Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўладны палітоляг Пятроўскі: «Пасьля Лукашэнкі будзе Лукашэнка 2.0»


Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч і Аляксандр Лукашэнка, ілюстрацыйнае фота
Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч і Аляксандр Лукашэнка, ілюстрацыйнае фота

«Цэнтар новых ідэй» 19 ліпеня правёў у Галерэі «Ў» дыскусію «Для беларускай стабільнасьці патрэбна моцная рука? Чаму зразумелыя правілы гульні і якасныя інстытуты важнейшыя за моцнага лідэра».

Пётра Пятроўскі, архіўнае фота
Пётра Пятроўскі, архіўнае фота

Каштоўнасьці «моцнай рукі» абараняў Пётра Пятроўскі, сустаршыня рэдакцыйнае рады парталу Eurasia.Expert,экспэрт аналітычнага цэнтру «Белай Русі». Абараняў вельмі вынаходліва, спрабуючы надаць існаваньню беларускага аўтарытарызму нейкую рацыянальнасьць.

«Любое распыленьне ўлады ў Беларусі прывядзе да таго, што замежныя актары будуць мацней уплываць на сытуацыю ў Беларусі. Моцная рука дазваляе нам захоўваць незалежнасьць», — так гучаў галоўны пасыл Пятроўскага.

Андрэй Дзьмітрыеў, архіўнае фота
Андрэй Дзьмітрыеў, архіўнае фота

Апанэнтамі праўладнаму палітолягу (які, аднак, падчас дыскусіі неаднаразова рэплікамі падкрэсьліваў сваё стаўленьне да ўлады ў якасьці старонняга, хаця і прыхільнага, назіральніка) былі лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і эканаміст Уладзімер Кавалкін, кіраўнік праекту «Кошт ураду».

«Людзі хочуць, каб дзяржава выконвала свае функцыі, рабіла тое, што павінна рабіць. Але пры гэтым ня хочуць, каб яна загадвала ім, як жыць», — лічыць Дзьмітрыеў.

Уладзімер Кавалкін, архіўнае фота
Уладзімер Кавалкін, архіўнае фота

«Моцная рука ніколі не працуе эфэктыўна. Дзякуючы ёй магчыма зрабіць нейкія кароткатэрміновыя рэчы, але ў стратэгічнай пэрспэктыве яна толькі тармозіць разьвіцьцё любога грамадзтва», — казаў Ўладзімер Кавалкін.

Калі дайшла чарга да пытаньняў з залі, то, як нярэдка бывае ў такіх дыскусіях, адным зь першых прагучала пытаньне, што будзе ў Беларусі пасьля Лукашэнкі.

Адказ Пятра Пятроўскага, які зьяўляецца асьпірантам у Інстытуце філязофіі, красамоўна адлюстраваў тую палітычную філязофію, якая пануе цяпер у беларускіх уладных кабінэтах.

«Пасьля Лукашэнкі будзе Лукашэнка 2.0, — заявіў Пятроўскі. — Захаваецца аўтарытарная сыстэма ўлады. Яна можа неяк зьмяніцца ў якасных характарыстыках, магчыма, мы пабачым не аднаасобны, але калектыўны аўтарытарызм. Пасьля падзеяў ва Ўкраіне ўсё больш людзей гатовыя ахвяраваць часткай сваёй свабоды дзеля інтарэсаў дзяржавы».

Андрэй Дзьмітрыеў зьвярнуў увагу на тую падмену паняцьцяў, якую, на ягоную думку, увесь час рабіў спадар Пятроўскі.

«Моцная рука і моцная дзяржава – гэта зусім розныя рэчы. Чым мацнейшая і эфэктыўнейшая дзяржава, тым меней у грамадзтва існуе патрэба ў моцнай руцэ», – адзначыў Дзьмітрыеў.

«Моцную руку трэба даставаць зь сябе, — афарыстычна вывеў лідэр «Гавары праўду». — Урэшце, апошнім часам гэтая рука моцна мяняецца, яна відавочна слабее».

***

Дыскусію на тэму «Ці патрэбна беларусам моцная рука?» Свабоды мы працягнем у перадачы «Праскі акцэнт» ужо сёньня, 20 ліпеня. У размове возьмуць удзел Андрэй Дзьмітрыеў, лідэр Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і сацыёляг Сяргей Нікалюк.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG