Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры навіны да дня нараджэньня Ларысы Геніюш


Міхась Геніюш ля дому ў Вімпэрку, дзе жылі і былі арыштаваныя Ян і Ларыса Геніюшы.

Чарговы год Ларысы Геніюш: пераклад на чэскую, фільм Радыё Свабода, дзіцячыя вершы паводле арыгіналу.

Прынамсі тры гэтыя падзеі адбываюцца да дня нараджэньня паэткі 9 жніўня. Напярэдадні ўнук Міхась Геніюш падпісаў у Празе дамову на выданьне чэскага перакладу «Споведзі», зь яго ўдзелам прайшлі здымкі фільму-успаміну. У Беларусі рыхтуецца новае выданьне «Лісты ўнукам», дзе многія дзіцячыя вершы будуць адноўленыя, пабачаць сьвет і раней не друкаваныя вершы.

Нарэшце «Споведзь» па-чэску

Лепшыя гады жыцьця Геніюшаў былі зьвязаныя з Чэхаславаччынай, грамадзянамі якой яны сталі ў 1947-м годзе. Да гэтага часу творчасьць Геніюш была вельмі сьціпла прадстаўлена па-чэску. Калісьці яе вершы высока цаніў і перакладаў чэскі славіст прафэсар Францішак Ціхі, але ад ідэі выдаць вершы Геніюш у перакладзе адмовіўся пасьля яе арышту. Вось згадка з успамінаў Ларысы Геніюш:

Чэх прафэсар Ціхі, ведамы славянафіл, напісаў мне, што зьнішчыць усё, што друкавалася эмігрантамі на працягу 25 гадоў, толькі мае вершы пакіне. Пераклады зь іх ужо зрабіў... Што ж, прафэсар Ціхі быў слабы чалавек. Калі мяне выдавалі саветам, ён ахвотна кінуў у мяне каменем, каб пасьля выхаду ў сьвет «Невадам з Нёмана» зноў мне выразіць сваё вялікае прызнаньне.

Пазьней, у 90-я гады некалькі перакладаў зрабіла чэская беларусістка Францішка Сокалава.

Бібліятэка імя Ларысы Геніюш у Горадні. Кнігі Ларысы Геніюш, ахвяраваныя для бібліятэкі прыхаджанамі.
Бібліятэка імя Ларысы Геніюш у Горадні. Кнігі Ларысы Геніюш, ахвяраваныя для бібліятэкі прыхаджанамі.

Найбольш вядомы дакумэнтальны твор Геніюш — кніга мэмуараў «Споведзь» — таксама не была даступная па-чэску, хаця гэта неацэнны пэрсанальны погляд аўтаркі на Чэхаславаччыну перад вайной, у часе пратэктарату і пасьля прыходу Чырвонай арміі. Сёлета, сымбалічна праз 70 гадоў пасьля выдачы Геніюшаў з Чэхаславаччыны ў СССР, працу над чэскім перакладам пачала Сьвятлана Вранава. Для яе гэта будзе ўжо пятая кніга, якую яна перакладае зь беларускай. Перад гэтым была кніга турэмнай прозы Зьмітра Дашкевіча «Чарвяк». Даданай вартасьцю кнігі павінны стаць дакумэнты з чэскіх архіваў, датычныя лёсу Геніюшаў і іх драматычнай выдачы ў ГУЛАГ.

«Эскартаваць найкарацейшай дарогай да дзяржаўнай мяжы». Як Геніюшаў выганялі з Чэхаславаччыны

Хто сёньня хоча чытаць і выдаваць літаратуру пра ГУЛАГ

«Адзін мой знаёмы, чэх маладзейшага пакаленьня, ня ведаў, што такое ГУЛАГ. Тады я яму даў пачытаць кнігу ўспамінаў пані Соснаравай — яна напалову чэшка, напалову расейка. Разам з расейскай маці, яе і сястру пасьля вайны вывезьлі ў ГУЛАГ. Тое, зь якімі словамі той чалавек потым кнігу вяртаў, мяне абавязвае працаваць надалей», — кажа чэскі выдавец Іржы Браўнэр.

Іржы Браўнэр і Міхась Геніюш сустрэліся ў Празе для подпісу дамовы пра чэскае выданьне “Споведзі”.
Іржы Браўнэр і Міхась Геніюш сустрэліся ў Празе для подпісу дамовы пра чэскае выданьне “Споведзі”.

Яго «Картузіанскае выдавецтва» з Брна мае ўжо невялікую сэрыю кніг, якія падаюць гісторыю сталінскіх рэпрэсій праз чэскія лёсы. Пры знаёмстве зь Міхасём Геніюшам, фармальна польскім грамадзянінам, пан Браўнэр згадаў і сваю дысыдэнцкую маладосьць — як у часы «Салідарнасьці» езьдзіў зь сябрам у Польшчу і тайком вёз у цягніку дадому значкі «Салідарнасьці» і ўлёткі. Кніга «Споведзь» па-чэску мае зьявіцца на прылаўках да сёлетніх Калядаў.

Па сьлядах бабулі і дзеда

Унук Геніюшаў, Міхась, у Празе быў некалькі разоў. Ніткі сямейнага сяброўства з чэхамі не парваліся і праз доўгія гады пасьля арышту і выдварэньня. Вернай сяброўкай сям’і была суседка па дому Марыя Копэцка. Аднойчы маладзейшыя Геніюшы — сын Юрка з жонкай Валянцінай і сынамі Міхасём і Алесем гасьцілі ў Копэцкіх два тыдні. Міхась не губляе надзеі адшукаць дачку пані Копэцкай, якую звалі Марыя Копэцка, але яна зьмяніла прозьвішча, выйшаўшы замуж за амэрыканца.

Пра што дапытвалі Ларысу і Яна Геніюшаў: рэдкія дакумэнты

Мясьціны, дзе ўнук ня быў яшчэ ніколі — гэта Вімпэрк і Пісэк, абодва ўтульныя гарадкі ў Паўдзённай Чэхіі. У Вімпэрку доктар Ян Геніюш пагадзіўся адпрацаваць шэсьць месяцаў, калі тут у выніку адсяленьня немцаў паводле бэнэшавых дэкрэтаў узьнік дэфіцыт мэдыцынскіх кадраў. Тут жа Ян і Ларыса былі ў 1948-м арыштаваныя на патрабаваньне савецкіх органаў. Вырашэньня свайго лёсу потым чакалі ў турме гораду Пісэк.

Міхась Геніюш ля будынку былой турмы ў Піску. Цяпер тут застаўся толькі мясцовы суд.
Міхась Геніюш ля будынку былой турмы ў Піску. Цяпер тут застаўся толькі мясцовы суд.

Па гэтых адрасах праз 70 гадоў накіраваўся і Міхась Геніюш разам са здымачнай групай Радыё Свабода. «Сёньня я старэйшы, чым былі мае дзядуля і бабуля, калі выйшлі з ГУЛАГу, кажа ўнук Геніюшаў. — Я разумею, чаму яны тады нічога не хацелі расказваць пра перажытае, чаму бабуля часамі была вельмі нэрвовая, а дзед сядзеў моўчкі, проста гледзячы перад сабой...»

Міхась Геніюш. Момант здымак фільму. Разам з прадусаркай фільму Аленай Радкевіч.
Міхась Геніюш. Момант здымак фільму. Разам з прадусаркай фільму Аленай Радкевіч.

Працяг споведзі Міхала Геніюша — неўзабаве ў фільме Радыё Свабода.

Тры «адмытыя» дзіцячыя кніжкі і перапіска з унукамі

​Вядома, што воляй лёсу старэйшыя Геніюшы былі аддзеленыя ад сям’і сына Юркі дзяржаўнай мяжой. У часе, калі бацькі сядзелі ў ГУЛАГу, яго выхоўвала ў Польшчы сястра Ларысы Антонаўны Ніна. Пазьней, калі былыя вязьні вярнуліся ў Зэльву, Юрка змог іх адведаць. Тут жа, у Зэльве ён знайшоў сваю будучую жонку, Валянціну, тут жа нарадзіўся іх першынец Міхась. Калі яму было 4 гады, зьявілася магчымасьць пераехаць да бацькі ў Беласток. Сувязі падтрымлівалі ня толькі праз візыты па дазволах, але і актыўнае ліставаньне. Для ўнукаў Геніюш пачала пісаць дзіцячыя вершы.

Адносна нядаўна Міхась Геніюш вырашыў параўнаць дзіцячыя вершы зь прысьвечанай яму кніжкі «Казкі для Міхаські» (Менск, 1972) з арыгіналамі, што бабуля пасылала яму ў лістах. Многія творы зазналі рэдактуру, некаторыя былі скарочаныя ўдвая. За падрыхтоўку новага выданьня ўзяўся беларускі журналіст і выдавец Глеб Лабадзенка.

Урэшце прыйшло рашэньне падобным спосабам аднавіць і астатнія дзіцячыя кніжкі. «Добрай раніцы, Алесь!» (прысьвечаная другому ўнуку, 1976) і «Ластаўку» (выйшла ўжо пасьля сьмерці аўтаркі, 2000). Паводле Лабадзенкі, у кнізе будуць ня толькі адноўленыя арыгіналы дзіцячых вершаў, але і зьмешчаныя 53 вершы, якія не былі раней надрукаваныя. У многіх зь іх за дзіцячай стылістыкай хаваюцца сур’ёзныя алегорыі тагачасных падзей. Да таго ж, чытачы пабачаць і малюнкі паэткі, якімі яна свае вершы суправаджала. Кніга будзе называцца «Лісты ўнукам»: асобным разьдзелам публікацыі будзе перапіска — на гэты раз ня толькі лісты Геніюш унукам, але і тое, што яны ёй пісалі зь Беластоку ў Зэльву.

Спэцыяльна для Радыё Свабода рэдактар кнігі выбраў верш «Птушкі»: першы варыянт з кнігі савецкага часу і арыгінал.

Птушкі і Міхаська

(Кніжны варыянт)

На дварэ суровы студзень
Снег мяце.
Птушкі ранкам вас
Разбудзяць
Ў цемнаце:
— Мы не маем сваіх хатак,
Ціў-ціў-ціў.
Мы шукаем тут зярнятак,
Ціў-ціў-ціў.

Дык ляціце да Міхаські
На балкон.
Канапелек і зярнятак
Дасць вам ён.

Птушкі

(Аўтарскі варыянт зь ліста да ўнука Міхася ад 16.12.1963)

На дварэ мароз суровы,
На дварэ сняжок кругом.
Чаго ж птушачкі ізноў вы
Прыляцелі пад наш дом?
«Мы не маем свае хаткі,
Ціў, ціў, ціў.
Мы шукаемо зярняткаў,
Ціў, ціў, ціў».
Дык ляціце, мае птушкі,
Да Міхаські на балкон.
Есць там крышачкі ў кармушцы,
І зярняткаў дасьць вам ён.
Там пад’ешце, пагасціце
І вяртайцеся дамоў,
А Міхасіку скажыце:
«Мілы хлопчык,
Будзь здароў!»
Паляцелі птушаняткі,
Ціў, ціў, ціў.
Да Міхаські на зярняткі,
Ціў, ціў, ціў...

На пляцоўцы Талака анансаванае выданьне ўнікальнай дзіцячай кнігі Ларысы Геніюш без цэнзуры.

У кнізе будуць зьмешчаныя 53 непублікаваныя раней дзіцячыя вершы паэткі, а таксама ўсе раней выдадзеныя і адмытыя цяпер ад савецкай цэнзуры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG