На прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура 4 жніўня ўчынілі замах з дапамогай некалькіх дронаў, наладаваных выбуховым рэчывам, піша BBC.
Здарэньне адбылося падчас выступу Мадура на вайсковым парадзе ў Каракасе з нагоды 81-годзьдзя войска Вэнэсуэлы.
Выступ трансьлявалі ў тэлевізіі. Жывы эфір спынілі пасьля таго, як Мадура падчас сваёй прамовы разам зь іншымі чыноўнікамі паглядзелі ўверх, а вайскоўцы разьбегліся.
Міністар камунікацыяў Вэнэсуэлы сказаў, што 7 салдат атрымалі раненьні, яны шпіталізаваныя.
Мадура спадзяецца на дапамогу Трампа ў расьсьледаваньні замаху
Што кажуць улады Вэнэсуэлы?
- Паводле міністра камунікацыяў, 2 наладаваныя выбуховым рэчывам дроны накіравалі на трыбуну Мадура.
- У замаху міністар абвінаваціў правую апазыцыю. На момант публікацыі ніхто не абвясьціў пра свой удзел у гэтым.
Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура заявіў, што за замахам на яго стаіць правая апазыцыя, якая дзейнічае пры падтрымцы Калюмбіі, і яе прэзыдэнт Хуан Мануэль Сантас асабіста. Мадура паведаміў, што некалькі падазраваных у датычнасьці да замаху ўжо затрыманыя, аднак ня стаў раскрываць дэталяў.
Урад Калюмбіі адказаў на абвінавачваньні Мадура ў арганізацыі замаху
20 траўня Нікаляса Мадура датэрмінова пераабралі прэзыдэнтам Вэнэсуэлы. Вынікі выбараў не прызналі ўлады 14 лацінаамэрыканскіх краін, ЗША і Эўразьвяз. Афіцыйны Менск прызнаў выбары, Аляксандар Лукашэнка віншаваў Мадура зь перамогай.
Прэзыдэнцкія выбары ў Вэнэсуэле прайшлі на фоне эканамічнага крызісу — гадавая інфляцыя ў 2017 годзе перавысіла 2600%.
Абвяшчэньню выбараў папярэднічалі:
- Масавыя пратэсты, удзельнікі якіх абвінавачвалі Мадура ў ігнараваньні законаў.
- Арыштамі палітычных апанэнтаў Мадура.
- Ціскам на судовыя органы.