Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Начны» арышт — суд зьмякчыў меру стрыманьня для беларускага добраахвотніка Парфянкова


Васіль Парфянкоў у судовай залі
Васіль Парфянкоў у судовай залі

Беларускі добраахвотнік, сябра добраахвотніцкага батальёну Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Васіль Парфянкоў правядзе наступныя два месяцы пад хатнім арыштам у начны пэрыяд сутак. Такім чынам, Васіль Парфянкоў мае знаходзіцца па месцы жыхарства з 21.00 вечара да 7.00 раніцы. У гэты час на ім мае абавязкова быць электронны бранзалет.

Такую меру стрыманьня сёньня абраў Пячэрскі раённы суд Кіева, адхіліўшы прапанову абвінавачаньня пра падоўжаньне кругласутачнага хатняга арышту з абавязковым нашэньнем электроннага бранзалета.

Абвінавачаньне пераконвала, што Васіль Парфянкоў можа ўхіляцца ад дасудовага сьледзтва і незаконна ўплываць на ўдзельнікаў працэсу. На пасяджэньні, насуперак адпаведным нормам крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, адсутнічаў пацярпелы — супрацоўнік Львоўскай паліцыі. Згодна з матэрыяламі сьледзтва, паліцыянт атрымаў цяжкае цялеснае пашкоджаньне ад дымавой шашкі, якую нібыта запаліў і кінуў у строй паліцэйскіх менавіта Васіль Парфянкоў з будынку штабу Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў.

Адвакат Нона Надзіч прасіла суд зьмякчыць меру стрыманьня на хатні арышт толькі на начны пэрыяд сутак. Паводле яе, Васіль Парфянкоў не парушаў рэжыму хатняга арышту на працягу мінулых двух месяцаў, а ягоная грамадзянская жонка цяпер цяжарная і патрабуе ягонай дапамогі.

У часе знаходжаньня ў памяшканьні суду і наўпрост на судовым пасяджэньні электронны бранзалет, які Васіль Парфянкоў носіць на назе, спрацоўваў некалькі разоў, паведамляючы пра парушэньне ім рэжыму хатняга арышту.

«Гэта ў мяне ўжо другі бранзалет. Першы замянілі. Але і гэты нават у кватэры заўсёды „глючыць“ і паведамляе, што я парушыў прадпісаную зону. Даводзіцца тэлефанаваць у інспэкцыю... Здараецца, што і ўначы сыгналіць. Раз ці два разы на тыдзень прыяжджаюць патрульныя, каб паглядзець, ці не зламаў я гэты бранзалет», — распавёў Васіль Парфянкоў Радыё Свабода.

Аднак нягледзячы на крымінальны перасьлед, беларускі добраахвотнік не шкадуе пра пераезд ва Ўкраіну, свой удзел у грамадзка-палітычных акцыях Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў у Кіеве і ў баявых дзеяньнях на Данбасе. «Мяне так выхоўвалі. Калі ў суседа палае будынак немагчыма стаяць і назіраць за гэтым. Трэба браць вядро і тушыць пажар», — адзначыў ён.

«Калі ў ваюючай краіне па цэнтры Кіева ходзяць людзі з георгіеўскімі стужкамі, з партрэтамі Сталіна і Пуціна на 9 траўня — гэта няправільна. І гэта мусілі папярэдзіць ня мы, а супрацоўнікі праваахоўных органаў. Дарэчы, зараз Вярхоўная Рада ўхваліла закон пра забарону георгіеўскай стужкі. Але тады паліцыя бязьдзейнічала, таму мы вырашылі сваімі сіламі перашкодзіць маршу гэтак званага «Несьмяротнага палка», — перакананы Васіль Парфянкоў.

Беларускі добраахвотнік паведаміў, што з прычыны падпіскі пра нявыезд у справе пра пагромы ў кіеўскіх аддзяленьнях расейскіх «Альфа-банка» і «Сбербанка России», а таксама з-за хатняга арышту ў справе пра 9 траўня, ня мае магчымасьці наведваць сваіх пабрацімаў у зоне канфлікту на Данбасе.

«Апошні раз я быў на прамзоне Аўдзееўкі разам з тактычнаю групаю „Беларусь“ у лютым, там якраз тады былі моцныя баі, і нашы прасунуліся на 3,5 кілямэтры наперад, узялі пад кантроль трасу „Данецк-Горлаўка“, Ясінаватаўскую разьвязку. Была вельмі напружаная сытуацыя, было шмат параненых з абодвух бакоў, але ў беларусаў, якія там былі, усё абышлося без раненьняў і бяз страт», — дадаў Васіль Парфянкоў.

Ukraine - Trial of Belarusian volunteer Vasil Parfiankou, 7Jul2017
Ukraine - Trial of Belarusian volunteer Vasil Parfiankou, 7Jul2017

Беларускі добраахвотнік быў затрыманы ў Кіеве 9 траўня, а 11 траўня суд ухваліў рашэньне пра яго ўтрыманьне пад кругласутачным хатнім арыштам на два месяцы. Васіль Парфянкоў абвінавачваецца ва ўчыненьні дзеяньняў, якія пагражаюць грамадзкаму парадку паводле артыкулу 296 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, што прадугледжвае пакараньне як у выглядзе штрафу, арышту да 6 месяцаў, так і пазбаўленьня волі на тры гады.

Раніцай 9 траўня паліцыя заблякавала кіеўскі офіс арганізацыі «Добраахвотніцкі рух АУН», якая плянавала перашкодзіць правядзеньню акцыі «Несьмяротны полк» у Кіеве. Актывісты сабралі «ўсіх патрыётаў», каб «сустрэць вату па-казацку», аднак празь немагчымасьць пакінуць памяшканьне пачалі кідаць з вокнаў бульбу і пакеты з фарбай у калёну дэманстрантаў.

Як расказвалі відавочцы, каля дзевяці гадзін раніцы ў кірунку праваахоўнікаў з акна офісу руху паляцела дымавая шашка. Праз паўгадзіны да месца падзей прыехала сьледча-апэратыўная група і склала пратаколы аб правапарушэньнях у дачыненьні да 13 асобаў, з 11 правялі прафіляктычныя размовы, а Васіля Парфянкова затрымалі.

Судовы разгляд справы пра пагромы аддзяленьняў расейскіх банкаў, у якой фігуруе Васіль Парфянкоў, некалькі разоў пераносілі. Паводле папярэдняй інфармацыі, чарговае паседжаньне суду ў гэтым пытаньні мае адбыцца 19 ліпеня ў Кіеве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG