Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя заклікала Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне


Разгляд справы «чорных рыэлтараў» у Магілёўскім абласным судзе, ліпень 2017 году

Улады Францыі заклікалі кіраўніцтва Беларусі ўвесьці ў краіне мараторый на сьмяротнае пакараньне, што дазволіла б Менску зблізіцца з Эўразьвязам і Радай Эўропы.

З такой заявай выступіў намесьнік афіцыйнага прадстаўніка францускага МЗС Аляксандар Жыаржыні ў сувязі з вынясеньнем новых сьмяротных прысудаў у Беларусі, гэтым разам у справе «чорных рыэлтараў».

«Францыя выказвае занепакоенасьць у сувязі з рашэньнем Вярхоўнага суду ад 20 сьнежня прысудзіць да сьмерці Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога. Мы настойліва заклікаем беларускія ўлады ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне — гэта першы крок да яе адмены. Падобнае разьвіцьцё падзей спрасьціла б збліжэньне Беларусі як з Эўрапейскім Зьвязам, так і з Радай Эўропы», — цытуе ТАСС заяву дыплямата на брыфінгу.

Паводле прадстаўніка МЗС, у зьвязку з новым сьмяротным прысудам Францыя «нагадвае пра сваё нязьменнае непрыняцьце сьмяротнай кары — паўсюль і пры любых абставінах».

20 сьнежня Вярхоўны суд Беларусі пакінуў бязь зьменаў прысуды Магілёўскага абласнога суду фігурантам справы «чорных рыэлтараў».

Суд над чорнымі рыэлтарамі ў Магілёве
Суд над чорнымі рыэлтарамі ў Магілёве

У ліпені Магілёўскі абласны суд прызнаў Сямёна Беражнога, а таксама Ігара і Тацяну Гершанковых вінаватымі ў забойстве шасьці чалавек і падрыхтоўцы да ўчыненьня забойства яшчэ траіх. Ігар Гершанкоў і Сямён Беражны былі асуджаныя да вышэйшай меры пакараньня.

Сёлета ў Беларусі было вынесена ўжо тры сьмяротныя прысуды. Акрамя Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога, у сакавіку Гомельскі абласны суд прысудзіў 32-гадоваму Аляксею Міхаленю вышэйшую меру пакараньня за забойства двух чалавек з асаблівай жорсткасьцю.

22 сьнежня, пасьля рашэньня Вярхоўнага суду пакінуць у сіле прысуды магілёўскім «чорным рыэлтарам», Эўрапейская служба зьнешніх сувязяў заклікала беларускія ўлады зьмяніць прысуд на не зьвязаны з пакараньнем сьмерцю і ўвесьці мараторый на гэты від пакараньня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG