Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Зімбабвэ на мітынгу прагрымеў выбух. Побач быў прэзыдэнт краіны


Эмэрсын Мнангагва.
Эмэрсын Мнангагва.

На перадвыбарным мітынгу ў горадзе Булаваё прагрымеў выбух, некалькі чалавек пацярпелі. Афіцыйных дадзеных пра колькасьць параненых няма. На мітынгу з прамовай выступаў дзейны прэзыдэнт Зімбабвэ Эмэрсын Мнангагва.

У выніку выбуху пацярпела жонка віцэ-прэзыдэнта краіны Мэрэй Чывенга.

На фота, апублікаваных у мясцовых СМІ, відаць, што раненьні атрымалі яшчэ некалькі чалавек.

Як паведамілі сьведкі, выбух прагрымеў побач з VIP-тэнтам, пацярпелі некалькі чыноўнікаў і функцыянэраў кіруючай партыі, а таксама ахова. Прэзыдэнт краіны пад узмоцненай аховай неадкладна пакінуў мітынг і схаваўся ў дзяржаўнай рэзыдэнцыі.

Выбары ў Зімбабвэ павінны адбыцца 30 ліпеня. На пасаду прэзыдэнта прэтэндуюць тры кандыдаты: Эмэрсан Мнангагва, які выконвае абавязкі кіраўніка краіны пасьля адстаўкі яго папярэдніка Робэрта Мугабэ, кіраўнік апазыцыйнай партыі Нэльсан Чаміза і кіраўнік Кааліцыі дэмакратаў Элтан Мангомы. Сацыёлягі прагназуюць, што ніводзін з палітыкаў ня зможа перамагчы ў першым туры.

У лістападзе 2017 году ў Зімбабвэ адбыўся ваенны пераварот. Сілавікі захапілі палац прэзыдэнта краіны 93-гадовага Робэрта Мугабэ і яго жонку Грэйс. Мугабэ адрокся ад улады. Новым кіраўніком дзяржавы стаў Эмэрсан Мнангагва, якога Мугабэ звольніў незадоўга да перавароту за праяву «прыкмет неляяльнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG