Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронца Курапатаў: міліцыянта з Акрэсьціна звольнілі і пасадзілі за падтрымку пратэстоўцаў


Ізалятар на завулку Акрэсьціна ў Менску

Супрацоўнік міліцыі Міхаіл Грамыка з ізалятара на Акрэсьціна далучыўся да абароны Курапатаў 30 чэрвеня. Неўзабаве пасьля гэтага міліцыянта звольнілі і прысудзілі яму адміністрацыйны арышт, які ён адбывае там, дзе яшчэ нядаўна служыў.

Пра гэта паведаміў 12 ліпеня актывіст Леанід Кулакоў на круглым стале па абароне Курапатаў, піша «Новы час».

Дата звальненьня і суду над Міхаілам Грамыкам не называлася. Вядома, што яго мусяць вызваліць 15 ліпеня.

На пачатку ліпеня 6 удзельнікам акцыі ля рэстарацыі «Поедем поедим» прысудзілі адміністрацыйныя арышты. 4 ліпеня за абарону Курапатаў таксама аштрафавалі старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва і аднаго зь лідэраў руху салідарнасьці «Разам» Вячаслава Сіўчыка.

За кратамі застаюцца іншыя абаронцы Курапатаў: Максім Вінярскі і Аляксей Туровіч, асуджаныя 4 ліпеня на 10 сутак​.

Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Дагэтуль дакладна не вядома, хто ўладальнік рэстарацыі. Яе адрас супадае з адрасам ТАА «Амізбел», яго прадстаўнікі не ідуць на кантакт. Раней паведамлялася, што комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст».
  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG