Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм беларускі Дар’і Жук «Крышталь» атрымаў галоўны прыз кінафэстывалю «Акно ў Эўропу»


Кадр з фільму «Крышталь»

Галоўны прыз конкурсу «Капрадукцыя. Акно ў сьвет» расейскага кінафэстывалю «Акно ў Эўропу», які праходзіў у Выбаргу, атрымаў фільм беларускі Дар’і Жук «Крышталь». Пра гэта паведамляецца на афіцыйнай старонцы фэстывалю ў Facebook.

Узнагароду на ўрачыстай цырымоніі закрыцьця ўручылі выканаўцы галоўнай ролі Аліне Насібулінай. Усяго на фэстывалі ў Выбаргу было паказана каля 130 фільмаў.

Фільм «Крышталь» здымалі ў Беларусі, у вытворчасьці ўдзельнічалі кінакампаніі зь Беларусі, ЗША, Нямеччыны і Расеі. Летась стужка атрымала ўзнагароду ў сэкцыі Works in Progress на Талінскім міжнародным кінафэстывалі. Сёлета ўдзельнічала ў кінафэстывалі ў Карлавых Варах.

Галоўная гераіня фільму Эвэліна (Вэля) жыве ў Менску, але марыць зьехаць у ЗША і працаваць там дыджэем. Каб атрымаць візу, яна мусіць паехаць у невялікае мястэчка і прасіць дапамогі ў сям’і Сьцяпана, які нядаўна вярнуўся з войска і ў якога празь некалькі дзён вясельле. У ланцужку падзей сьмешнае зьвязана з сумным і часам брутальным.

Дар’я Жук нарадзілася ў Менску, вучылася і жыве ў ЗША. Скончыла Гарвардзкі і Калюмбійскі ўнівэрсытэты, працавала на канале HBO, зьняла некалькі кароткамэтражных фільмаў. Адзін зь іх, «Сапраўдная амэрыканка», быў адзначаны дыплёмам Менскага міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад» у 2015 годзе.

Сярод кароткамэтражных фільмаў Дар’і Жук — «Тое, што цябе не заб’е», «Зьесьці турыста», «Паветра ўнутры», тэлевізійны пілёт сыткому «Філфак».

Поўнамэтражныя дакумэнтальныя прадусарскія працы — «Гогаль Бардэла нон-стоп», «Фільм аб Ганьне Ахматавай», «Падарожжа Дзьмітрыя Шастаковіча».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG