Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты канфіскавалі крыжы ў абаронцаў Курапатаў, адпусьцілі кіроўцу і грузавік


Ілюстрацыйнае фота

Затрыманы каля 9:45 Валер Мінец, які вёз новыя крыжы ў мэмарыяльны комплекс Курапаты, вызвалены каля 12:45 зь Ленінскага РУУС Менску без складаньня пратаколу. Астатнія затрыманыя разам зь ім — Зьміцер Дашкевіч і Ягор Лаўрухін — на момант публікацыі застаюцца ў РУУС.

Валер Мінец, архіўнае фота
Валер Мінец, архіўнае фота

Як расказаў Свабодзе Валер Мінец, яму не выстаўлялі ніякіх абвінавачаньняў, вярнулі грузавік, склаўшы толькі пратакол агляду аўта, але не аддалі крыжоў. На іх міліцыянты «пыталі нейкія дакумэнты, нібыта гэта прадмет гандлю, а не мэмарыяльныя крыжы», кажа ён.

«Зразумела, што, апроч крыжоў, іх нічога не цікавіла, — разважае Мінец. — Зразумела, што яны выконвалі загад, ня больш і ня менш».

Актывістка Наста Дашкевіч спадзяецца вырашыць сытуацыю з канфіскацыяй крыжоў — скласьці на іх, калі неабходна, таварна-транспартныя накладныя, каб «узаконіць».

Што адбываецца ў Курапатах пасьля затрыманьня Дашкевіча і грузавіка з крыжамі. ФОТА І ВІДЭА

Устаноўка шасьцімэтровых крыжоў была заплянаваная на 10 гадзінаў раніцы 29 чэрвеня, апоўдні працягнулася штодзённая варта. У Курапаты запрашалі дэлегатаў, якія прыедуць на адкрыцьцё мэмарыялуахвяраў нацыстаў у Трасьцянцы, у тым ліку прэзыдэнтаў Аўстрыі і Нямеччыны. Мэмарыял (але ня акцыю пратэсту пад рэстарацыяй) удзень наведала польская дэлегацыя.​

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Дагэтуль дакладна не вядома, хто ўладальнік рэстарацыі. Яе адрас супадае з адрасам ТАА «Амізбел», яго прадстаўнікі не ідуць на кантакт. Раней паведамлялася, што комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст».
  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG