Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пудждэмон мае намер працягнуць барацьбу за аддзяленьне Каталёніі


Карлес Пудждэмон.

Карлес Пудждэмон вярнуўся ў Бэльгію і заявіў пра намер працягнуць барацьбу за аддзяленьне Каталёніі. Пра гэта паведамляе Associated Press. Агенцтва адзначае, што пасьля вяртаньня Пудждэмон сустрэўся ў Бруселі з дзеючым кіраўніком ураду Каталёніі Кімам Торэ, які спэцыяльна для гэтага прыехаў з Гішпаніі.

Зь вясны гэтага году Пудждэмон знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе ў Нямеччыне. Аднак на мінулым тыдні Вярхоўны суд Гішпаніі адклікаў міжнародны ордэр на арышт каталёнскага лідэра.

Мадрыду прыйшлося гэта зрабіць, паколькі нямецкі суд дазволіў экстрадзіраваць Пудждэмона толькі ў сувязі з абвінавачваньнямі ў растраце дзяржаўных сродкаў. Гэта абмежавала магчымасьці Гішпаніі, дзе Пудждэмона таксама зьбіраліся судзіць па абвінавачваньні ў мяцяжы.

Каб захаваць магчымасьць правесьці працэс менавіта па гэтай справе, улады Гішпаніі анулявалі міжнародны ордэр на арышт былога каталёнскага лідэра, але не адмовіліся ад вылучаных супраць яго абвінавачаньняў.

Карлес Пудждэмон і яго прыхільнікі восеньню мінулага году правялі ў Каталёніі рэфэрэндум аб незалежнасьці. Улады Гішпаніі прызналі яго незаконным. Пудждэмон пасьля гэтага пакінуў краіну і атрымаў палітычны прытулак у Бэльгіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG