Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускага добраахвотніка ва Ўкраіне Парфянкова памёр бацька, але сын ня можа прыехаць на пахаваньне


Васіль Парфянкоў перад судом у Кіеве, 7 ліпеня 2017 году
Васіль Парфянкоў перад судом у Кіеве, 7 ліпеня 2017 году

У Васіля Парфянкова, сябра добраахвотніцкага руху «Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў», ад інсульту памёр бацька. Але праз пагрозу арышту ў Беларусі за ўдзел у вайсковых дзеяньнях на Данбасе Васіль ня зможа прыехаць з Украіны на пахаваньне бацькі.

«У мяне сёньня памер Тата. Я нават не змагу яго правесьці ў апошні шлях. Прашу малітвы. І заўсёды памятайце, што няма на сьвеце людзей, бліжэйшых за Бацькоў. Спачывай зь мірам, люблю цябе. Мы калісь яшчэ абавязкова сустрэнемся», — напісаў Васіль Парфянкоў на Facebook.

Раней ён расказваў Свабодзе, што бацька плянаваў прыехаць да яго ў Кіеў.

«Але мы так і не пабачыліся», — паведаміў Васіль. У Васіля ў Менску засталіся маці і дзьве сястры.

Васіль Парфянкоў ваяваў на ўсходзе Ўкраіны ў складзе добраахвотніцкага батальёну АУН, у верасьні 2015 году атрымаў раненьні, калі трапіў на мінную «расьцяжку» пад Пяскамі. Пасьля расфармаваньня добраахвотніцкіх батальёнаў ён застаўся ў Кіеве і далучыўся да добраахвотніцкага руху «Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў». Летась у сьнежні ў яго нарадзілася дачка ў грамадзянскім шлюбе з украінкай Аленай – яны пазнаёмілася ў зоне баёў на Данбасе, калі тая працавала ваенным тактычным мэдыкам.

Ва Ўкраіне супраць Васіля Парфянкова адкрытыя дзьве крымінальныя справы — адна датычыцца падзей 9 траўня 2017 году ў Кіеве, калі актывісты намагаліся перашкодзіць правядзеньню акцыі «Несьмяротны полк», а другая — пагромаў у лютым 2016 году прадстаўніцтваў расейскіх банкаў у Кіеве. Абедзьве справы дагэтуль разглядаюцца ў судах.

Бацька Васіля Пётра Парфянкоў добра ставіўся да дзейнасьці сына ва Ўкраіне, але не падтрымаў удзелу ў пагромах расейскіх банкаў.

«Добра стаўлюся, што тут гаварыць. Але такая сытуацыя на вайне, што ўсякае можа здарыцца. Але не разумею, навошта яны вырашылі граміць офісы. Гэтыя пагромы нічога ва Ўкраіне ня вырашаць», — казаў Пётра Парфянкоў Свабодзе ў лютым 2016 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG