Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яндэкс» часова раскрыў прыватныя дакумэнты карыстальнікаў Google


Ілюстрацыйнае фота

Праз расейскі пошукавік пэўны час любы мог атрымаць доступ да дакумэнтаў, якімі карыстальнікі Google хацелі падзяліцца з абмежаваным колам асобаў. Можна было пабачыць у тым ліку чужыя базы пароляў.

Як піша TJournal, «Яндэкс» стаў знаходзіць у агульным пошуку прыватныя дакумэнты ўвечары 4 ліпеня, уначы 5 ліпеня закрыў «дзірку».

Атрымаць доступ можна было праз запыт «[ключавое слова] site:docs.google.com». Напрыклад, так можна было знайсьці дакумэнты на Google Drive са словамі «пароли» або «откаты» (хабар), калі ўладальнікі дакумэнтаў уключылі доступ «усім са спасылкай».

Праз такі шлях — «доступ усім са спасылкай» — нярэдка дзеляцца непублічнымі дакумэнтамі з групай асобаў, хоць можна дзяліцца дакумэнтамі і з толькі канкрэтнай групай адрасоў.

Некаторыя карыстальнікі дазвалялі «ўсім са спасылкай» ня толькі чытаць, але і рэдагаваць дакумэнты, гэтым скарысталіся жартаўнікі, якія правілі чужыя файлы.

Але доступ «усім са спасылкай» ня значыць аўтаматычна, што файлы становяцца цалкам публічнымі — раней яны не шукаліся пошукавымі машынамі, доступ да іх можна было атрымаць толькі тады, калі нехта дзеліцца спасылкай на файл. Толькі калі такая спасылка была апублікаваная ў адкрытым доступе (напрыклад, на форуме або ў публічным пасьце ў сацсетках), яна зьяўляецца ў выніках пошуку Google. Ды ў пошуку «Яндэкса» зьяўляліся такія файлы, якімі наўрад ці сталі бы дзяліцца з шырокім колам асобаў.

Сам «Яндэкс» растлумачыў, што ў пошуку «індэксуе толькі адкрытую частку інтэрнэту». Пасьля зваротаў карыстальнікаў пра доступ да файлаў на Google Drive «Яндэкс», як сьцьвярджае прадстаўнік кампаніі, «зьвязваўся з калегамі з Google, каб зьвярнуць увагу, што ў файлах можа аказацца прыватная інфармацыя».

На Google Drive можна захоўваць файлы любога фармату — у тым ліку захоўваць і рэдагаваць тэкставыя файлы (.doc і падобныя) і табліцы (.xls і падобныя), захоўваць і праглядаць фота і відэа.

У Беларусі пошук Google ужывае прыблізна дзьве траціны карыстальнікаў, а пошук «Яндэкса» — каля траціны. У Расеі Google і «Яндэкс» маюць амаль аднолькавую колькасьць карыстальнікаў.

«Яндэкс» мае свой аналяг Google Drive — «Яндекс.Диск». Пра доступ да прыватных файлаў на «Яндекс.Диск» або іншых сховішчах не паведамлялася. Ва Ўкраіне доступ да сэрвісаў «Яндэкса» заблякаваны ўжо больш за год.

7 правілаў інтэрнэту, якія мы ігнаруем

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG