталася ў Чэхаславаччыне, а мы, «дэмбелі», у халодных чэхаславацкіх вагонах рушылі дадому. Памятаецца фраза сяржанта-масквіча: «Шкада, па жывых цэлях ня пастралялі».

Памежная станцыя Чоп, прыгажун Львоў — свой, але ня родны. 30 сьнежня, раньняя раніца, Сэвастопаль, вітаю, мора! Марскі патруль чатырма парамі вачэй упёрся ў мае салдацкія пагоны. Са словамі «Прывітаньне, салабоны!» аддаў гонар. Фізіяноміі матросаў выцягнуліся: якое хамства, ды яшчэ ад салдата. Але мічман — старшы патруля аказаўся здагадлівым хлопцам і паблажліва махнуў рукой. Вось і дом. Якой радасьцю засьвяціўся твар маці, стрыманыя бацькавы абдымкі — сын вярнуўся!

Прайшло 45 гадоў. Часам я ўключаю інтэрнэт і гляджу хроніку «Чэхаславаччына-1968». Гляджу з сумам, як чалавек узгадвае маладыя гады, калі, здавалася, усё жыцьцё наперадзе. На экране бачу салдат у гімнасьцёрках, натоўпы людзей, мільгаюць твары палітыкаў… Я быў там, дзякую лёсу, што мяне не атруцілі вадой ці півам, не забілі на варце і, самае галоўнае, што не давялося мне страляць па жывых цэлях на паражэньне. Я забыўся імёны камандзіраў і салдат, я не пэрсаніфікую на сябе віну за акупацыю Чэхаславаччыны, усьведамляючы, што выконваў абавязак салдата. Але ёсьць імя чалавека, якое не пакідае мяне, і я адчуваю, што вінаваты ў ягонай гібелі. Ян Палах, амаль мой аднагодак. У думках я датыкаюся рукою да каменя на Вацлаўскай плошчы ў Празе, дзе ён палыхнуў паходняю Свабоды, і кажу «Прабач, Яне!»


Валер Барташ, старшыня Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча «Пагоня», 2013

Валер Барташ, старшыня Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча «Пагоня», з жонкай Валянцінай падчас акцыі ў падтрымку палітвязьня Зьмітра Дашкевіча ў Севастопалі.
Валер Барташ, старшыня Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча «Пагоня», з жонкай Валянцінай падчас акцыі ў падтрымку палітвязьня Зьмітра Дашкевіча ў Севастопалі.



Апэрацыя «Дунай» — увод войскаў Варшаўскай дамовы (акрамя Румыніі) у Чэхаславаччыну, які пачаўся 21 жніўня 1968 года і паклаў канец рэформам Праскай вясны. Найбуйнейшы кантынгент войскаў выдзеліў СССР. Аб’яднанай групоўкай (да 500 тыс. чалавек і 5 тыс. танкаў і БТР) камандаваў генэрал арміі Іван Паўлоўскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG