Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фільм Дар’і Жук "Крышталь" — пакуль найлепшае, што я ўбачыў на Выбаргскім фэстывалі» — расейскі кінакрытык


Кадр з фільму «Крышталь».
Кадр з фільму «Крышталь».

Адбылася расейская прэмʼера фільму Дарʼі Жук «Крышталь» на фэстывалі «Акно ў Эўропу» у рамках конкурснай праграмы Выбаргскага фэстывалю.

«Фільм "Крышталь" мянчанкі Дарʼі Жук — пакуль найлепшае, што я ўбачыў на Выбаргскім фэстывалі», — напісаў у сваёй старонцы ў Фэйсбуку вядомы расейскі кінакрытык Леанід Паўлючык.

«Фільм Дарʼі Жук — ня рэтра аб ліхіх 90-х, а выказваньне пра сёньняшняе і вечнае. Аб сутыкненьні мары і рэальнасьці, пра дыктатуру побыту і прагу свабоды, аб духоўнай культуры і векавой, укаранёнай у жыцьцёвыя поры сярэднявечнай дзікасьці. Беларускае кіно на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў знаходзілася ў анабіёзу. Стараньнямі двух маладых рэжысэрак — Юліі Шатун з фільмам "Заўтра" і Дарʼі Жук з фільмам "Крышталь" — яно выйшла на прынцыпова новы творчы ўзровень. А "Крышталь" днямі заслужана вылучаны Беларусьсю на "Оскар"» — адзначыў Паўлючык.

Здымкі адбываліся ў Беларусі, у вытворчасьці фільму ўдзельнічалі кінакампаніі зь Беларусі, ЗША, Нямеччыны і Расеі. Летась стужка атрымала ўзнагароду ў сэкцыі Works in Progress на Талінскім міжнародным кінафэстывалі. Сёлета ўдзельнічала ў кінафэстывалі ў Карлавых Варах

Галоўная гераіня фільму Эвэліна (Вэля) жыве ў Менску, але марыць зьехаць у ЗША, каб працаваць дыджэем. Каб атрымаць візу, ёй даводзіцца паехаць у невялікае мястэчка і прасіць дапамогі ў сям’і Сьцяпана, які нядаўна вярнуўся з войска і ў якога празь некалькі дзён мае адбыцца вясельле. У ланцужку падзеяў сьмешнае зьвязана з сумным і часам брутальным.

Дар'я Жук.
Дар'я Жук.

Дар’я Жук нарадзілася ў Менску, вучылася і жыве ў ЗША. Скончыла Гарвардзкі і Калюмбійскі ўнівэрсытэты, працавала на канале HBO, зьняла некалькі кароткамэтражных фільмаў. Адзін зь іх, «Сапраўдная амэрыканка», быў адзначаны дыплёмам Менскага міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад» у 2015 г.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG