Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўная рэдактарка Tut.by: Сьледчы камітэт сказіў інфармацыю аб прызнаньні маёй віны па «справе БелТА»


Марына Золатава пасьля вызваленьня абдымаецца з дачкой, 9 жніўня
Марына Золатава пасьля вызваленьня абдымаецца з дачкой, 9 жніўня

Галоўная рэдактарка парталу Tut.by Марына Золатава 16 жніўня зрабіла заяву з нагоды асьвятленьня «справы БелТА» у прэс-рэлізах Сьледчага камітэту і дзяржаўных СМІ, у якой зьвярнула ўвагу на парушэньне правоў супрацоўнікаў выданьня.

Раней свае звароты апублікавалі рэдактарка аддзелу навін Ганна Калтыгіна і галоўная рэдактарка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Ірына Леўшына.

1. Парушэньне прэзумпцыі невінаватасьці

У першым паведамленьні Сьледчага камітэту па «справе БелТА» 7 жніўня сьцьвярджалася, што да «неправамернага завалоданьня і выкарыстаньня матэрыялаў» датычныя службовыя асобы выдавецкага дому «Беларуская навука», ЗАА «БелаПАН», ТАА «ТутБай Медыя».

«Гэта парушае прэзумпцыю невінаватасьці, — піша Золатава, — наяўнасьць „несанкцыяванага доступу“ і датычнасьць да гэтага службовых асобаў мусіць даказаць суд».

2. Паведамленьне пра затрыманьне апублікавалі раней за пастанову

Пра затрыманьне Марыны Золатавай, Ганны Калтыгінай і Тацяны Каравянковай СК апублікаваў 7 жніўня а 9-й гадзіне. Пастанову пра затрыманьне Марыне Золатавай прад’явілі ў гэты ж дзень а 17-й гадзіне.

3. Сьледчы камітэт сказіў паказаньні

Сьледчы камітэт 9 жніўня заявіў:

«Галоўны рэдактар ТАА „ТутБай Мэдыя“ прызнала, што зь яе ведама на працягу доўгага часу супрацоўнікі таварыства з абмежаванай адказнасьцю „незаконна выкарыстоўвалі рэквізыты доступу да платнай падпіскі РУП БелТА“. Дадзеныя зьвесткі пацьвярджаюцца паказаньнямі сьведкаў, якія праходзяць па справе».

Золатава сьцьвярджае, што ў яе паказаньнях не гучаў выраз «зь ведама», а яго выкарыстаньне скажае сэнс. Таму, на яе думку, апублікаваная інфармацыя:

  1. Уяўляе пагрозу для расьсьледаваньня: іншыя фігуранты могуць сьведчыць на падставе інфармацыі афіцыйных органаў.
  2. Дае магчымасьць для маніпуляцый. «Советская Белоруссия» 15 жніўня заявіла, што супрацоўнікі Tut.by — не журналісты.
  3. Кампрамэтуе Золатаву ў вачах яе калег.

«Мне не падабаецца фармулёўка „улічваючы актыўнае садзеяньне сьледзтву“. <...> Ці можна лічыць „актыўным садзеяньнем“ проста жаданьне даць паказаньні на другі дзень пасьля затрыманьня, пасьля адмовы даваць паказаньні ў першы дзень?» — дадае Золатава.

4. Дыскрэдытацыя абвінавачаных у дзяржаўных СМІ

Марына Золатава зьвярнула ўвагу на парушэньне правоў і парушэньне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі супрацоўнікаў Tut.by у:

Публікацыі тэлеканалу «Беларусь 1» і газэты «Советская Белоруссия» Золатава патрабуе выдаліць, бо гэта абражае гонар і годнасьць, псуе дзелавую рэпутацыю — у ч. 2 арт. 349 КК ідзе гаворка пра «несанкцыяваны доступ» і няма гаворкі пра крадзеж.

5. Чаму апублікавалі запіс размовы?

Белтэлерадыёкампанія 7 жніўня апублікавала запіс размовы Золатавай і Калтыгінай, якая адбылася сёлета ў сакавіку. Ірына Акуловіч зьвярнулася ў праваахоўныя органы ў красавіку-траўні, пісала Эўрарадыё.

«Прававыя падставы праслухоўваньня тэлефонных размоў выклікаюць сумневы, але нават калі дапусьціць, што такія дзеяньні санкцыянаваў пракурор, іх публікацыя груба парушае і заканадаўства аб апэратыўна-пошукавай дзейнасьці, і канстытуцыйнае права грамадзян на таямніцу тэлефонных размоваў», — піша Золатава.

6. Што публікаваў TUT.BY

Паводле заявы Золатавай, на Tut.by публікавалі выключна навіны з адкрытага доступу БелТА, што прадугледжана правіламі выкарыстаньня матэрыялаў агенцтва. Кожная навіна БелТА суправаджалася спасылкамі на тры іншыя матэрыялы агенцтва, ад пачатку 2017 году гэта дало сайту БелТА больш 350 тысяч пераходаў.

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG