Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад выбуху на нелегальнай вытворчасьці фэервэркаў у Мэксыцы загінулі 24 чалавекі


Ратавальнікі на месцы выбуху ў горадзе Тультэпэк, 2016 год, ілюстрацыйнае фота
Ратавальнікі на месцы выбуху ў горадзе Тультэпэк, 2016 год, ілюстрацыйнае фота

Сэрыя выбухаў здарылася на складах фэервэркаў у мястэчку Тультэпэк, што недалёка ад Мэхіка. У выніку здарэньня загінулі сама меней 24 чалавекі, піша AFP.

У ліку загінулых было некалькі ратаўнікоў, якія спрабавалі дапамагчы пацярпелым — прынамсі чатыры пажарныя і два паліцыянты. Параненыя яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек.

Паводле мэксыканскага Агенцтва грамадзянскай абароны, выбухі пачаліся ў неліцэнзаванай майстэрні па вытворчасьці фэервэркаў. Матэрыялы, якія былі ў майстэрні, загарэліся і разьляцеліся вакол, сталі прычынай яшчэ чатырох выбухаў.

​Тультэпэк — месца масавай нелегальнай вытворчасьці фэервэркаў і частых трагічных здарэньняў, зьвязаных зь іхнай вытворчасьцю. Месяц таму ў падобным інцыдэнце там загінулі сем чалавек. У сьнежні 2016 году ад выбухаў загінулі 42 чалавекі. Да таго ў васьмі вялікіх здарэньнях у Тультэпэку загінула агулам ня менш за 20 чалавек.

Нягледзячы на пастаянныя здарэньні, нелегальная вытворчасьць фэервэркаў не спыняецца.

«Гэта наша праца, гэта тое, як мы зарабляем на ежу, — сказаў AFP 63-гадовы мужчына, былы вытворца фэервэркаў, на месцы выбуху. — Палова гораду гэтым зарабляе на жыцьцё. Калі вы адзін з тых, каму не пашанцавала — ну вось, так яно і ёсьць. Мы проста павінны ісьці далей. Жыцьцё працягваецца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG