Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны на сьмерць «чорны рыэлтар» месяц трымае галадоўку пратэсту


Ігар Гершанкоў, галоўны фігурант справы «чорных рыэлтараў», падчас суду
Ігар Гершанкоў, галоўны фігурант справы «чорных рыэлтараў», падчас суду

Ігар Гершанкоў пратэстуе супраць абмежаваньня ягонай перапіскі. Галадоўку ён трымае ад 27 чэрвеня ў Сьледчым ізалятары №1 горада Менску.

Ігар Гершанкоў на фота, распаўсюджаным Сьледчым камітэтам
Ігар Гершанкоў на фота, распаўсюджаным Сьледчым камітэтам

Асуджаны на сьмяротнае пакараньне «чорны рыэлтар» незадаволены дзеяньнямі адміністрацыі СІЗА, якая, як ён лічыць, не прапускае карэспандэнцыі ні яму, ні ад яго.

У сьледчым ізалятары Гершанкова ўтрымліваюць амаль год. Увесь гэты час асуджаны піша скаргі на несправядлівы вырак. Ён сьцьвярджае, што ў яго выбілі прызнаньне падчас сьледзтва ў справе.

Пасадзілі на кропельніцу

Пра галадоўку Свабодзе паведаміла маці асуджанага Людміла Гершанкова, якая 25 ліпеня мела сустрэчу зь ім. Паводле яе, сын заяўляе, што спыніць пратэст толькі пасьля таго, як атрымае адказы на свае скаргі з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў і Генэральнай пракуратуры. Туды ён зьвярнуўсяяшчэ 27 чэрвеня, і дагэтуль адказу няма.

Схуднеў на 18 кіляграмаў і выглядае зьнясіленым. Яму пагражаюць больш не даваць сустрэч з маці.

Людміла Гершанкова кажа: сын схуднеў на 18 кіляграмаў і выглядае зьнясіленым. Спасылаючыся на словы асуджанага сына, яна паведаміла, што яго «пасадзілі» на кропельніцу. Каб ён не супраціўляўся, працэдуру ажыцьцяўляюць пад наглядам узмоцненага нараду ахоўнікаў. На яго пісьмовыя патрабаваньні адмяніць кропельніцу адміністрацыя СІЗА не рэагуе. Яму пагражаюць больш не даваць сустрэч з маці.

«Сьледчыя білі сына ў прысутнасьці адваката», — маці Гершанкова

Сама Людміла Гершанкова напісала скаргі ў Адміністрацыю прэзыдэнта, Міністэрства аховы здароўя, а таксама ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў і Генэральную пракуратуру на неправамерныя дзеяньні адміністрацыі Сьледчага ізалятару №1.

За што асудзілі Гершанкова

Магілёўскі абласны суд 21 ліпеня 2017 году прызнаў Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога вінаватымі:

• у забойстве 6 чалавек;

• у падрыхтоўцы да забойства яшчэ траіх;

• у шэрагу іншых злачынстваў (махлярства, вымаганьне, разбой, захоўваньне наркатычных рэчываў).

«Усё, ён гатовы»: як чорныя рыэлтары забівалі сваіх ахвяраў

Расьсьледаваньне дзейнасьці чорных рыэлтараў пад Магілёвам. Архіўнае фота
Расьсьледаваньне дзейнасьці чорных рыэлтараў пад Магілёвам. Архіўнае фота

Фігурантамі гэтак званай справы «чорных рыэлтараў» былі таксама:

• жонка Гершанкова Тацяна — яе асудзілі на 24 гады калёніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці;

• жыхар Магілёва Барыс Калесьнікаў — атрымаў 22 гады.

Паводле сьледзтва, зламысьнікі цягам шасьці гадоў пераконвалі ўласьнікаў кватэр прадаваць сваё жытло, а пасьля забівалі іх. На вясковых могілках было адшукана шэсьць пахаваньняў і тры падрыхтаваныя яміны для будучых ахвяраў. Імі станавіліся людзі, якія злоўжывалі алькаголем і знаходзіліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы.

Усе чацьвёра абскарджвалі вырак у Вярхоўным судзе, але той пакінуў яго ў сіле.

Гершанкову і Беражнову прыпынілі выкананьне сьмяротнага пакараньня

14 чэрвеня праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў аб прыпыненьні сьмяротнага пакараньня Ігару Гершанкову і ягонаму саўдзельніку Сямёну Беражному. Праваабаронцы спасылаліся на рашэньне намесьніка старшыні Вярхоўнага суду.

У лісьце маці сам Гершанкоў паведамляў, што пісаў скаргу ў Генэральную пракуратуру на праверку ягонай скаргі аб зьбіваньні і псыхалягічным ціску ў ходзе сьледзтва. Рэакцыя нагляднага ведамства і стала падставай, каб часова прыпыніць выкананьне прысуду.

Што піша «чорны рыэлтар» з камэры сьмяротнікаў

Прыпыненьне сьмяротнага прысуду вітала дырэктарка рэгіянальнага офісу Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі Мэры Струзэрс.

«Гэта вельмі значнае і беспрэцэдэнтнае рашэньне для адзінай краіны ў рэгіёне, якая працягвае караць сьмерцю людзей усе гэтыя гады», — адзначыла яна і выказала спадзеў, што пасьля некалькіх гадоў абмеркаваньня тэмы сьмяротнага пакараньня Беларусь гатовая прасунуцца наперад.

Зварот Гершанкова зарэгістраваны ў камітэце ААН

Паводле каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэя Палуды камітэт ААН у правах чалавека 13 ліпеня пацьвердзіў рэгістрацыю індывідуальнага звароту Ігара Гершанкова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG