Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ў Эўропу, то на танках (1968–2018)


Вядомая прымаўка: рускі калі ў Эўропу, то на танку. Акупацыя былой Чэхаславаччыны ў 1968-м гэта пацьвердзіла. Але ехалі ня толькі на танках. На няновых машынах, што ламаліся ў дарозе.

Савецкія войскі ішлі на Прагу перш з суседніх ГДР, Польшчы, Вугоршчыны. Калі быў разбор палётаў апэрацыі «Дунай» у ГСВГ, прадстаўнік генштабу з Масквы сказаў, што ў ГДР за тры гады заменяць усю тэхніку на новую, каб не ламалася.

У Польшчы будучы пісьменьнік з Ольштына Владзімеж Кавалеўскі назіраў рух савецкай вайсковай калёны з Калінінградзкай вобласьці, дзе быў штаб арміі. Кавалеўскі напіша потым апавяданьне: «Самая грозная армія сьвету выглядала, аднак, зусім ня грозна. Разьбітыя газікі і зілы, блакітныя, карычневыя, шэрыя: відно было, што іх прыгналі з заводаў і калгасаў…»

Так было і ў гарадзенскім выпадку: каб адправіць вялікую колькасьць «партызанаў», прызваных з запасу, набралі аўтобусаў і машын з «народнай гаспадаркі». Вайсковыя аўтамабілі гадамі стаялі на кансэрвацыі. Многага не хапала, пакралі, успамінае гарадзенец Вітольд Іваноўскі, якому сёньня 84 гады. Быў таксама прызваны тады тэрмінова з запасу. З цяжкасьцю, але завялі, выехалі. Ён адказваў за калёну: спыняліся ўвесь час, крычаў, каманды перадаючы, «бардак быў».

Я жыву ў Горадні на рагу дзьвюх вуліц, зусім побач — вайсковы штаб. Хаджу міма і ў думках тое, як пяцьдзясят таму гадоў адсюль накіравалася цэлая армія, каб удзельнічаць у акупацыі Чэхаславаччыны. Гэта адбылося якраз 22 жніўня 1968 году. Такім стаў уклад Беларускай вайсковай акругі, альбо, калі заўгодна, БССР. «Ад нас» была адпраўленая 28 армія з Горадні і — паветрам — віцебская дэсантная дывізія.

Штаб на вуліцы Леніна да сёньня ў помніку архітэктуры царскіх часоў, але зь вялікай чырвонай зоркай на фасадзе. Сёньня тут — Заходняе апэратыўнае камандаваньне. І цяпер здараецца рух побач, калі зборы афіцэрскія ці восеньскія вучэньні, на якія любіць галоўнакамандуючы наведацца. Ды яшчэ выцягнуць часам з крамлёўскіх кабінэтаў Пуціна або Мядзьведзева.

А ў той дзень, пяцьдзясят гадоў таму, у штабе гуляў вецер. Былы журналіст Вітольд Іваноўскі ўспамінае, што яго паслалі атрымаць пісталеты для рэдакцыі сьвежасьпечанай армейскай газэты «Боевая слава». Заскочыў у штаб арміі: скразьнякі, мноства паперак. Ні вартавых, нікога. Як у 1941 годзе, такое толькі ў кіно раней даводзілася бачыць…

Я іду па вуліцы Леніна: ад штаба ў накірунку дома дарэвалюцыйнай пісьменьніцы Элізы Ажэшкі. Ён таксама нагадвае мне аб жніўні 1968-га. У ім было памяшканьне абласной філіі Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. Колькі мне раней даводзілася чуць ад паэтаў і журналістаў, што ў той час там на канапе (якую я таксама памятаю) ляжаў пахмурны ў шынелі Аляксей Карпюк. Вядомы празаік, які тады ўзначальваў абласное аддзяленьне СПБ.

Карпюка прызвалі ў «паход» на Прагу разам зь вялікай колькасьцю «партызанаў», але вырашылі, што «палітычна ненадзейны» і далі адбой. Карпюка прызначылі былі ў аддзел спэцпрапаганды. Раней быў кіраўніком «Интуриста», ведаў польскую, нямецкую, вывучаў ангельскую.

Калёна спынілася за горадам у накірунку польскай мяжы, чакалі далейшых распараджэньняў. Насустрач едзе на ўазіку генэрал Папкоў, начальнік палітаддзелу арміі. І зьнянацку бачыць Карпюка: а вы што тут робіце? Як што? Я прызваны, адказвае. І тут як замітусіліся! Вам заданьне, Карпюк, вяртайцеся ў Горадню. Пасадзілі ў машыну, і больш яго ня бачылі, успамінае Вітольд Іваноўскі. Чаму празаіка адаслалі назад? Генэрал пазнаў Карпюка: той заўсёды выступаў на пленумах, меў у начальства рэпутацыю дысыдэнта.

Заходзяць у кабінэт у доме Ажэшкі пісьменьнікі Васіль Быкаў і Барыс Клейн, якіх начальства таксама лічыла дысыдэнтамі, а Карпюк слухае «галасы»: што робіцца там, у Празе? Аб гэтым мне даводзілася чуць і ад паэта Юркі Голуба, і ад іншых.

Пазьней Карпюк трапіць у сур’ёзны пераплёт — будзе выключаны з КПСС. Іначай і не магло закончыцца для яго, калі сам шэф КДБ Андропаў у закрытым лісьце ў ЦК КПСС будзе наракаць на «политически нездоровые настроения белорусских писателей — члена КПСС Карпюка и Быкова».

Штаб у Горадні як «кузьня кадраў» заўсёды будзе «у цане». Камандуючага (1986-87) 28-й арміяй генэрала Громава пашлюць у Афганістан, будзе выводзіць кантынгент назад у СССР. Першы намесьнік камандуючага (1989-92) Квашнін узначаліць аб’яднаны расейскі кантынгент на самым пачатку вайны ў Чачні.

Карпюка не пусьцілі ў паход супраць «Праскай вясны», уражаньняў для рамана не сабраў. Хаця ў саму Чэхаславаччыну гарадзенцы тады ня трапяць. Штаб і партызанаў тармазнуць на чэхаславацкай мяжы, не спатрэбяцца. А вось танкі 28-й арміі, што прыбудуць са Слоніма і Берасьця, застануцца ў ЧССР на доўгія дваццаць год. Калі прыйдзе час цягнікамі вярнуць іх назад, да месца былой «дысьлякацыі», СССР на мапах больш ня будзе. Зьнікне. Урок гісторыі: ня трэба ў Эўропу ды на танках.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG