Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы беларус назваўся грэцкім словам Leucorussus


Фрагмэнт афішы спэктаклю «Электра»
Фрагмэнт афішы спэктаклю «Электра»

Сяргей Дубавец напісаў у фэйсбуку, што беларусы дзеляцца сёньня на дзьве часткі — белых, што азначае свабодных, і проста рускіх. Назва сапраўды зь дзьвюх частак, факт. І белыя, як выглядае, у меншасьці.

А першы, хто так назваўся, зрабіў гэта па-грэцку: Leucorussus. Беларус. Саламон Рысінскі, прыдворны паэт Радзівіла, кальвініст. Назваўся так у 1586 годзе, калі паступіў у нямецкі ўнівэрсытэт. А краіна, кажа, наша — Leucorossia, кропка. Ён так вырашыў у душы. Для сябе. І зрабіў адкрыцьцё для іншых. Грэцыя зь яе антычнасьцю наогул была нядрэннай крыніцай для карыстаньня, між іншым.

А я думаю цяпер: чаго гэта так вабіць яна мяне? Нескарыстанай магчымасьцю, што суседзі не змарнавалі, літоўцы. Яны пачалі будаваць свае падмуркі зь міталёгіі, з антычных часоў, прыдумаўшы сабе багоў і паходжаньне міжземнаморскае. Толькі што разрываліся паміж грэцкім і рымскім. («З “Іліядай” пад падушкай») І беларусы прычыніліся, з уніятаў, і нават паляк Крашэўскі, вядомы літаратар, якога літоўская ідэя захапіла. Ластоўскі ў «Лябірынтах» толькі пераймаў іх.

Афішы спэктакляў у Хані, былой сталіцы Крыту («Электра» і «Антыгона»)
Афішы спэктакляў у Хані, былой сталіцы Крыту («Электра» і «Антыгона»)

Чаму мяне працягвае вабіць Грэцыя, асабліва Крыт, чаму хочацца вяртацца туды? Крыт — самы поўдзень Эўропы, месца першай дзяржавы. Яе жыхары першымі сярод нас, цяперашніх эўрапейцаў, навучыліся пісаць і чытаць. Знаходзячыся сярод грэкаў, няцяжка адчуць, чаму Нямеччына, Эўразьвяз мільярдаў не шкадуюць збольшага турыстычнай і нярэдка натурыстай краіне: тут Эўропа пачыналася, тут яна заканчваецца. І таму патрэбная стабільная Грэцыя. Кропка.

Перакуленыя крэслы вулічнай кавярні
Перакуленыя крэслы вулічнай кавярні

Саламон Рысінскі ведаў старагрэцкую, для нас жа сёньня надпісы, тэксты — мікс з грэцкіх, кірылічных і лацінскіх літар. Можна часам зразумець толькі назву вядомай антычнай п’есы. (Ды рэкляму кока-колы «з крыцкім калярытам»). Але ў Беларусі ня ставяць іх, хаця тэатар пачынаўся ў грэцкіх гарадах, з Эсхіла і наступнікаў. І статуй ня маем. Скульптуры антычнага ўзору на парлямэнцкіх ды іншых будынках Эўропы, на трыўмфальных брамах. І ў Літве яны ёсьць, вялікі катэдральны сабор на плошчы ў Вільні — прыклад. А ў нас няма.

Рэкляма кока-колы
Рэкляма кока-колы

Беларусы выкарысталі грэцкіх багоў («Тарас на Парнасе», «Энэіда навыварат»), каб парагатаць. Літоўцы выкарысталі ў сваіх мэтах і грэцкі Алімп, і рымскі пантэон і зрабілі гэта зь вельмі паважным абліччам. Вынікі — відавочныя. Яны больш «белыя», больш свабодныя, чым мы. І па лічбе турыстаў мы адсталі ад іх даволі безнадзейна.

Прыклад літоўцаў што паказвае? Што ставіць фантастычныя мэты, бывае, мае сэнс, бывае апраўданым. А што паказвае прыклад грэкаў? Што яны адчулі сябе нарэшце згуртавана перад небясьпекай Пэрсыдзкай імпэрыі, у вайне зь якой усьвядомілі сябе эўрапейцамі, што адрозныя цалкам ад пэрсаў, якія — азіяты. Што яшчэ паказвае нам прыклад грэкаў? Што культурна перамогшы Рым, яны сталі яго правінцыяй. Як мы, даўшы сваю культуру паганскім літоўцам, сталі для іх урэшце «літоўскай зямлёю», Літвой. І назву сабе забралі назаўсёды разам з усімі яе гістарычнымі кляйнотамі і выгодамі. Мы аказаліся на задворках гісторыі. Са старэйшых братоў — у малодшых. І тэорыя, прыдуманая ў ХІХ стагодзьдзі, аб заваяваньні літоўцамі нас аказалася вельмі жывучай. І для іх саміх — падарункам лёсу. І гучала праўдападобна: варвары часта заваёўвалі больш культурных суседзяў, той жа Рым. На такіх рэчах літоўцы сябе і будавалі.

Мы ж сябе крыху больш-менш адасоблена ўсьведамляць пачалі толькі калі хіснулася ад нас імпэрыя ў 1991-м, каторая ад Смаленска да Аляскі. Толькі пачалі асвойтвацца ў новай ролі гаспадароў у сваёй хаце, як спалохаліся, ня здолелі сваім розумам жыць, безь яе, прысмакталіся да цыцкі.

Грэцкія графіці
Грэцкія графіці

Зьмяшаньне шрыфтоў у грэцкай мове сёньня — для мяне гэта, калі параўноўваць, наша становішча паміж Усходняй і асноўнай Эўропай. Але мала хто гэта можа ўсьвядоміць. Пагатоў ацаніць — што мы маглі б выкарыстоўваць нароўні лацінку з кірыліцай, адчуваць сябе і быць цэнтральнымі эўрапейцамі, не даважкам да суседняй імпэрыі. У рэчаіснасьці цяпер навала шыльдаў, назваў на дарэвалюцыйнай расейскай. У супэрмаркеце менская гарэлка ў адметных бутэльках — вялікія постэры. У Горадні на турыстычнай вуліцы стаіць шыльда «Трактіръ», пры гэтым «зь беларускай кухняй». Такі вінэгрэт у галовах.

У сучаснасьці нейкае падабенства ў нас з Грэцыяй, аднак, знайсьці можна. Там малады харызматычны лідэр (якім Лукашэнку называлі 24 гады таму), якому таксама ўдаецца атрымліваць вялізныя субсыдыі ад Эўропы. Што праўда, Расея Беларусі на турызм не дае, толькі на ўтрыманьне непарушнасьці рэжыму. А Цыпрасу даюць. У 14 грэцкіх аэрапортах пашыраюць тэрміналы для прыёму турыстаў. На гэта далі 415 мільёнаў эўра, у дадатак да 1 мільярда і 200 мільёнаў, якія Грэцыя атрымала раней. 27 мільёнаў турыстаў летась было, а грэкі хочуць болей.

Вітрына кнігарні, над Кафкам кніга са Сталінам на вокладцы
Вітрына кнігарні, над Кафкам кніга са Сталінам на вокладцы

Грэкі ператварыліся ў тых, хто сустракае, развозіць турыстаў па гатэлях, на кожным кроку стараецца зацягнуць у тавэрну і прадаць хоць які-небудзь сувэнір. Мяне заўсёды нават не бянтэжаць, зьдзіўляюць горы сувэнірных драўляных чэлесаў. Якіх толькі няма, расьпісных, розных. Ад вялікага да сьмешнага адзін крок. А сёлета яшчэ трапілася мыла ў выглядзе чэлеса. Праўда, гаспадыня крамы была скандынаўкай. Вядомы апошні антычны ўрок Грэцыі: культ эротыкі, фізычных уцехаў, паслабла Элада, зрабілася ахвярай. Так, між іншым, і Рым пазьней будзе заканчваць. Але тут падабенства ў нас зь імі бадай няма. Мы ўвесь час ці на палетку, ці на канвэеры, на працоўнай вахце.

І калі ўцехаў, то хутчэй у тэлевізары ці ў тэатры. Маленькі прыклад. «Sex, любовь и налоги» — такая расьцяжка вісіць палову лета на гарадзенскім драмтэатры, прэм’ера — празь месяц. Сабралі ў будынку днямі абласную нараду працаўнікоў адукацыі — расьцяжку зьнялі, як толькі закончылася — павесілі назад. Звонку цнатлівы ў нас народ, ці дакладней — начальства. Грэкі не такія. А ў астатнім мы падобныя.

Пераназываць краіну Леўкарусіяй не прапаную… Хаця Рысінскага можна паважаць, цікава прыдумаў, на грэцкі лад.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG