Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Карлавых Варах адкрываецца кінафэстываль, дзе свой фільм прадставіць беларуская рэжысэрка


Сёньня ў Карлавых Варах у Чэхіі адкрываецца 53-ці міжнародны кінафэстываль. У ягонай праграме 182 мастацкія і дакумэнтальныя фільмы.

Беларуская рэжысэрка Дар’я Жук, якая жыве ў Ню-Ёрку, прадставіць на міжнародным кінафэстывалі свой першы поўнамэтражны фільм «Крышталь». Фільм адкрые конкурсную сэкцыю «На Ўсход ад Захаду».

— Заўсёды важны фільм, які адкрывае паказ. Гэта будзе фільм таленавітай беларускай рэжысэркі Дар’і Жук «Крышталь». Мы вельмі рады, што нам удалося атрымаць гэтую стужку, поўную дынамікі і маладосьці. Дзеяньне адбываецца ў Менску дзевяностых гадоў, галоўная гераіня — маладая юрыстка, што зарабляе на жыцьцё як дыджэй у клюбе. Яе мара — патрапіць у Амэрыку, у больш цікавае і маляўнічае грамадзтва, чым тое, у якім цяпер знаходзіцца. Гэты фільм быў зьняты сумесна з ЗША, а гэта адпавядае нашым памкненьням дапамагаць кінэматаграфістам з ўсходнеэўрапейскіх краін, пашыраць поле іх дзейнасьці, — кажа дырэктар 53-га карлаварскага кінафэстывалю Карэл Ох.

Здымкі адбываліся ў Беларусі, у яго вытворчасьці ўдзельнічалі кінакампаніі зь Беларусі, ЗША, Нямеччыны. Летась фільм атрымаў узнагароду ў сэкцыі Works in Progress на талінскім міжнародным кінафэстывалі.

Дар’я Жук нарадзілася ў Менску, вучылася і жыве ў ЗША. Скончыла Гарвардзкі і Калюмбійскі унівэрсытэты, працавала на канале HBO, зьняла некалькі кароткамэтражных фільмаў. Адзін зь іх, «Сапраўдная амэрыканка», быў адзначаны дыплёмам Менскага міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад» у 2015 г.

Сярод кароткамэтражных фільмаў Дар’і Жук «Тое, што цябе не заб’е», «Зьесьці турыста», «Паветра ўнутры», тэлевізійны пілёт сіткому «Філфак».

Поўнамэтражныя дакумэнтальныя прадусарскія працы: «Гогаль Бардэла нон-стоп», «Фільм аб Ганьне Ахматавай», «Падарожжа Дзьмітрыя Шастаковіча».


Беларуская рэжысэрка прадставіць на міжнародным кінафэстывалі фільм пра моладзь 90-х

У фэстывальнай сэкцыі «На Ўсход ад Захаду» удзельнічае таксама ўкраінскі поўнамэтражны мастацкі фільм «Вулькан» рэжысэра Рамана Бандарчука.

Сёлетні кінафэстываль у Карлавых Варах арганізатары прысьвяцілі памяці чэскага рэжысэра Мілаша Формана.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG