Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пазалоціць купал Капітолія ў Гаване


Упраўленьне справамі прэзыдэнта РФ выбрала кампанію, якой будзе даручана правесьці рамонт і аднаўленчыя работы залатога пакрыцьця Нацыянальнага Капітолія ў кубінскай Гаване. За амаль паўтара года работ падрадчык атрымае больш 642 млн расейскіх рублёў, работы павінны пачацца ўжо ў жніўні 2018 году. Інфармацыя пра тэндэр разьмешчаная на расейскім партале дзяржаўных закупак.

Хто менавіта стане выканаўцам работ, у дакумэнтах тэндэру не раскрываецца. Аднак сума кантракту за апошнія два гады вырасла больш чым у 30 разоў. Калі ўпершыню было абвешчана, што Расея будзе прымаць удзел у рэстаўрацыі Капітолія, называлася сума ў 20 млн рублёў, — нагадвае РБК.

Яшчэ больш за 10 млн рублёў з расейскага бюджэту выдзелена на кантроль якасьці работ па залачэньню купала.

Нацыянальны Капітолій у Гаване быў пабудаваны ў 1929 годзе і да 1950-х гадоў быў самым высокім будынкам у кубінскай сталіцы, яго вышыня складае амаль 92 мэтры. Сваім вонкавым абліччам і велізарным купалам нагадвае як будынак амэрыканскага Капітолія ў Вашынгтоне, так і сабор сьвятога Пятра ў Рыме.

Пра дапамогу Расеі ўладам Кубы ў рэстаўрацыі гістарычнага будынку абвясьціла ў 2016 годзе сьпікер Савета Фэдэрацыі Валянціна Мацьвіенка пасьля сустрэчы з першым намесьнікам старшыні Дзяржсавету і Савета міністраў Кубы Мігелем Дыяс-Канелем Бермудэсам. Тады заяўлялася, што парлямэнтары Кубы папрасілі Расею пра дапамогу ў рэстаўрацыі, паколькі ў расейскіх майстроў ёсьць вялікі вопыт залачэньня царкоўных купалаў. Рэстаўрацыя Капітолія ўжо доўжыцца 8 гадоў і павінна завяршыцца да 500-годдзя Гаваны: на Кубе яго будуць адзначаць у лістападзе 2019 года.

За апошнія 10 гадоў Расія даравала іншым краінам даўгі на суму больш за $ 71,5 млрд, і гэта — не лічачы $ 20 млрд, сьпісаных краінам Афрыкі за невядомы пэрыяд. Куба была лідэрам па сьпісаньню даўгоў: Расея ўжо даравала ёй больш за 31 млрд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG