Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ: У справе пра замах на Бабчанку затрыманы яшчэ адзін грамадзянін Украіны


Аркадзь Бабчанка.
Аркадзь Бабчанка.

Служба бясьпекі Ўкраіны затрымала яшчэ аднаго грамадзяніна Ўкраіны ў справе аб замаху на жыцьцё расейскага журналіста Аркадзя Бабчанкі.

«У працэсе правядзеньня негалосных сьледчых дзеяньняў удалося ўстанавіць іншых суарганізатараў злачынства. Разам з грамадзянінам Германам да арганізацыі тэрарыстычных актаў датычны грамадзянін Украіны Піваварнік Вячаслаў», — паведаміў на брыфінгу намесьнік кіраўніка Галоўнага сьледчага ўпраўленьня СБУ Багдан Тывадар.

На брыфінгу прадэманстравалі ліставаньне затрыманага раней Барыса Германа зь Вячаславам Піваварнікам, а таксама тэлефонныя размовы аб набыцьці зброі для зьдзяйсьненьня іншых тэрарыстычных актаў у дачыненьні да асоб, вызначаных спэцслужбамі Расеі, і аб падрыхтоўцы іншых грамадзян Украіны для выкананьня адпаведных заданьняў.

«Забойства Бабчанкі мусіла стаць своеасаблівым "тэст-драйвам" адносна іх здольнасьці выкананьня заказаў расейскіх спэцслужбаў ды іншых злачынстваў», — дадаў Багдан Тывадар.

Паводле інфармацыі СБУ, у часе дасудовага расьсьледаваньня таксама ўстаноўлена, што «Барыс Герман паводле ўказаньня Піваварніка ў траўні 2018 году зьдзяйсьняў фінансаваньне ды лягістыку з Расейскай Фэдэрацыі ва Ўкраіну групы грамадзян Украіны (усяго тры асобы), якія ў Растове-на-Доне прайшлі інструктаж ды навучаньне, накіраваныя на далейшае выкананьне тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Ўкраіны». Адпаведную падрыхтоўку ажыцьцяўлялі спэцслужбы Расеі.
Багдан Тывадар дадаў, што адзін з такіх грамадзян ужо затрыманы, а месца знаходжаньня Вячаслава Піваварніка ў Расеі вызначаецца.

«13 чэрвеня затрыманы грамадзянін Украіны Т., які кіраваў вышэй названаю групаю асоб у Растове-на-Доне і ва Ўкраіне. Па месцы ягонага пражываньня ў часе ператрусу знойдзена зброя. На дадзены час ёсьць дастаткова абгрунтаваных падстаў, каб падазраваць грамадзяніна Т. у датычнасьці да падрыхтоўкі тэрарыстычных актаў», — паведаміў прадстаўнік СБУ.

Увечары 29 траўня зьявіліся паведамленьні, што ў Аркадзя Бабчанку стралялі на парозе ягонай кватэры ў Кіеве. Пазьней паліцыя заявіла, што Бабчанка памёр у машыне хуткай дапамогі.

30 траўня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што Бабчанка жывы, а замах на забойства быў інсцэніроўкай, каб затрымаць арганізатара. Паводле СБУ, забойства Бабчанкі замовілі расейскія спэцслужбы, на замову якіх на тэрыторыі Ўкраіны плянавалі зьнішчыць яшчэ 30 грамадзян Расеі.

Барыс Герман, затрыманы паводле падазрэньня ў арганізацыі замаху на жыцьцё Аркадзя Бабчанкі, на судовым паседжаньні 31 траўня заявіў, што сапраўды атрымаў з Расеі сьпіс 30 чалавек, якіх хацелі зьнішчыць ва Ўкраіне, і які ён тэрмінова перадаў «у контрвыведку». Ён аднак не назваў канкрэтную структуру, зь якой нібыта супрацоўнічаў. У той жа час менавіта ён назваў імя Вячаслава Піваварніка, ад якога ён атрымаў сьпіс патэнцыйных ахвяр на зьнішчэньне.

Прадстаўнік абвінавачаньня заявіў, што на допыце Герман адмовіўся даваць паказаньні і нічога не казаў пра супрацоўніцтва з контрвыведкай. Абвінаваўцы таксама дадалі, што Дэпартамэнт контрвыведкі зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем Службы бясьпекі Ўкраіны. У выніку суд арыштаваў падазраванага на два месяцы.

Пазьней Служба зьнешняй выведкі Ўкраіны таксама заявіла, што ніколі не супрацоўнічала з Барысам Германам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG