Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ера спэктаклю пра Ларысу Геніюш. Ставяць беларусы Канады


Ларыса Геніюш

Беларусы Таронта ладзяць у суботу прэм’еру спэктакля, прысьвечанага жыцьцю і творчасьці Ларысы Геніюш. 7 красавіка споўнілася 35 гадоў зь дня сьмерці адной з самых вядомых беларускіх паэтак, грамадзкай дзяячцы, шматгадовага вязьня Гулагу.

«Вуліца Геніюш» — гэта гадзінны мастацка-дакумэнтальны спэктакль пра жыцьцё Ларысы Геніюш: ад нараджэньня да сьмерці, распавядае Свабодзе ініцыятарка пастаноўкі Валянціна Шаўчэнка.

Валянціна Шаўчэнка
Валянціна Шаўчэнка

«Я часам граю ў расейскіх аматарскіх тэатрах. Выступаю ў пастаноўках, або сьпяваю беларускія песьні. І неяк пасьля цудоўнага спэктаклю, прысьвечанага Ахматавай, нехта мяне запытаў, а чаму б вам, беларусам, не зрабіць нешта такое пра беларускіх паэтаў. Лёс Ларысы Геніюш ніколі ня быў мне абыякавы. Мне здавалася, што пра яе лёс павінны ведаць усе ў маім асяродзьдзі», — распавядае спн. Валянціна.

Яна зьвярнулася да Людмілы Цям’янкі, аўтаркі сцэнароў для аматарскіх тэатраў у Таронта. Тая пагадзілася напісаць сцэнар да пастаноўкі пра Геніюш.

«Гэтая жанчына ніколі не размаўляла па-беларуску, яна з Украіны, але сама знайшла ўсе патрэбныя матэрыялы. Яна настолькі ўцягнулася ў гэтую справу, што не змагла спаць. Так захапіў яе лёс Геніюш», — кажа сп. Валянціна.

Сцэнар быў напісаны ў 2016 годзе пры фінансавай падтрымцы Згуртаваньня беларусаў Канады, але падрыхтоўка да пастаноўкі пачалася толькі ў лістападзе 2017 году. Грашыма дапамог і Беларускі інстытут Навукі і мастацта ў Канадзе, але галоўным спонсарам стаў доктар Руслан Качаткоў. Удзельнікі пастаноўкі прапаноўвалі свае праўкі ў сцэнар, самі рабілі дэкарацыі.

«Усе нашыя акторы — гэта аматары. Але кожны вельмі ангажуецца, укладае ў спэктакль усё сваё сэрца. Ёсьць сям’я, дзе маці і дачка іграюць, а бацька дапамагае з дэкарацыямі і пры гэтым яны маюць яшчэ малое дзіця.

На беларускую мову сцэнар за некалькі дзён пераклаў беларускі паэт і бард зь Нью-Ёрку Сяржук Сокалаў-Воюш. Але больш за год сцэнар праляжаў у шуфлядзе.

«Як беларуска я адчувала, што там не хапае нечага істотнага. Гэта быў сцэнар амаль што толькі пра Ларысу Геніюш — жанчыну. Такое ж уражаньне меў і мой муж, які чытаў сцэнар. І таму празь нейкі час на падставе кнігі ўспамінаў Ларысы Геніюш "Споведзь" я яго перарабіла. Атрымалася пастаноўка пра ўсё жыцьцё Геніюш, пра тое, кім была гэтая жанчына ў нашай гісторыі. Спэктакль атрымаўся акурат да 100-годзьдзя БНР, якая ў жыцьці Ларысы Геніюш была вельмі важнай старонкай», — дадае Валянціна Шаўчэнка.

У спэктаклі гучаць вершы і песьні на словы Ларысы Геніюш. Дарэчы, назва «Вуліца Геніюш», якую прапанавала выканаўца галоўнай ролі, паводле Валянціны Шаўчэнкі адлюстроўвае мару ўдзельнікаў спэктаклю аб тым, што некалі і ў Беларусі зьявіцца сапраўдная вуліца імя паэткі. Прэм’ера спэктаклю адбудзецца ў залі беларускага цэнтру ў Таронта 14 красавіка. Пачатак а 19 гадзіне.​

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG