Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не даі карову, рукі будуць непрыгожыя». Даяркі пра адпачынак на градах, 14-гадзінны працоўны дзень і мары

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Як жывуць жанчыны, якія працуюць у сельскай гаспадарцы? Як яны працуюць, адпачываюць, забаўляюцца, якія праблемы лічаць найважнейшымі, пра што мараць і што бы хацелі зьмяніць у сваім жыцьці.

Госьці Свабоды — даяркі Тацяна Сямёнава з прадпрыемства «Крыўск» Буда-Кашалёўскага раёну і спадарыні Ірына і Алена з агракамбінату ў Баранавіцкім раёне, якая папрасілі не агучваць іх прозьвішчы, а таксама Юлія Бука, гаспадыня аграсядзібы «Родны кут» у вёсцы Валадзькова Глыбоцкага раёну.

«Прыйшлося працаваць даяркай, бо трэба было некуды ісьці працаваць»

Ганна Соўсь: Як даўно вы працуеце даяркамі? Часу выбралі гэтую працу? І ці быў у вас выбар?

Ірына: Прыйшлося ісьці працаваць даяркай, бо трэба было некуды ісьці працаваць, каб неяк пражыць, пракарміць сям’ю. Раней я працавала жывёлаводам на сьвінакомплексе «Усходні», але яго закрылі, і давялося шукаць работу. Мне 41 год, я працую ў сельскай гаспадарцы з 2008-га году.

Даярка Тацьцяна Сямёнава.
Даярка Тацьцяна Сямёнава.

Тацяна Сямёнава: Я сама родам зь вёскі Рудня-Альхоўка. Скончыла чыгуначны тэхнікум. Калі памерлі бацькі, засталася вялікая гаспадарка, і я вярнулася ў Рудню-Альхоўку. А потым выйшла замуж у Крыўск. Працавала тры гады на ільнозаводзе, потым перайшлі з мужам у калгас. Працую даяркай з 1996 году, больш за 20 гадоў.

Ганна Соўсь: Ці хацелі працаваць даяркай?

Тацяна Сямёнава: У вёсцы выбару вялікага няма. Пайшлі ў мужам у калгас, таму што там заробак быў вышэйшы, чым на ільнозаводзе. Так і працуем.

Ганна Соўсь: Юлія Бука, вы вярнуліся ў родную вёску, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, але працаваць вэтэрынарам ня сталі. Як прыйшло ўсьведамленьне, што трэба мець сваю справу?

Юлія Бука.
Юлія Бука.

Юлія Бука: Я скочыла інстытут, і была накіраваная на мясакамбінат у Бранск. Гэта, магчыма, была радыяцыйная зона, і нас накіроўвалі толькі туды. Інстынкт нейкі падказаў, што трэба ўцякаць. І я ўцякла дадому. У той час было вельмі складана знайсьці працу па спэцыяльнасьці. Гэта цяпер вельмі патрэбныя дактары-вэтэрынары, а тады толькі па вялікім знаёмстве можна было ўладкавацца на працу. А калі дзіця нарадзілася, вярнулася ў сваю вёску, бо трэба было недзе жыць і гадаваць дзяцей. Садку не было, дзяцей падзець было няма куды, таму працу шукала такую, якую можна было спалучыць з выхаваньнем дзяцей.

Я лічыла, што павінна быць каля дзяцей, бачыць, як яны растуць, і займацца тым, што дасьць нам хлеб і каб было, за што апранацца. Ня вельмі добрым быў бацька маіх дзяцей, яму гэта нічога не было трэба, ён быў дзіцём савецкага інтэрнату, таму я ўзваліла на сябе ўсе справы. А потым была палітыка, а пасьля палітыкі цябе нідзе ня хочуць браць на працу. Таму так атрымалася, што пачалі купляць дамы ў вёсцы, каб не было праблем з суседзямі праз курэй ці нейкую жыўнасьць, якая ходзіць па чужым падворку. А потым мастакі правялі ў нас пленэр, і пайшла пагалоска — хтосьці камусьці казаў, што можна ў нас прыехаць адпачыць... Так мы і заняліся агратурызмам.

Гадуем такую жывёлу, якую не забіваем і не ямо.

Сёньня мы здаём тры хаты, яшчэ ў адной заканчваем рамонт, яшчэ адна стаіць пасьля пажару, адбудоўваем па новай. Дзеці ўжо зьехалі, працуем з маім новым мужам. І складана, і цяжка, і вельмі многа працы трэба зрабіць, каб да нас прыяжджалі, каб нечым зацікавіць. Мы гатуем есьці для турыстаў. Трэба, каб гэта было эканамічна выгадна. У мяне меншая дачка — вэганка, таму ў нашай гаспадарцы ўмова, што мы нікога не забіваем на панадворку. Таму гадуем такую жывёлу, якую не забіваем і не ямо.

«Колькі сказаў наш прэзыдэнт? 1000 рублёў заробак. Мы больш не патрабуем»

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Ганна Соўсь: Колькі вы зарабляеце? На што хапае гэтых грошай? Якога заробку бы вы хацелі за вашу працу?

Ірына: Па-першае, мы нават ня ведаем, колькі надойваем малака. У нас расцэнкі 2013-2015 году. Мне за 26 працоўных дзён плацяць 690 рублёў, а з падаходным, з усім выплатамі на рукі атрымліваецца 500 рублёў. Зь іх амаль 200 рублёў трэба аддаць толькі на кватэру. Трэба дзяцей адзець, абуць і пракарміць. А яшчэ калі ёсьць крэдыты... На пражыцьцё, канешне, нам не хапае. Ня ведаем, за што мы атрымліваем... Усюды падман. За што нам налічваюць. Са мной цяпер побач напарніца Алена, разам працуем, яна больш за мяне прапрацавала даяркай.

Алена: За 23 працоўныя дні ў мяне бруднымі налічана 600 рублёў. На рукі — 460 рублёў. Я прапрацавала год у агракамбінаце «Мір», да гэтага ў іншым агракамбінаце працавала амаль 11 год. І зараз павінен быць першы адпачынак у мяне тут, і ніхто мяне не адпускае ў адпачынак. Я ведаю, што па заканадаўству ў 11 месяцаў я павінна ісьці ў першы адпачынак.

Даярка Жана і яе анёл Саша

Ганна Соўсь: Што за ваш заробак вы можаце купіць. І колькі грошай вам трэба, каб нармальна жыць?

Алена: У нас такая праца, што па мы 14-16 гадзін на нагах. Пагалоўе 700 галоў на дзьвюх даярак перадаіць... Яшчэ ёсьць перадой. Тройчы карова на суткі доіцца, а чацьвёрты раз вечарам. Мы палічылі, мы перадойваем на аднаго чалавека 1130 галоў! За 1130 галоў і амаль 12 тон малака трэба атрымліваць дзесьці 1000 ці 900 рублёў.

Ірына: А мы атрымліваем 400-500 рублёў на рукі. А калі аддаць за кватэру, як у мяне 2-пакаёвую, за прыватызацыю, за сьвет, за газ, то выходзіць 200 рублёў за кватэру. Не лічачы, што хлопцы ў мяне вялікія, у мяне яшчэ расьце ўнук, трэба і ўнуку дапамагчы. Хлопцам купі красоўкі, куртку, штаны. А сабе, нават і не атрымліваецца нешта купіць. А паесьці? Хлопцы растуць, таксам трэба і есьці ім. Улазіш у даўгі... Мы б хацелі, каб нам плацілі столькі, колькі паложана. Колькі сказаў наш прэзыдэнт? Калі ласка, 1000 рублёў заробак. Мы больш не патрабуем, ня просім. А так усюды падман... За нас тут і расьпісваюцца за малако, мы ня ведаем, колькі мы надаілі, за што мы атрымліваем... Першым клясам усё малако ідзе. Чаму? Наш дырэктар патрабуе: «Малако давайце». А якое малако, яго не хвалюе, галоўнае малако. А дзе малако браць, калі па столькі разоў даіць кароў?

Даяркі на Гомельшчыне раз за разам паўстаюць супраць кіраўніцтва. І перамагаюць

Тацяна Сямёнава: У нас у аграгарадку «Крыўск» памянялася сем кіраўнікоў, і зараз таксама са дня на дзень кіраўнік будзе мяняцца... Зарплата ў нас залежыць ад якасьці і колькасьці надоенага малака. У мяне было ў тым месяцы 860 рублёў, а ў гэтым я нават ня ведаю. У нас у канторы немагчыма зайсьці і спытаць, за што плаціцца і як плаціцца...

Ганна Соўсь: Ірына і Алена кажуць, што, каб ім абяцаныя 500 даляраў заплацілі, то было б нармальна. А які для вас заробак быў бы дастатковы?

Тацяна Сямёнава: Калі чалавек працуе, то так, дзесьці каля гэтага нармальна было б, таму што і дзяцей трэба вучыць, і квартплату плаціць. У нас можа быць і 400 рублёў бруднымі, і 300 рублёў... А ў канторы атрымліваюць і па 700, і па 900 рублёў. І па 1200 рублёў у нас ахоўнік атрымлівае, нічога ня робіць. Штат начальнікаў раздзьмуты, а рабочыя не патрэбныя.

Калі я выступіла па тэлевізары, мяне звольнілі. Столькі год прапрацавала... А калі я стала скардзіцца, адваката наняла, то аднавілі на працы. Перадузятае стаўленьне да ўсіх рабочых, ня толькі да мяне! І трактарыстку Галіну Кажанаву, вы ведаеце, звальнялі, а цяпер назад вярнулі...

«Чыноўнікам далі па шапцы». Мэханізатарку з Крыўску аднавілі на працы, вярнулі ёй трактар

«Калі цябе яшчэ не паважаюць за гэткую страшэнную, цяжкую працу, то гэта цяжка»

Ганна Соўсь: Спадарыні Алена і Ірына скардзяцца на невысокі заробак, цяжкую працу. Юлія, вы сама сабе гаспадыня. Ці прыбытковы ваш бізнэс? Ці дае ён вам магчымасьць нармальна жыць?

Юлія Бука: Усё ж залежыць ад таго, што ты хочаш. У нас вельмі сьціплыя патрабаваньні. Залежыць ад колькасьці гасьцей. Ясна, што мы можам сказаць, што ўсё занята і нікога не прымаць, калі хочам адпачыць. Але ж ёсьць свой канвэер — каровы, якіх трэба даіць, карміць, паіць, выводзіць на поле. Мы таксама вельмі цяжка працуем. Летам сенакос, а ў нас мала мэханізаванай працы. Каб мэханізаваць, трэба вялікія грошы, а крэдыты ўзяць вельмі цяжка.

Я спачуваю нашым даяркам. Я бачу, як яны раньняй раніцай едуць. Я магу яшчэ ляжаць у ложку, мае каровы прывыклі да другога рэжыму. Калі ж гэтым жанчынам пасьпець і дома зрабіць працу? Я ім спачуваю, я схіляю галаву перад імі, і супакойваю сабе, што людзям яшчэ горш чым нам. Так, у сельскай гаспадарцы вельмі складана, жанчыне вельмі цяжка. Мы ж таксама гатуем, думаем пра сям’ю, пра дзяцей. Трэба зарабіць на хлеб, трэба адзецца... Як і ўсе нармальныя людзі.

У вёсках жанчына працуе ў калгасе, і дома яе чакаюць агароды. Я ня ведаю, як яны вытрымліваюць. Гэта жыцьцё незайздроснае. Якімі грашыма гэта можна вымераць, ня ведаю. І цябе павінны яшчэ паважаць, а ня проста плаціць грошы. Але калі цябе яшчэ не паважаюць за гэткую страшэнную, цяжкую працу, то гэта цяжка.

Гаспадыня Валодзькава. У Глыбоцкім раёне прадпрымальніца скупіла трэць вёскі пад аграсядзібы

Ганна Соўсь: Юлія, а колькі вы самі зарабляеце?

Юлія Бука: Гэта немагчыма палічыць. Мы атрымліваем заробак ад прададзенай бульбы, ад зерня, ад малака, якое здаём, ад турыстаў. Таму ён можа быць 10 мільёнаў старымі грашыма, і можа быць нашмат меншым. Усё залежыць ад таго, які ў нас абарот. Гэтыя грошы — ня лішнія, абсалютна. Няма такога, каб я адклала грошы. Купіць трактар сёлета дапамог сын, проста пазычыў грошы, сказаў: «Мама, хопіць душыцца, вазьміце купіце тэхніку і працуйце ўжо з тэхнікай». Сын у Польшчы працуе. Нельга зарабіць лішнія грошы ў вёсцы на зямлі, каб іх хапіла на ўсё. Нельга, немагчыма.

«Без дзесяці пяць выяжджаю з дому, а вяртаюся на пачатку дванаццатай гадзіны»

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Ганна Соўсь: Распавядзіце пра свой працоўны дзень. У колькі ён пачынаецца, калі заканчваецца? Колькі часу ў вас забірае праца ва ўласнай гаспадарцы?

Алена: Працоўны дзень у нас пачынаецца з шасьці гадзін раніцы. А заканчваецца а палове адзінаццатай вечара. Я без дзесяці пяць выяжджаю з дому... І прыяжджаю дамоў на пачатку 12 гадзіны. Сям’і фактычна ня бачу. Два дні такая праца, два дні я дома. Як закончым дойку, прыбярэмся... 14-16 гадзін мы на нагах.

Ганна Соўсь: А як вы абедаеце, вячэраеце? За свой кошт?

Ірына: За свае грошы, з дому бярэм абед. Уначы прыгатуем сабе паесьці, некалькі гадзін адпачыць і зноў на работу.

Ганна Соўсь: А калі вось гэтыя два дні дома, чым вы занятыя?

Ірына: На агародах!

Алена: У мяне свой дом свой, свая гаспадарка. Адзін сын у арміі, двое яшчэ непаўналетніх. Таксама трэба салдату... А хацела запытацца Тацяну Сямёнаву. Ці плацяць у вашай гаспадарцы за якасьць малака і ці палацяць вам па кантракце? У нас за якасьць малака не плацяць, і па кантракту нам таксама не плацяць.

Тацяна Сямёнава: У нас дойка пачынаецца ў пяць гадзін раніцы, у чатыры гадзіны падымаемся, у палову на пятую каб на працы былі. А дзявятай вяртаюся дадому, потым ізноў на дойку з паловы на дванаццатую да паловы на чацьвёртую, у тры — зноў дома. І а восьмай вечара зноў дойка. А дзесятай, на пачатку адзінаццатай я ўжо дома. З кантрактам мы не азнаёмленыя, і ў нас таксама не аплачваецца па ім. Я ня ведаю, можа каму і плацяць. За якасьць малака ў нас плацяць. За вышэйшы гатунак — адна расцэнка, за экстра — другая, а за першы гатунак — капейкі. За начную працу капейкі даплачваюць, за перапрацоўку могуць і не заплаціць, сьвяточныя таксама не аплачваюцца, у каго многа дзяцей, таксама не аплачваюць.

«Жанчыны больш дзелавыя, менш залежныя, больш прабіўныя, цярплівыя, таму на іх усё будзе трымацца»

Ганна Соўсь: Ці пагадзіліся б вы з меркаваньнем, што сельская гаспадарка Беларусі трымаецца з большага на жанчынах, што ў вёсках, у калгасах, у аграсядзібах усё меней мужыкоў, якія могуць працаваць, і ўсё трымаецца пераважна на жаночай працы?

Юлія Бука: Жанчыне больш працы ў любым выпадку, нават калі талковы мужчына побач, ці ў гаспадарцы ёсьць мужчыны. Калі зьбіраемся на нейкія мерапрыемствы па аграсядзібах, ці на нейкія сэмінары, то ў асноўным удзельнічаюць жанчыны. Яны больш дзелавыя, менш залежныя, больш прабіўныя, цярплівыя, і таму на жанчыне ўсё ў любым выпадку будзе трымацца. Мы зьдзіўляемся, калі мужчына адзін жыве і мае гаспадарку. А калі жыве жанчына жыве адна, то яна і агароды, і працу, і гаспадарку на сябе цягне. Ня ведаю, як у другіх месцах, а тут, як я бачу, больш надзеі на жанчын.

Ірына: Канешне.

Алена: Мы адны зараз, на нас усё і цягнецца.

Тацяна Сямёнава: Натуральна, жанчыны. Ёсьць харошыя мужчыны, і ў нас тут працуюць, Сяргей Дземідзенка, даяр — таксама харошы, ня пье. А так... Скотнікаў на жывёлаводаў — тры чалавекі, усё пазвальняліся, заробак ня хоча плаціць кіраўнік. Так у асноўным жанчыны. Яшчэ і дома трэба рабіць.

Ганна Соўсь: Дзе вы праводзіце адпачынак? Ці бывалі за мяжой?

Тацяна Сямёнава: Няма ў мяне нават часу. На агародзе. Есьці наварыла, дзесьці папалола, і зноў на работу бягу. 4-5 гадзін дзесьці паспала і бягом зноў на работу. Бывае, мы і па 12 дзён, і па 10 працуем, потым два выходных. А так у асноўным восем дзён працуем, два выходных.

Алена: Куды! За якія грошы? Выяжджаць за мяжу! Калі трэба дзяцей і вучыць, і карміць, адзець так, каб ня горшыя ў школу пайшлі і вучыліся. Калі б былі мужы добрыя, то можа б і зьезьдзілі, а так у нас іх няма!

Ірына: Канешне, каб мужы былі б, мужы б і зараблялі... А так усё на жанчыне.

Алена: Усё на нас...

Ганна Соўсь: Юлія, вы прапаноўваеце людзям аграсядзібу, дзе можна добра правесьці адпачынак, а самі вы як адпачываеце? Ці выяжджалі за мяжу?

Юлія Бука ў адной зь сядзібаў.
Юлія Бука ў адной зь сядзібаў.

Юлія Бука: Мы займаемся агратурызмам, і ў нас ёсьць праекты, якія дазваляюць нам паезьдзіць. Я ўдзельнічала ў праекце захаваньня нацыянальных традыцый. Нам прапаноўвалі езьдзіць у Прыбалтыку са сваёй прадукцыяй, прадстаўляць свае аграсядзібы, але з прычыны гаспадаркі няма такой магчымасьці. Дзеці разьехаліся, якія ўмелі даіць і даглядаць кароў, таму хвалююся — паедзеш, а як там дома, ня дай Бог нешта здарыцца. Таму ўцягваесься...

І адпачынак для мяне — гэта стрэс. А так расплянаваны, разьмеркаваны час дома, калі я ведаю, што сёньня ў мяне адна праца, заўтра другая, прыедуць госьці. Нават калі госьці просяць прыехаць ня у той час, як заплянавана, а мы рыхтуемся да іх сустрэчы, то гэта ўжо выбівае... Таму адпачынак... Канешне, але я ня рвуся ехаць далёка і мяняць сваё жыцьцё на больш спакойнае. Я лічу, што адпачываць можна і дома. Было бы часу трошкі больш.

«Стараесься на бальнічны не хадзіць. Ходзім, бывае, з тэмпэратурай і працуем»

Ганна Соўсь: Спадарыні Ірына, Алена, Тацяна, ваша праца на нагах, па 14 часоў, цяжкая. Ці даступная мэдычнага дапамога? Ці лёгка трапіць да лекара-спэцыяліста на вёсцы?

Алена: Я па-першае, жыву ў горадзе, у прыватным сэктары. Даехаць да доктара на аўтобусе можна.

Ірына: Я жыву недалёка аб амбуляторыі. Я жыву на пасёлку, такі пасёлак ёсьць у аграгарадку. Недалёка, але туды пайсьці тое самае як пайсьці на бальнічны. Нам таксама хочацца грошай падзарабіць, а так больш на лекі аддасі. У асноўным стараесься на бальнічны не хадзіць. Ходзім, бывае, з тэмпэратурай і працуем.

Тацяна Сямёнава: У нас таксама ў вёсцы недалёка, урач, і з Буда-Кашалёва прыяжджаюць. Дантыст у нас таксама побач. А на бальнічны, натуральна, рэдка хаджу, калі моцна ўжо захварэла. А так таксама ня ходзім.

Юлія Бука: Нашы лекары мясцовыя — вельмі паважлівыя, добрыя, спакойныя. Яны ўжо бачылі ўсё ў жыцьці і ўжо сьцярпеліся з людзьмі. Ну а калі бываюць выпадкі, што трапляеш крыху далей, там гэтая маса людзей... адносіны бываюць розныя. У асноўным нічога. Я часта сустракалася з такім, што да нашых лекараў лепш не трапляць. Лепш не хварэць зусім, бо не заўсёды правільна дыягназ пастаўлены, людзі сталі паміраць часта, незразумела чаму раптам, прайшоўшы мэдкамісію абавязкова раз на год. Як быццам бы на паперы хвалююцца пра наша здароўе... Як сацыяльны работнік я павінна абавязкова здаць паперку, што я прайшла мэдагляд. Магчыма, гэта добра. Але ці гэта праўда, што там усё правільна робіцца, адказна, то тут гарантыі ніякай няма.

«А што там для сябе ў 50 год...»

Ганна Соўсь: Якая вашая мара цяпер?

Ірына: У мяне мара — дапамагчы дзецям. Каб яны вырасьлі акуратныя, харошыя. Хлопцы ў мяне. Каб я магла імі ганарыцца, мне нічога больш у жыцьці ня трэба.

Алена: Тое самае. Хачу вывучыць дзяцей, каб ганарыцца дзецьмі.

Ганна Соўсь: А для сябе?

Алена: Для сябе? Што там для сябе ў 50 год...

Тацяна Сямёнава: Вывучыць дачку. У мяне сваіх дзяцей няма, на апецы прыёмная дачка. Яна ў гэтым годзе скончыла школу, хачу, каб яна, куды задумала, туды і паступіла, і вывучылася.

Юлія Бука: А я мару, каб у нас было так добра, каб дзеці вярнуліся дамоў жыць! (сьмяецца) Каб ім хацелася жыць у Беларусі, а не за мяжой, каб яны не казалі, што ў нас савок і калгас. Каб не было так цяжка ім, каб ім хацелася заставацца на сваёй зямлі...

А я мару, каб у нас было так добра, каб дзеці вярнуліся дамоў жыць!

Яны ведаюць гэтую працу зь дзяцінства, цяжкую і адказную працу, шкадуюць мяне, кожны дзень звоняць, пытаюць, як здароўе, як справы, як жыцьцё ў нас дома. Але яны ня хочуць вяртацца, бо вельмі складана пабудаваць свой бізнэс, вельмі складана працаваць і быць у прыбытку, быць патрэбным.

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Я б вельмі хацела, каб мае дзеці нечым заняліся дома. У мяне яшчэ ёсьць дачушка, яна вучыцца. Ну вось, можа і ў нас застанецца. Ня тое, што працаваць, даіць кароў, бо калісьці мая старэйшая сястра сказала ёй, дзесяцігадовай, калі яна вучылася даіць карову, не даі карову, рукі будуць непрыгожыя, вялікія! (сьмяецца) Але мы кідаем сваю радзіму. Таму я і не хачу кідаць сваю радзіму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG