Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская рэжысэрка прадставіць на міжнародным кінафэстывалі фільм пра моладзь 90-х


На кінафэстывалі ў Карлавых Варах будзе прадстаўлены поўнамэтражны фільм беларускай рэжысэркі Дар’і Жук, якая жыве ў Ню-Ёрку.

​Фільм «Крышталь» пакажуць на конкурснай сэкцыі «На Ўсход ад Захаду». Гэта гісторыя пра дзяўчыну з 90-х, якая марыць зьехаць у ЗША і ў сувязі з праблемамі зь візай застаецца на некаторы час у беларускай правінцыі. «Гэта менавіта беларуская гісторыя», — падкрэсьлівае Дар’я. Яна лічыць, што 90-я гады яшчэ недастаткова дасьледаваныя: у прыватнасьці, субкультура тагачаснай беларускай моладзі.

Здымкі адбываліся ў Беларусі, у яго вытворчасьці ўдзельнічалі кінакампаніі зь Беларусі, ЗША, Нямеччыны. Летась фільм атрымаў узнагароду ў сэкцыі Works in Progress на талінскім міжнародным кінафэстывалі.

Дар’я Жук нарадзілася ў Менску ў журналісцкай сям’і. У 90-я, пасьля школы паехала па абмену ў ЗША, дзе скончыла каледж, потым вучылася па стыпэндыі ў Гарвардзе. Атрымала эканамічную адукацыю, працавала на Ўол-Стрыт, пасьля скончыла кінасцэнарныя курсы Калюмбійскага ўнівэрсытэту, працавала на канале НВО. Яна рэжысэрка, прадусарка, сцэнарыстка.

Кароткамэтражны фільм Дар’і Жук «Сапраўдная амэрыканка» атрымаў прэстыжную прэмію на кінафэстывалі ў Ню-Ёрку ў намінацыі «Жаночы фільм» за асобы погляд, а таксама дыплём міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад-2015».

Гэта гісторыя пра дзяўчыну з Усходняй Эўропы, якая па абмену апынаецца ў амэрыканскай сям’і і падчас дня нараджэньня патрапляе ў шэраг забаўных сытуацыяў. Дар’я кажа, што зьняла фільм на падставе свайго вопыту.

Фільм «Сапраўдная амэрыканка» можна паглядзець тут.

Сярод кароткамэтражных фільмаў Дар'я Жук «Тое, што цябе не заб'е», «Зьесьці турыста», «Паветра ўнутры», тэлевізійны пілёт сіткому «Філфак».

Поўнамэтражныя дакумэнтальныя прадусарскія працы: «Гогаль Бардэла нон-стоп», «Фільм аб Ганьне Ахматавай», «Падарожжа Дзьмітрыя Шастаковіча».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG