Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя менскага ізалятара пацьвердзіла галадоўку сьмяротніка


Архіўнае фота. Суд над «чорнымі рыэлтарамі» ў Магілёве. Асуджаны да расстрэлу Ігар Гершанкоў у Магілёўскім абласным судзе
Архіўнае фота. Суд над «чорнымі рыэлтарамі» ў Магілёве. Асуджаны да расстрэлу Ігар Гершанкоў у Магілёўскім абласным судзе

Асуджаны на сьмерць «чорны рыэлтар» Ігар Гершанкоў амаль два месяцы трымае галадоўку ў сьледчым ізалятары № 1 у Менску. Факт галадоўкі пацьвердзіў у адказе маці асуджанага начальнік турмы Андрэй Цэдрык.

Гершанкоў абвясьціў галадоўку 27 чэрвеня, бо палічыў, што адміністрацыя ўстановы цэнзуруе ягоную перапіску. Супрацоўнікі турмы ўводзяць яму праз кропельніцу адмысловыя прэпараты.

Начальнік cьледчага ізалятара: Гершанкоў «добраахвотна адмовіўся ад прыёму ежы»

Паводле Цэдрыка, Гершанкоў «добраахвотна адмовіўся ад прыёму ежы» і «знаходзіцца пад дынамічным наглядам супрацоўнікаў мэдычнай часткі ўстановы». Асуджанага раз на тыдзень узважваюць, робяць аналіз крыві і мачы, праводзяць псыхакарэктуючыя гутаркі з тлумачэньнем наступстваў адмовы ад ежы. Яму прызначаная дэзынтаксыкацыйная тэрапія, парэнтэральнае харчаваньне, якое ўводзіцца праз унутрывенную інфузію.

Працэдура праводзіцца са згоды асуджанага. Дзеля бясьпекі яе робяць у прысутнасьці ахоўнікаў. Гершанкоў, паводле службоўца, не парушае і не парушаў рэжыму ўтрыманьня ў сьледчым ізалятары.

Асуджаны адмаўляецца ад ежы, але п’е чай і кісель

Ігар Гершанкоў
Ігар Гершанкоў

9 жніўня ў апошнім лісьце родным Гершанкоў паведаміў, што галадоўку ён не спыніў, але пачаў піць гарбату з цукрам і кісель. Ад 8 жніўня яму перасталі ставіць кропельніцу. Ягоныя аналізы сталі лепшыя. Як і ў ранейшых лістах, ён адзначае, што піша скаргі ў розныя інстанцыі, але адказаў на іх ня мае. Просіць маці таксама скардзіцца і высьветліць, зь якой прычыны прыпыненае выкананьне прысуду.

Супраць чаго пратэстуе асуджаны

Зь лістоў родным, а таксама ад маці, якая бачыцца з сынам на спатканьнях, вядома, што Гершанкоў незадаволены дзеяньнямі адміністрацыі СІЗА, якая, як ён настойвае, не прапускае карэспандэнцыі ні яму, ні ад яго. Ён заяўляе, што перастане галадаць, калі атрымае адказы на свае скаргі з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў і Генэральнай пракуратуры. Туды ён зьвярнуўся ў дзень абвяшчэньня галадоўкі.

У сьледчым ізалятары Гершанкова ўтрымліваюць амаль год. Увесь гэты час асуджаны піша скаргі на несправядлівы вырак. Ён сьцьвярджае, што прызнаньне ў яго выбілі падчас сьледзтва.

За што асудзілі Гершанкова

Паводле сьледзтва, Гершанкоў і трое падзельнікаў цягам шасьці гадоў пераконвалі ўласьнікаў кватэр прадаваць сваё жытло, а пасьля забівалі іх. На вясковых могілках было адшукана шэсьць пахаваньняў і тры яміны, падрыхтаваныя для будучых ахвяраў. Імі станавіліся людзі, якія злоўжывалі алькаголем і мелі цяжкае матэрыяльнае становішча.

Архіўнае фота. У судзе над «чорнымі рыэлтарамі»
Архіўнае фота. У судзе над «чорнымі рыэлтарамі»

Магілёўскі абласны суд 21 ліпеня 2017 году прызнаў Ігара Гершанкова і ягонага падзельніка Сямёна Беражнога вінаватымі:

  • у забойстве 6 чалавек;
  • у падрыхтоўцы да забойства яшчэ траіх;
  • у шэрагу іншых злачынстваў (махлярства, вымаганьне, разбой, захоўваньне наркатычных рэчываў).

Фігурантамі гэтак званай справы «чорных рыэлтараў» былі таксама:

  • жонка Гершанкова Тацяна — яе асудзілі на 24 гады калёніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці;
  • жыхар Магілёва Барыс Калесьнікаў — атрымаў 22 гады.

Усе чацьвёра абскарджвалі вырак у Вярхоўным судзе, але той пакінуў яго ў сіле.

Гершанкову і Беражнову прыпынілі выкананьне сьмяротнага пакараньня

14 чэрвеня праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў аб прыпыненьні сьмяротнага пакараньня Ігару Гершанкову і ягонаму саўдзельніку Сямёну Беражному. Праваабаронцы спасылаліся на рашэньне намесьніка старшыні Вярхоўнага суду.

У лісьце маці сам Гершанкоў паведамляў, што пісаў скаргу ў Генэральную пракуратуру на праверку ягонай скаргі аб зьбіваньні і псыхалягічным ціску ў ходзе сьледзтва. Рэакцыя нагляднага ведамства і стала падставай, каб часова прыпыніць выкананьне прысуду.

Зварот Гершанкова зарэгістраваны ў камітэце ААН

Паводле каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэя Палуды, камітэт ААН у правах чалавека 13 ліпеня пацьвердзіў рэгістрацыю індывідуальнага звароту Ігара Гершанкова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG