Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля начных беспарадкаў у кіеўскім судзе беларус Парфянкоў трапіў у шпіталь


Васіль Парфянкоў

Беларускі добраахвотнік Васіль Парфянкоў, затрыманы сёньня паліцыяй за беспарадкі, учыненыя ўначы ў Сьвятошынскім раённым судзе Кіева, трапіў у шпіталь.

У судзе напярэдадні разглядалася справа пра выбар меры стрыманьня лідэру «Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў» Міколу Каханіўскаму, затрыманаму ў справе страляніны ў Кіеве. Беларус Васіль Парфянкоў — сябра гэтай арганізацыі.

23 кастрычніка суд ня змог прыняць рашэньне, але паплечнікі Каханіўскага адмовіліся пакінуць залю, забарыкадаваліся і не далі адвезьці свайго лідэра назад у СІЗА. Уначы 24 жніўня залю штурмам узяла паліцыя.

Усяго былі затрыманыя 32 актывісты. Зь іх шасьцёра маюць статус падазраваных паводле артыкулаў крымінальнага кодэксу:

  • хуліганства,
  • наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньні маёмасьці,
  • умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка праваахоўнага органа.

«Пяцёра зь іх затрыманыя адпаведна артыкулу 208 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Беларусаў сярод іх няма», — сказала Свабодзе прэсавы сакратар Нацыянальнай паліцыі Кіева Аксана Блішчык.

Васіль Парфянкоў падчас сутычкі ў судзе атрымаў траўмы і быў шпіталізаваны, паведаміла прадстаўніца Беларускага цэнтру «Сябры» Галіна Сарочык.

Увечары сам Парфянкоў паведаміў, што мэдыкі ня выявілі сур’ёзных траўм, але рэкамэндавалі дадатковае абсьледаваньне. «Я ўжо дома. Прапісалі пакой без фізычнай нагрузкі и купу абязбольвальных», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Facebook.

Беларускі добраахвотнік таксама паведаміў, што заўтра ў Шаўчэнкаўскім раённым судзе Кіева мае адбыцца чарговае паседжаньне ў ягонай крымінальнай справе пра ўдзел у пагромах прадстаўніцтваў расейскіх банкаў у Кіеве.

Супраць Парфянкова ва Ўкраіне вядзецца яшчэ адна крымінальная справа — за падзеі 9 траўня, калі актывісты спрабавалі перашкодзіць правядзеньню акцыі «Несьмяротны полк». Абедзьве справы разглядаюцца цяпер у судах.

Другі беларус, які браў удзел у беспарадках у Сьвятошынскім раённым судзе Кіева, Алег Аўчыньнкаў, — таксама на волі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG