Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачанага ў замаху на Бабчанку асудзілі на 4,5 года турмы


Барыс Герман у залі суду. Кіеў, 31 траўня 2018 году.
Барыс Герман у залі суду. Кіеў, 31 траўня 2018 году.

Суд у Кіеве прысудзіў да 4,5 года турмы Барыса Германа. Яго прызналі вінаватым у арганізацыі замаху на расейскага журналіста Аркадзя Бабчанку ў Кіеве. Кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны (СБУ) Васіль Грыцак паведаміў агенцтву «Інтэрфакс — Украіна», што прысуд быў вынесены 30 жніўня. Ён уступіць у сілу празь месяц.

Грыцак пацьвердзіў, што Герман пайшоў на ўгоду са сьледзтвам, цалкам прызнаўшы сваю віну.

У жніўні генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка паведаміў, што Герман пацьвярджае адну з вэрсіяў сьледзтва аб датычнасьці да злачынства Расеі. Масква дачыненьне да замаху на Бабчанку адхіляе.

Раней Барыс Герман сваю віну адмаўляў. Ён заяўляў, што ў справе Бабчанкі ён супрацоўнічаў са Службай зьнешняй выведкі Ўкраіны. Паводле Германа, па яе заданьні ён выходзіў на сувязь з расейскім прадпрымальнікам Вячаславам Піваварнікам. Той даў яму сьпіс асобаў, забойства якіх на тэрыторыі Ўкраіны Герман павінен быў арганізаваць. Сярод іх, па словах падазраванага, прозьвішча Бабчанкі не было.

Служба вонкавай выведкі Ўкраіны адмаўляе сваю датычнасьць да дзейнасьці Германа.

Расейскі апазыцыйны журналіст Аркадзь Бабчанка жыве і працуе ва Ўкраіне з 2017 году. 29 траўня ўкраінская паліцыя абвясьціла аб яго забойстве. Днём пазьней старшыня СБУ Васіль Грыцак заявіў, што журналіст жывы, а забойства было інсцэніравана з мэтай злавіць арганізатараў злачынства. Адным з падазраваных назвалі Барыса Германа, сузаснавальніка ўкраінска-нямецкага СП «Шмайсер», якое займаецца пастаўкамі зброі дзяржаўнага канцэрну «Украбаронпром». Затрымалі падазраванага 30 траўня, затым адправілі пад варту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG