Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афрыканскай чумы «няма», але на Горадзеншчыне забаронена трымаць сьвіней. Чаму?


У Беларусі карантын па афрыканскай чуме сьвіней з 2014 году зьняты, аднак жыхары Горадзенскага раёну дагэтуль ня могуць дамагчыся дазволу, каб трымаць сьвіней на падворках.

Праблему ўжо некалькі разоў падымалі жыхары аграгарадка Абухава і навакольных вёсак Гушчыцы і Юравічы. Лісты да прэзыдэнта, у Міністэрства сельскай гаспадаркі, да генэральнага пракурора, абласных і раённых уладаў не прыносяць ніякага плёну.

Адкуль узялася праблема?

Праблема паўстала ў 2013 годзе, калі ў вёсцы Чапунь Івейскага раёну здарылася ўспышка захворваньня сьвіней афрыканскай чумой. Рэпартажы тае пары сьведчаць, што пагалоўе сьвіней тысячамі нішчылася ня толькі ў прыватных гаспадарках, але і на калгасных сьвінафэрмах па ўсёй краіне.

Вясковец: Ведаю жанчыну, якая памерла пасьля таго, як у яе адабралі сьвіней

Дакладных прычын зьяўленьня афрыканскай чумы ў Беларусі не назвалі дагэтуль, але ў 2013 годзе ўлады адрэагавалі на чуму пастановай № 758, якой увялі забарону на трыманьне сьвіней на прыватных падворках. Вакол сьвінафэрмаў паўтваралі адмысловыя буфэрныя зоны радыюсам 5 км, у якіх трымаць сьвіней наагул забаранялася.

Сьвінафэрма ў вёсцы Саволеўка Горадзенскага раёну
Сьвінафэрма ў вёсцы Саволеўка Горадзенскага раёну

Выкананьне пастановы строга кантралявалася шматлікімі органамі. Па хлявах вяскоўцаў у пошуку вепручкоў хадзілі нават пракуроры. Тым гаспадарам, хто спрабаваў не падпарадкоўвацца загаду начальства, выпісвалі штрафы, а сьвіней прымушалі ліквідоўваць.

Буфэрныя зоны вырашылі праблему ня ўсіх прыватных гаспадарак

У 2014 годзе, калі ў Беларусі афіцыйна абвясьцілі, што карантын па афрыканскай чуме здымаецца, адмысловая пастанова Саўміну № 1057 унесла зьмены ў правілы ўтрыманьня сьвіней у прыватных гаспадарках.

Буфэрныя зоны, у якіх забаранялася трымаць сьвіней, зьменшылі з 5 км да 0,5 км — для сьвінагадоўчых фэрмаў да 12 тысяч галоў, і да 2 км — для сьвінагадоўчых фэрмаў з праектнай магутнасьцю звыш 12 тысяч галоў.

Цэнтральная сядзіба гаспадаркі «Абухава»
Цэнтральная сядзіба гаспадаркі «Абухава»

Аднак у пастанове Саўміну была дапісана яшчэ адна важная норма: згодна зь ёй памеры буфэрных зонаў могуць зьмяняцца па рашэньні мясцовых выканаўчых органаў.

Горадзенскі райвыканкам вызначыў тэрыторыі, дзе забараніў трымаць сьвіней

Пасьля зьмяншэньня тэрыторыі буфэрных зонаў сьвіньні ў прыватных гаспадарках на Горадзеншчыне зноў пачалі зьяўляцца. А вось у Горадзенскім раёне прынялі адмысловую пастанову № 204 ад 27 сакавіка 2015 году.

У Беларусі амаль вынішчылі дзікоў: мінус 100 тысяч за тры гады

Рашэньнем Горадзенскага райвыканкаму больш як 70 вёсак раёну апынуліся на тэрыторыі, дзе фізычным асобам трымаць сьвіней у прыватных гаспадарках забаронена. І гэта ўжо нягледзячы на тое, што яны не трапляюць у буфэрную зону, вызначаную пастановай Саўміну — адпаведна, 0,5 і 2 км.

У хлявах сялян на Горадзеншчыне адны куры
У хлявах сялян на Горадзеншчыне адны куры

Жыхароў раёну гэта асабліва абурае, бо ў суседніх раёнах вобласьці мясцовыя ўлады ня ўводзілі падобных абмежаваньняў.

Дарожная інфраструктура і сумежныя дзяржавы — пагроза інфэкцыйных захворваньняў

Вяскоўцаў Горадзенскага раёну такое рашэньне мясцовых уладаў ня ўзрадавала. Пайшлі скаргі ў аблвыканкам, Міністэрства сельскай гаспадаркі, Генэральную пракуратуру і да Лукашэнкі.

У вёсцы Абухава
У вёсцы Абухава

Скаргі, як правіла, спускаюцца ўніз да тых, хто прымаў такое рашэньне. І вось у адным з адказаў з Горадзенскага абласнога камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаваньні тлумачыцца, чым было абумоўлена рашэньне раённых уладаў пра забарону трымаць сьвіней у больш як 70 вёсках раёну.

«У раёне знаходзіцца 14 сьвінагадоўчых фэрмаў, на якіх утрымліваецца больш за 102 тысячы галоў сьвіней, існуе добрая дарожная інфраструктура, якая стварае небясьпеку ўзьнікненьня ачагоў небясьпечных інфэкцыйных захворваньняў», — пішуць чыноўнікі.

І тут жа дадаюць, што Горадзенскі райвыканкам «не плянуе зараз зьмяншаць памеры буфэрных зонаў вакол сьвінагадоўчых абʼектаў Горадзенскага раёну» «ў сувязі са складанай эпізаатычнай абстаноўкай у сумежных дзяржавах, пагрозай узьнікненьня і распаўсюджваньня небясьпечных хваробаў на тэрыторыі Горадзенскай вобласьці».

Чаму людзям так пільна трэба мець сьвіней на падворку?

У лісьце да Лукашэнкі жыхары вёскі Гушчыцы пішуць, як ім крыўдна, што яны сваёй працай дараблялі, каб мець набытак у сямʼі, а дзяржава пазбаўляе іх і гэтага.

Пэнсіянэрка Галіна Дзербыш трымае курэй, каб пражыць, бо пэнсія замалая
Пэнсіянэрка Галіна Дзербыш трымае курэй, каб пражыць, бо пэнсія замалая

Пэнсіянэрка з Абухава — Галіна Дзербыш распавядае, што ейная пэнсія трохі болей за 200 рублёў, а пражыць на гэтыя грошы нават у вёсцы няма як.

«Адзінае, на чым мы і трымаліся, — мелі сваіх сьвінак у гаспадарцы», — кажа яна.

Марыя Скурат з Гушчыц скардзіцца, што па тое самае мяса даводзіцца цяпер езьдзіць за 5 км у Абухава, куды ёй вельмі цяжка дабрацца.

«Нас душаць, як жывёлу, а мы ні на што ня маем права, — кажа Скурат. — Мы камбікорм купляем, збожжа купляем, ніхто нам задарма нічога не дае. То чаму мы ні на што ня маем права?»

«За сьвіней пацярпелі...»

У вёсцы Гушчыцы жанчыны распавядалі, якія цярпелі прыніжэньні, калі правяраючыя прыходзілі шукаць сьвіней у хлявах. Спадарыня Валянціна згадвае, што некаторыя зачынялі весьніцы і не пускалі правяраючых на падворак, але тыя прыходзілі тады, калі людзі былі на працы.

«Такім чынам у нашай вёсцы на 17 падворках выявілі сьвіней, — кажа спадарыня Сьвятлана. — Пабачаць, дзе на падворку гной ляжыць, і ўжо лезуць у хлеў, а калі зачынены, то стукаюць па сьцяне палкай, каб пачуць, што там жывёла ёсьць».

Пасьля гэтых праверак сьвіней прымушалі закалоць, а тых, хто працуе ў гаспадарцы, пазбаўлялі датацыі (45 рублёў на месяц), якую гаспадарка выдзяляе на набыцьцё ў калгаснай краме мяса.

«Мы тут плакалі па начах, хадзілі адны да адных і дзяліліся гэтым горам. Колькі сілаў, сродкаў укладвалі, а тут прыходзяць і загадваюць...» — празь сьлёзы згадвае спадарыня Валянціна.

Навошта сьвіньні, калі калгас дае грошы на мяса?

Зь незадаволенымі жыхарамі Абухаўскага сельсавету неаднойчы сустракалася кіраўніцтва аграгарадку «Абухава», раённае і абласное кіраўніцтва.

Гушчыцы
Гушчыцы

Паводле актывісткі Галіны Дзербыш, на адной з такіх сустрэчаў старшыня сельгаспрадпрыемства «Абухава» Валеры Шумель запытаў: навошта вам трымаць сьвіней, калі гаспадарка выдзяляе кожнаму працаўніку па 45 рублёў на месяц, каб набываць мяса ў краме сельгаспрадпрыемства?

Частка прысутных адказалі, што яны не працуюць у гэтай гаспадарцы.

«Мы ведаем, што людзі незадаволеныя...»

Першы намесьнік старшыні Горадзенскага райвыканкаму Генадзь Аксаміт сказаў Свабодзе, што яму добра вядомая гэтая праблема, і пра настроі людзей ён таксама ведае, бо «непасрэдна сустракаўся з жыхарамі сельгаспрадпрыемства „Абухава“».

«Мы нічога супрацьзаконнага ня робім. Ёсьць пастанова ўраду, яна дзейнічае на тэрыторыі ўсяе краіны, — сказаў Свабодзе Генадзь Аксаміт. — Абмежаваньні, якія прыняў урад, ня маюць пэўнага тэрміну дзеяньня, і я не магу сказаць, калі дакладна гэтыя абмежаваньні будуць зьнятыя».

«Не даі карову, рукі будуць непрыгожыя». Даяркі пра адпачынак на градах, 14-гадзінны працоўны дзень і мары

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG