Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам адказаў на пэтыцыю пра бюджэтныя растраты пры рэканструкцыі Камсамольскай


Менгарвыканкам 29 жніўня адказаў на пэтыцыю менчукоў з заўвагамі наконт рэканструкцыі вуліцы Камсамольскай і просьбай праверыць, ці была растрата бюджэтных сродкаў.

Стварыў пэтыцыю блогер Антон Матолька.

Пэтыцыю накіравалі ў Менгарвыканкам, Камітэт дзяржкантролю, пракуратуру Менску.

Пад пэтыцыяй падпісаліся 758 чалавек.

Яны прасілі, каб улады адказалі на пытаньні:

  1. Чаму там два шэрагі ліхтарных слупоў, калі дастаткова было аднаго?
  2. Навошта закуплялі кветачніцы на 100 тысяч даляраў, па 1400 даляраў за кожную?
  3. Чаму пры гэтым ня зладзілі якаснага вадасьцёку і не правялі абяцанага азеляненьня?
  4. Чаму рэканструкцыю правялі без грамадзкіх абмеркаваньняў і збору прапановаў ад жыхароў?
  5. Чаму нідзе не апублікавалі праектную дакумэнтацыю аб’екта?

Што адказаў Менгарвыканкам?

  1. Паміж апорамі ліхтароў прадугледжаны месцы для ўсталяваньня вонкавай рэклямы, «што дазволіць больш рацыянальна выкарыстоўваць дадзеную тэрыторыю».
  2. Наконт кветачніц за 100 тысяч даляраў адказу няма.
  3. Вадасьцёк уяўляе сабой латакі адкрытага і закрытага тыпу з далейшым адвядзеньнем водаў у ліўневую каналізацыю. Інакшае рашэньне «немэтазгодна», бо, каб зрабіць вадасьцёк, неабходна перакласьці і вынесьці ўсе дзейныя інжынэрныя сеткі. Гэта суправаджаецца «вялікім аб’ёмам» земляных прац з уладкаваньнем катлавану, а таксама высечкай дрэваў. Гэта павялічыла б пэрыяд рэканструкцыі.
  4. Закупкі праводзілі паводле пастановы Савету міністраў аб арганізацыі закупак. Кошт матэрыялаў і вырабаў вызначалі праз закупкі адкрытага фармату.

Сёлета ў ліпені залевы ператваралі ў рэкі розныя вуліцы ў Менску і ў іншых гарадах Беларусі. Камсамольскую тапіла тры разы, яе жартам празвалі «суднаходнай».

Рэканструкцыя вуліц Камсамольскай і Рэвалюцыйнай у Менску завяршылася напярэдадні дзяржаўнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. Там, дзе раней была праезная частка і паркоўка ў цэнтры гораду, зрабілі пешаходную зону.

Прынамсі ў дзясятку беларускіх гарадоў — Берасьці, Горадні, Магілёве, Гомлі, Бабруйску, Маладэчне, Пінску, Лідзе, Кобрыні, Слоніме — ёсьць пешаходныя вуліцы, кварталы, бульвары.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG