Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад анамальнай сьпёкі ў Канадзе загінулі 33 чалавекі


Ілюстрацыйнае фота

У канадзкай правінцыі Квэбэк анамальная сьпёка названая прычынай сьмерці ўжо 33 чалавек, піша Reuters.

Да гарачыні ў чацьвер дадалася яшчэ адна праблема — смог. 18 ахвяраў сьпёкі зафіксаваныя ў Манрэалі, астатнія — на поўдні Квэбэку. Паводле мясцовых уладаў, шмат хто з загінулых меў хранічныя захворваньні або ўжываў алькаголь ці наркатычныя рэчывы. У Манрэалі і ваколіцах колькасьць выклікаў хуткай дапамогі на траціну вышэйшая за звычайны паказьнік для такога сэзону.

Папярэджаньні аб надзвычайнай гарачыні выдаваліся таксама ў Антарыё, Новай Шатляндыі і Нью-Брансуіку. Цягам апошняга тыдню ў Манрэалі тэмпэратура паветра дасягала ўдзень +33..+35°C (быў пабіты рэеорд 1963 году), сёньня панізілася да 24°C, але на наступным тыдні мае трымацца на ўзроўні +28..+30°С.

Спачуваньні ахвярам сьпёкі выказаў у тым ліку прэм’ер-міністар Канады.

Ад анамальнай гарачыні цярпяць таксама Аман, Вялікая Брытанія, ЗША, Ірляндыя, Грузія, поўдзень Расеі... Паводле мапы, што публікуе Washington Post, Беларусь застаецца адной зь нешматлікіх краінаў, у якой тэмпэратура не перавышае нормаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG