Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апэратары сувязі ў Расеі пачалі захоўваць перапіску і размовы карыстальнікаў для спэцслужбаў


Архіўнае фота. Удзельнікі мітынгу за свабоду інтэрнэту і супраць «пакету Яравой» у Навасібірску. 26 ліпеня 2016 году
Архіўнае фота. Удзельнікі мітынгу за свабоду інтэрнэту і супраць «пакету Яравой» у Навасібірску. 26 ліпеня 2016 году

1 ліпеня 2018 году ў Расеі набылі моц антытэрарыстычныя папраўкі, вядомыя як «пакет Яравой», яны датычацца апэратараў сувязі і інтэрнэт-сэрвісаў, паведамляе агенцтва «РИА Новости».

Паводле закону, цяпер расейскія апэратары сувязі і інтэрнэт-кампаніі на працягу пэўнага часу павінны будуць захоўваць усе паведамленьні расейскіх карыстальнікаў і перадаваць іх па запыце спэцслужбам.

Якія зьвесткі будуць захоўвацца

Гаворка ідзе пра ўсе званкі па звычайным або мабільным тэлефоне, пра ўсю перапіску ў мэсэнджэрах, чатах або на форумах, пра ўсе перададзеныя файлы (галасавая інфармацыя, выявы, гукі, відэа, іншыя электронныя паведамленьні). Інтэрнэт-правайдэры будуць захоўваць увесь інтэрнэт-трафік карыстальнікаў.

Колькі будзе захоўвацца інфармацыя

Інтэрнэт-кампаніі, а таксама апэратары сувязі, якія абслугоўваюць стацыянарныя, мабільныя і спадарожнікавыя тэлефоны, пэйджары і таксафоны павінны будуць захоўваць паведамленьні карыстальнікаў 6 месяцаў. Інтэрнэт-правайдэры зь 1 кастрычніка 2018 году — ад 1 да 6 месяцаў.

Гэтыя патрабаваньні датычацца ўсіх апэратараў сувязі і інтэрнэт-кампаній?

Фармальна гаворка ідзе пра расейскіх апэратараў сувязі, а таксама інтэрнэт-кампаніі, якія зьяўляюцца арганізатарамі распаўсюду інфармацыі. У рэестар арганізатараў распаўсюджваньня інфармацыі пакуль ўвайшлі крыху больш за сто інтэрнэт-кампаній: найбуйнейшыя расейскія ( «Яндэкс», Mail. ru, Рамблер), некаторыя замежныя (WeChat, Opera) і мноства невялікіх сайтаў, дзе карыстальнікі могуць пакідаць камэнтары.

Пры гэтым у рэестры няма многіх буйных замежных сацыяльных сетак (Facebook, Twitter, Instagram) і мэсэнджараз (WhatsApp, Viber). Невядома, ці зьбіраюцца яны выконваць «закон Яравой» ці не. Адзіная замежная кампанія, якая заявіла, што ня будзе супрацоўнічаць са спэцслужбамі, — Telegram, хоць фармальна яе і ўключылі у расейскі рэестар.

Хто атрымае доступ да перапіскі і перамоваў?

Расейскія спэцслужбы (кампаніі павінны захоўваць дадзеныя карыстальнікаў на тэрыторыі Расеі). Для гэтага ім спатрэбіцца судовае рашэньне. Доступ будзе ў тых спэцслужбаў, якія займаюцца апэратыўна-вышуковай дзейнасьцю.

Што за «Пакет Яравой»

8 ліпеня 2016 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў законы з так званага «пакету Яравой», раней прынятыя Дзярждумай і зацьверджаныя Саветам фэдэрацыі.

Прынятыя папраўкі робяць значна больш жорсткімі цэлы шэраг законаў і абмяжоўваюць правы, гарантаваныя расейскім грамадзянам Канстытуцыяй.

Павышаюцца тэрміны і штрафы па некалькіх артыкулах, павялічваецца адказнасьць за заклікі да тэрарыстычнай дзейнасьці і апраўданьне тэрарызму ў інтэрнэце. Укараняецца шэраг забаронаў на місіянэрскую дзейнасьць. Па справах аб тэрарызьме зьніжаны ўзрост прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці да 14 гадоў. У крымінальны кодэкс уводзіцца артыкул аб неданясеньні.

«Пакет Яравой» таксама абавязвае апэратараў сувязі захоўваць тэлефанаваньні і перапіску кліентаў на працягу паўгода і падаваць іх праваахоўным органам — фактычна легалізуецца татальнае праслухоўваньне.

Апэратары сувязі, расейскія няўрадавыя арганізацыі і актывісты папярэджвалі, што нормы «пакету Яравой» у галіне праслухоўваньня і захоўваньня зьвестак патрабуюць нерэальных грашовых выдаткаў у мільярды даляраў на год.

Праваабаронцы заявілі пра пагрозу свабодзе інтэрнэту ад Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG