Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайскоўцы захапілі ўладу ў Зімбабвэ, дзе 37 год кіруе Робэрт Мугабэ


Робэрт Мугабэ, архіўнае фота
Робэрт Мугабэ, архіўнае фота

Зімбабвійскія вайскоўцы заявілі пра ўзяцьце пад кантроль сталіцы краіны Харарэ, у тым ліку нацыянальнай вяшчальнай кампаніі, перадае The Guardian. У сталіцы было чуваць страляніну і выбухі.

Абноўлена: Вайскоўцы ўзялі пад варту прэзыдэнта Робэрта Мугабэ

У звароце да нацыі прадстаўнік васкоўцаў генэрал-маёр Элсан Моя заявіў, што гэта ня спроба зрынуць 93-гадовага Робэрта Мугабэ, які кіруе Зімбабвэ ад 1980 году. Мугабэ і ягоная сям’я ў бясьпецы, кажа Моя. Вайскоўцы абяцаюць «адпаведны адказ» на «любыя правакацыі».

Раней кіроўная ў Зімбабвэ партыя «Зімбабвійскі афрыканскі нацыянальны саюз — Патрыятычны фронт» абвінаваціла ў здрадзе галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі краіны Канстанціна Чывенгі. На мінулым тыдні Мугабэ адправіў у адстаўку віцэ-прэзыдэнта Эмэрсана Мнангагву, абвінаваціўшы яго ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту (вайскоўцы разглядалі гэта як магчымы крок на шляху да перадачы ўлады жонцы Мугабэ Грэйс). Мнангагва меў падтрымку арміі і разглядаўся як патэнцыйны пераемнік Мугабэ. Пасьля гэтага Чывенга паабяцаў умяшацца, каб спыніць палітычнае напружаньне ў Зімбабвэ.

Вайскоўцы, як заявіў Моя, хочуць толькі разабрацца са «злачынцамі» ў атачэньні Мугабэ (вядома, што вайскоўцы зьняволілі прынамсі міністра фінансаў), пасьля чаго вернуць краіну да «сапраўднай дэмакратыі». Група вайсковых вэтэранаў, што выступіла з падтрымкай дзеяньняў вайскоўцаў, назвала сытуацыю «бяскроўным карэктаваньнем злоўжываньня ўлады». ЗША і Вялікая Брытанія пакуль раяць сваім грамадзянам у Харарэ заставацца дома праз «палітычную няпэўнасьць».

Моя, які зачытваў зварот да нацыі, быў адной з ключавых фігураў няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту ў Зімбабвэ ў 2007 годзе, быў арыштаваны, затым вызвалены пад 24-гадзіннае назіраньне, але пасьля працягнуў службу ў войску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG