Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Сянном арыштавалі мужчыну, які шукаў наёмнага забойцу для аднасяльчанкі


Затрыманьне замоўніка

Пакутная сьмерць была абавязковай умовай «кантракту». Мужчына хацеў адпомсьціць за сына, які загінуў у дарожнай аварыі.

Віцебскія сьледчыя заявілі, што прадухілілі замоўнае забойства 21-гадовай дзяўчыны. Забойцу за 1000 даляраў шукаў грамадзянін Армэніі 1967 году нараджэньня, які жыў з жанчынай у адным сяле — у Багушэўску, што ў Сеньненскага раёне.

Праваахоўнікі атрымалі зьвесткі пра пошук забойцы яшчэ ўвесну. Выканаўцу забойства мужчына шукаў у Беларусі і Расеі, знайшоў грамадзяніна Беларусі 1979 году нараджэньня, які жыў у Расеі. Замоўнік вёў перамовы толькі асабіста, пазьбягаў тэлефонных размоваў, ды на гэты момант апэратыўнікі ўжо кантралявалі арганізацыю злачынства.

Ад патэнцыйнага кілера, сьцьвярджаюць сьледчыя, замоўнік патрабаваў, каб сьмерць ахвяры была пакутнай. «Забойца» прадставіў яму фота цела зь нібыта адсечанай нагой, ды тое быў фотамантаж. Замоўнік дамовіўся з «забойцам» пра аплату — і яго затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК.

Цяпер мужчына арыштаваны, знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Віцебску. Яму паводле п.12 ч.2 арт. 139 КК РБ пагражае ад 8 да 12 год пазбаўленьня волі, пажыцьцёвае зьняволеньне або сьмяротнае пакараньне з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.

Мужчына хацеў адпомсьціць за сына, загінулага ў ДТЗ

Як выявілася, замоўнік страціў 16-гадовага сына ў дарожным здарэньні год таму, хацеў адпомсьціць вінаватай.

Дзяўчына ехала на Ford Focus, на закругленьні дарогі зачапіла збочыну, ня справілася з кіраваньнем, выляцела на сустрэчную паласу і ўрэзалася ў «Ніву». У рулём «Нівы» быў 75-гадовы мужчына, у ягонай машыне таксама быў сын замоўніка, які пазьней загінуў у лякарні. У «Фордзе» была 17-гадовая пасажырка, якая памерла на месцы.

Кіроўца атрымала 5 год пазбаўленьня волі ў калёніі-паселішчы ў Гомельскай вобласьці. Калі замоўніка прызнаюць вінаватым, ён выйдзе на волю значна пазьней за яе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG