Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міліцыі ж няма — значыць, можна». Чаму адпачывальнікі лезуць у «хворую» ваду


Грабянёўскае возера. Купацца забаронена

У Магілёве забаронена купацца на Дняпры і на Грабянёўскім возеры. Якасьць тутэйшай вады не адпавядае санітарным нормам. Нягледзячы на забарону, нямала людзей акунаюцца, рызыкуючы нашкодзіць свайму здароўю. Разам з дарослымі купаюцца і дзеці.

Пляжы на Дняпры і Грабянёўскім возеры найвялікшыя ў горадзе. У сьпёку яны зьбіраюць сотні людзей. Чаму магілёўцы ігнаруюць забарону на купаньне?

«У параўнаньні зь іншымі жыцьцёвымі праблемамі забарона купацца не істотная».

«Гэта не праблема. Праблема цяпер, як пражыць. Іншыя праблемы мізэрныя».

Дзяцей не ўтрымаць ля вады. Для іх абвесткі пра забарону купацца — ня ўказ
Дзяцей не ўтрымаць ля вады. Для іх абвесткі пра забарону купацца — ня ўказ

«Усе купаюцца, і я за імі».

«Калі б небясьпека была істотная, то людзі б не падыходзілі да вады. А так, відаць, усё нармальна».

«Дзе яшчэ купацца, калі ўсюды забаронена?»

«На Дняпры таксама забаронена, але людзі купаюцца. Дык а чаму сюды ня лезьці? Я толькі крыху акунулася. Сьпёка такая».

Пляж бязьлюдны... Але ў выходныя, як кажуць заўсёднікі пляжнага адпачынку на Грабёўскім возеры, народу — не праціснуцца
Пляж бязьлюдны... Але ў выходныя, як кажуць заўсёднікі пляжнага адпачынку на Грабёўскім возеры, народу — не праціснуцца

«Сюды бліжэй ісьці».

«Я недалёка жыву. Прыйшоў паплаваў, пазагараў. Толькі, раю, вады не глытаць — і ўсё будзе добра. Пасьля пляжа пад душ...»

«Ніхто ад гэтай вады не памёр».

«Калі б шкодна было, дык тут бы міліцыянтаў паставілі, ці якіх спэцыялістаў. А калі выратавальнікі ля вады, значыць, купацца дазволена. Не зьвяртайце ўвагі на тыя абвесткі...»

У Магілёве на Дняпры ўводзяць забарону на купаньне штогод, калі сьпёка трывае доўга.

Малыя каля небясьпечнай вады — і ў ёй таксама
Малыя каля небясьпечнай вады — і ў ёй таксама

Для Грабянёўскага возера забарона купацца апошнія чатыры гады — звыклая рэч. Сёлета ў чэрвені абвясьцілі, што возера «выздаравела».

Санэпідэмстанцыя папярэдзіла: калі вада прагрэецца, то ня выключана, што «давядзецца рабіць захады па закрыцьці возера для купаньня». У ліпені так і сталася.

У магілёўскай санэпідэмстанцыі патлумачылі, што ў грабянёўскай вадзе выявілі бактэрыі, якія выклікаюць кішэчную інфэкцыю.

«Вы ж ведаеце, што такое сальманэла? Дык калі чалавек наглытаецца такой вады і яна пападзе ўнутр, то эфэкт будзе такі самы, як ад сальманэлы. Сымптомы як у атручэньня. Кожны арганізм адрэагуе індывідуальна», — кажа супрацоўнік магілёўскай санэпідэмстанцыі.

Пляж на Дняпры. Абвестка на месцы, людзі ў рацэ
Пляж на Дняпры. Абвестка на месцы, людзі ў рацэ

«Вы ж разумееце, што мы людзей інфармуем пра тое, што купацца нельга, бо вада не адпавядае якасьці, — дадаў суразмоўца. — А далей чалавек сам прымае рашэньне, ці рызыкаваць яму. Кожны зыходзіць са свайго разуменьня небясьпекі. На Дняпры і Грабянёўскім возеры купацца забаронена як дзецям, так і дарослым».

Паводле суразмоўцы, вада «хварэе», бо цьвітуць і гніюць водарасьці.

«Для бактэрыяў — гэта іхнае асяродзьдзе. Гэта прыродны фактар», — кажа ён.

У 2014 годзе заяўлялася: каб Грабянёўскае (Сьвятое) возера ўратаваць, трэба пачысьціць ягонае дно ад арганікі. Гэтыя працы заплянавалі, але ня выканалі.

У прыватных гутарках некаторыя спэцыялісты кажуць, што на дне возера за шмат гадоў пласт арганічных адкладаў вырас да двух мэтраў, і яны гніюць.

У 2015 годзе неабыякавыя да лёсу Сьвятога возера магілёўцы сабралі больш за 6 тысяч подпісаў пад патрабаваньнем ачысьціць яго ад бруду. Чыноўнікі не далі пэўнага адказу.

Вядома, што ў 2010 годзе быў распрацаваны праект ачысткі донных адкладаў. На той час такая ачыстка каштавала б 30 мільярдаў рублёў, або каля 10 мільёнаў даляраў.

Як не акунуцца ў сьпёку. Сальманэла не перашкода
Як не акунуцца ў сьпёку. Сальманэла не перашкода

Сьвятое возера — помнік прыроды. Яно самае глыбокае на Магілёўшчыне, углыб сягае 19 мэтраў. Упершыню ў гістарычных хроніках згадваецца ў 1643 годзе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG