Менскі абласны суд вынес абвінаваўчы прысуд у дачыненьні да намесьніка дырэктара Рэспубліканскага цэнтру па аздараўленьні і санаторна-курортным лячэньні і былога галоўнага ўрача УП «Санаторый „Сярэбраныя ключы“», паведамляе прэс-служба суду.
Былая галоўны ўрач прызнаная вінаватай у перавышэньні службовых паўнамоцтваў і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры і асуджаная на 6,5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму са штрафам у 300 базавых велічынь (7350 беларускіх рублёў) і канфіскацыяй маёмасьці. Акрамя таго, яе пазбавяць права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў.
Экс-намесьнік дырэктара Рэспубліканскага цэнтру па аздараўленьні і санаторна-курортным лячэньні прызнаная вінаватай у перавышэньні службовых паўнамоцтваў і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры, паўторна. Ёй прызначанае больш строгае пакараньне — 7 гадоў 6 месяцаў пазбаўленьня волі, са штрафам у 350 базавых велічынь (8575 беларускіх рублёў), канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады.
Як раней паведамлялі сьледчыя, намесьніца дырэктара рэспубліканскага цэнтру брала хабар ад кіраўніцтва санаторыяў Беларусі за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзяць у яе кампэтэнцыю: у прыватнасьці, за закуп цэнтрам пуцёвак і паслуг у санаторыяў для разьмеркаваньня па арганізацыях, а таксама за пасьпяховае праходжаньне плянавай атэстацыі. Акрамя гэтага, яна давала незаконныя ўказаньні кіраўнікам санаторна-курортных арганізацый заключаць дамовы падраду на будаўнічыя працы зь фірмай, інтарэсы якой прасоўвала.
Другая абвінавачаная, працуючы на пасадзе галоўнага ўрача санаторыя «Сярэбраныя ключы», па ўказаньні намесьніка дырэктара цэнтру арганізоўвала фіктыўныя падрадныя тэндэры, дзе выкарыстоўваліся блянкі і адбіткі пячатак арганізацый, якія насамрэч не прымалі ўдзелу ў перамовах. У выніку дамовы падраду заключаліся зь фірмай, прадстаўнікі якой у якасьці падзякі адрамантавалі кватэру галоўнага ўрача. Акрамя таго, жанчына ў чэрвені-сьнежні 2016 году дазволіла намесьніку дырэктара цэнтру зь сям’ёй жыць у санаторыі ў нумары катэгорыі «люкс» замест нумару ніжэйшай цэнавай катэгорыі, якому адпавядалі набытыя пуцёўкі.