Былы лідэр Каталёніі Карлес Пудждэмон, экстрадыцыі якога дамагаецца Гішпанія, разглядаў магчымасьць адправіцца ў Расею, каб схавацца ад перасьледу. Гэтак сьцьвярджае гішпанская газэта El Mundo са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Як піша газэта, Пудждэмон ў канцы сакавіка, знаходзячыся ў Гэльсынкі, даведаўся пра тое, што ў Гішпаніі выдадзены эўрапейскі ордэр на ягоны арышт. Ён разглядаў магчымасьць выехаць у Расею, якая мяжуе зь Фінляндыяй, аднак палічыў за лепшае паспрабаваць на аўтамабілі вярнуцца ў Бэльгію, дзе ён з канца леташняга году жыве ў эміграцыі. Пудждэмон праз Швэцыю і Данію даехаў да Нямеччыны, дзе быў затрыманы.
Суд у Нямеччыне адмовіўся экстрадаваць Пудждэмона паводле артыкулу аб «мецяжы», аднак яму па-ранейшаму пагражае выдача ў Гішпанію паводле артыкулу аб марнаваньні дзяржсродкаў. Пудждэмон вызвалены пад заклад, ён не павінен пакідаць межы Нямеччыны.
У суботу каталёнскі лідэр на прэс-канфэрэнцыі ў Бэрліне заявіў, што мае намер падчас працэсу па справе аб экстрадыцыі жыць у сталіцы Нямеччыны, а пасьля, калі атрымае такі дазвол, вярнуцца ў Бэльгію. Ён зноў заклікаў улады Гішпаніі да «дыялёгу» з каталёнскім палітыкамі. Паведамленьні аб магчымым ад’езьдзе ў Расею Пудждэмон не камэнтаваў.
У Гішпаніі Пудждэмона абвінавачваюць у мецяжы ў сувязі з правядзеньнем рэфэрэндуму аб незалежнасьці Каталёніі, які Мадрыд прызнаў незаконным. Каталёнскі парлямэнт пасьля прыняцьця дэклярацыі аб незалежнасьці быў распушчаны, аднак новыя выбары зноў далі перавагу прыхільнікам незалежнасьці.